Да 9 жніўня 2025 года Reform.news вырашыў паўтарыць праект, які рабіў праз год пасля падзей 2020 года. Як змянілася беларускае грамадства за апошнія пяць гадоў?
«На год старэйшыя» — у 2021-м Reform.news зладзіў праект-апытанку, у якой прапанаваў дзеячам культуры і навукі асэнсаваць пераломны палітычны год. Звяртаючыся ў назве да дакументальнай карціны «Cтарше на десять минут» Герца Франка, у якой дзіця за 10 хвілін спектакля перажывае вялікае эмацыйнае ўзрушэнне, у праекце нам хацелася асэнсаваць той эмацыйный і ідэйны стан, у якім апынуліся беларусы пасля турбулентнасці 2020-га. На наш погляд, гэта якраз той выпадак, калі за адносна кароткі час былі пражытыя некалькі гадоў, калі не дзесяцігоддзяў. З беларускім грамадствам адбыліся змены.
Сёння мы сталі старэйшымі яшчэ на пяць гадоў. Эйфарыя, расчараванне, страты, змаганне, трываласць, адчай, стомленасць, салідарнасць, сталенне, надзея, упартасць, клопат, стагнацыя — за гэты час з беларусамі адбылося шмат чаго, і нам падаецца важным заўважыць змены ў нашай асабістай і калектыўнай свядомасці і ў гэтай кропцы часу.
Мы прапанавалі героям першай версіі праекта і новым рэспандэнтам адказаць на пяць пытанняў пра сябе і час.
1. Якімі сталіся для вас апошнія пяць гадоў? (Можаце коратка распавесці, што адбылося з вамі за гэты тэрмін?)
2. Як вы сёння асэнсоўваеце, успрымаеце падзеі 2020-га? З актуальнай перспектывы 2020-ты для вас — гэта параза ці перамога?
3. Куды, на ваш погляд, беларускае грамадства прыйшло за гэтыя пяць гадоў? Што змянілася?
4. Што страціла ці набыла беларуская культура (літаратура, тэатр, кіно, мастацтва) за гэты час? Што, на ваш погляд, больш паўплывала на яе — падзеі 2020 года ці пачатак поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022-м?
5. Якой вы сёння ўяўляеце будучыню Беларусі? Што вас трымае на плаву?
У першай частцы апытанкі «На пяць год старэйшыя» сваімі меркаваннямі з Reform.news падзяліліся: гісторык Аляксей Братачкін, паэтка і пісьменніца Ганна Комар, музыка Дзяніс Тарасенка і акторка, арт-менеджарка Крысціна Дробыш. Заўважым, што ў візітоўцы герояў мы вырашылі пазначаць і гарады, дзе яны зараз жывуць.
«Краіна знаходзіцца ў аўтарытарным тупіку»
Аляксей Братачкін, гісторык, Хаген.
З 2020 года Аляксей выкладаў у двух нямецкіх універсітэтах, сёння з’яўляецца супрацоўнікам кафедры публічнай гісторыі Фернуніверсітэта ў Хагене (Германія). Таксама ён гісторык Беларускага інстытута публічнай гісторыі — незалежнага аб’яднання беларускіх гісторыкаў і даследчыкаў у выгнанні, створанага ў 2024 годзе.

1. Са многімі, хто з’ехаў з краіны, адбылася такая крыху шызафрэнічная раздвоенасць: людзі жылі ў Польшчы, Літве, Грузіі, Германіі і адначасова працягвалі жыць сімвалічна, але не фізічна, у Беларусі. За гэтыя гады паступова гэтая дуальнасць калі не змянілася кардынальна, то трансфармавалася. «Беларусь» ператварылася ў пэўны набор стратэгій і тактык па захаванні і артыкуляванні сваёй ідэнтычнасці ў новым асяроддзі. Для кагосьці гэтая ідэнтычнасць усё яшчэ з’яўляецца вызначальнай, а хтосьці будуе новую іерархію ўяўленняў пра самога сябе.
У прафесійным сэнсе гэтыя перамены азначалі для мяне асабіста тое, што я стаў глядзець на сітуацыю ў Беларусі крыху звонку, мая оптыка ўключае больш спосабаў параўнання і гэтак далей. Што да ўнутранага стану, то ў мяне ўсё адбываецца павольна, мне спатрэбілася, напэўна, гады тры, каб больш «спакойна» глядзець на ўласную сітуацыю, але не забыцца пра тое, што адбылося з усімі намі.
2. Тое, што адбылося, гэта дакладна не бінарная канструкцыя «параза»/«перамога». Самы галоўны мой аргумент: у постпратэснай Беларусі не вырашаюцца тыя праблемы, якія былі падставай і прычынай для пратэстаў. Ніякага новага праекта будучага аўтарытарны рэжым не прапаноўвае. Ніколі ў сучаснай гісторыі Беларусі эміграцыя не была такой масавай (хіба што ёсць слабыя аналогіі з эміграцыяй яўрэяў на фоне распаду СССР у канцы 1980-х — пачатку 1990-х, калі многія прафесійныя групы, такія як урачы, настаўнікі і гэтак далей, значна парадзелі). Краіна знаходзіцца ў аўтарытарным тупіку. Калі, напрыклад, пасля паразы антыкамуністычнага паўстання ў Венгрыі ў 1956 годзе Янаш Кадар мабілізаваў рэсурсы і настаў час «гуляш-камунізму» (адносна сытага спажывання на фоне палітычнай нематы), то ў нас эканамічная кан’юнктура гэтаму відавочна цяпер не спрыяе.
Мне здаецца, што і ў грамадстве няма кансэнсусу з нагоды падзей 2020 года. Такога кансэнсусу, які дазволіў бы ўсё шчасна забыцца. Улада адразу зрабіла ўсё, каб знішчыць любую публічную памяць аб пратэстах, і таксама змусіла людзей адцэнзураваць персанальную памяць (напрыклад, знішчыць пратэсныя фота ў сваіх смартфонах). Але канструкцыя гістарычнай памяці такая, што нейкая падзея, гвалтоўна выцесненая з сацыяльнай памяці, раптам можа ў будучыні ператварыцца ў найважнейшую кропку адліку для ўсяго грамадства.
Цікава і тое, што рэжым спрабуе сцерці памяць пра пратэсты, але адначасова менавіта яна з’яўляецца кропкай адліку для ўсіх іх дзеянняў.

3. Стала больш маўчання ў беларускім грамадстве. І тут ёсць і адваротны бок для ўлады: яна таксама не разумее, што глабальна адбываецца. Фармальна краіна жыве, сацыяльная дынаміка шмат у чым схаваная або негатыўная (рэпрэсіі нармалізаваныя ва ўспрыманні грамадства, з гэтым усе жывуць ужо пяць гадоў). Штодзённасць ідэалагізаваная, многія шукаюць нішы, у якіх можна пераседзець час. Мы бачым парадаксальны працэс: з аднаго боку, закрыццё краіны (візавыя абмежаванні, санкцыі, палітычная ізаляцыя), з другога боку, тыя, хто з’ехаў, спрабуюць стварыць нешта новае, хай і на ўзроўні перфарматыўных выказванняў. І вопыт тых, хто з’ехаў, інтэнсіўна адкрываецца для новага. Таксама адбываецца працэс абмену паміж тымі, хто звонку, і тымі, хто ўнутры.
Можна сказаць для прыгажосці, што мы «вярнуліся» ў якія-небудзь савецкія 1970-я ці 1980-я, ці ж у пачатак 2000-х, калі ішоў інтэнсіўны працэс кансалідацыі аўтарытарнага рэжыму і гайкі былі закручаныя па максімуме. Але так не бывае, кожны момант унікальны. Можна сказаць, што з усіх варыянтаў будучыні краіна звярнула не туды, куды хацелі многія, хто выйшаў на пратэсты ў 2020 годзе.
4. Афіцыйная культура становіцца ўсё больш прапагандысцкай. У краіне многае замёрла і сышло ў падполле. За межамі Беларусі многія праекты не маюць фінансавання, але ўсё яшчэ ёсць імпульс стварэння альтэрнатывы і культуры, свабоднай ад аўтарытарызму. Вайна ва Украіне і расійская агрэсія проста працягнулі тыя працэсы, якія і так былі, напрыклад, у полі незалежнай культуры — жаданне рабіць «сваё», артыкуляваць свой досвед, адчайна прасоўваць сваё бачанне. Можна гэта назваць дэкаланізацыяй, якая адбываецца ў надзвычайных умовах, улічваючы ўзмацнелую экспансію Расіі ў Беларусі. Хоць, мне здаецца, тэрмін «дэкаланізацыя» занадта абмяжоўвае апісанне таго, што адбываецца. З іншага боку, можна сказаць, што вайна значна скараціла прастору для дыялогу і спакойнага абмеркавання праблем.
5. Будучыня ўбудаваная ў цяперашняе, у нас не будзе непрадказальна новай будучыні. Напэўна, гэта трэба разумець з усёй выразнасцю. Што дапамагае выжываць? Дзіўна, але якраз тое, ад чаго жадаеш пазбыцца: не хочаш больш нічога ведаць і бачыць, а ўсё роўна паглыбляешся і думаеш.
«Перакрочваем катэгорыю «выжывання» і намагаемся жыць»
Ганна Комар, паэтка, перакладчыца, пісьменніца, Лондан.
У 2021 годзе Ганна паехала на вучобу ў Лондан і зараз працягвае сваю адукацыю ў аспірантуры Універсітэта Брайтана. За пяць гадоў у аўтаркі выйшлі тры паэтычныя зборнікі «Мы вернемся», «Вызвалі або бяжы» і «Трыпутнік», дакументальная проза «Калі я выйду на волю». Сябра Беларускага ПЭНа. Ганаровая сябра Англійскага ПЭНа.

1. З верасня 2021 года я жыву ў Лондане. Адвучылася ў магістратуры і цяпер пішу доктарскую дысертацыю — мне засталося каля года. Часам жыццё дзіўнымі сцежкамі вядзе нас туды, дзе нам трэба быць, да таго, што мы маем зрабіць, ці стварыць. Я б не наважылася на доктарскую, калі б магла вярнуцца дадому, у Беларусь. Але цяпер я маю магчымасці, каб распавесці важныя гісторыі: пра хатні і дзяржаўны гвалт у Беларусі, пра тое, як гвалт уплывае на стасункі паміж маці і яе дзецьмі, як паэзія можа быць прасторай, вольнай ад абвінавачанняў, крыўдаў, нянавісці — і месцам, дзе нараджаецца спагада, разуменне, любоў.
2. Я заўважыла, што мне псіхалагічна няпроста асэнсоўваць гэтыя пяць гадоў. Пяць гадоў для мяне асабіста — гэта шмат, а дні пралятаюць дужа хутка, я ўвесь час рухаюся, занятая справамі, стаўлю сабе новыя і новыя задачы, так што нават не паспяваю заўважаць і рэфлексаваць. Можа быць, гэта мая натура, можа быць, так псіхіка абараняецца, не даючы мне магчымасці падумаць пра ўсё як след.
Бінарная апазіцыя «параза — перамога», можа быць, не надта карысная ў дадзеным кантэксце. Для сваёй дысертацыі я напісала раздзел пра тое, як супрацьпастаўленне тэрмінаў «ахвяра — выжылая» ў кантэксце хатняга гвалту звужае чалавека да пэўнага досведу, не ўлічваючы ўсю разнастайнасць якасцяў чалаека, які/якая гэты досвед перажылі. Гэта можа пазбаўляць асобу агентнасці, бо мы спрабуем уціснуць яе ў пэўнае азначэнне, якое можа быць карыснае для пэўнага грамадска-сацыяльнага руху, але не для гэтай асобы. Насамрэч мала хто застаецца альбо ў ролі ахвяры, альбо ў ролі выжылай увесь час — у розных сітуацыях мы выкарыстоўваем механізмы розных роляў.
Як нашыя слабыя бакі ў пэўных абставінах граюць нам на карысць, і наадварот, так і з «перамогай — паразай». Я не магу прымусіць сябе абагульняць такі вялізарны досвед да вузкай бінарнай апазіцыі. Відавочна, мы не дасягнулі галоўных мэтаў — не зрынулі дыктатуру, не дамагліся вызвалення ўсіх палітзняволеных і не правялі новыя сумленныя выбары. У той жа час мы шмат чаго змаглі: аб’яднацца, безумоўна, хоць і на кароткі час; убачыць і пачуць адны адных; кіравацца найвышэйшымі гуманістычнымі каштоўнасцямі; праявіць вялізную салідарнасць; перамагчы вывучаную бездапаможнасць. Спіс можна працягваць. Мне здаецца, важна засяроджвацца на дэталях, бо гэта стварае больш прасторы для пачуцця еднасці і блізкасці, чым раз’яднанасці праз абстрактныя катэгорыі, якія мы ўсе па-рознаму разумеем.

3. Я бачу, што мы былі і застаемся людзьмі з рознымі патрэбамі, розным узроўнем самасвядомасці, розным жыццёвым досведам. І гэта натуральна. Мне складана азначыць для сябе, што такое беларускае грамадства цяпер — напэўна, таму, што ў маім разуменні яно завязана на геаграфіі, і я не магу гэтую геаграфію скласці ў цэльны пазл. Магчыма, таму што я сама жыву вельмі далёка — па-за Беларуссю і нават па-за канцэнтрацыяй беларускага жыцця ў Польшчы ці Літве. Я лаўлю ўрыўкі, збіраю аскепкі чалавечага досведу. Назіраю, як выбудоўваюцца пэўныя палітычныя інстытуты ў эміграцыі. Як падымаюцца праблемы і ўскрываюцца балячкі, якія ў іншых умовах, можа быць, так і працягваліся б замоўчвацца. Хтосьці застрае ў мінулым, хтосьці рухаецца ў будучыню, але, здаецца, як грамадства мы не далі сябе разбурыць, жывём тут і цяпер, ствараем з таго, што маем. І гэта здаровы падыход.
4. Беларускае мастацтва ў розных формах атрымала магчымасць выйсці за ўласны кантэкст, а значыць — узбагаціцца. Проста гэта не адбываецца за дзень, месяц ці год. Мне асабіста спатрэбілася каля чатырох гадоў, каб адчуць сябе часткай пэўных літаратурных, ці шырэй культурніцкіх працэсаў у Лондане. Хаця тут яны нашмат буйнейшыя і складанейшыя, чым у Беларусі. Гэтак жа і беларускім літаратуры, кіно, музыцы, тэатру патрэбны час, каб зарыентавацца. Але зноў жа гаварыць пра агульную беларускую культуру цяпер — ці выпадае? Унутры Беларусі адны працэсы, па-за межамі — іншыя. Відавочна, што забарона кніг, прызнанне людзей мастацтва і культуры, ініцыятываў і праектаў «экстрэмістамі», пераслед, недахоп фінансавання, патрэба выжываць — не спрыяльныя для развіцця. Аднак, з маіх назіранняў, беларуская культура перакрочвае катэгорыю «выжывання» і намагаецца жыць. Магчыма, тое самае я магу сказаць пра сябе.
5. Я свядома выбіраю не чакаць шмат ад будучыні. То-бок у мяне няма фантазій, што Лукашэнка знікне, Пуцін таксама, прыхапіўшы з сабой расейскі імперыялізм, мы ўсе вернемся ў Беларусь, пабудуем ідэальныя грамадска-палітычныя інстытуты, за тры дні адновім эканоміку, і насельніцтва раптам стане прасвятлёным, так што мы будзем жыць мірныя і шчаслівыя. Напэўна, я толькі што апісала сваю сапраўдную мару (усміхаецца). Хаця калі глядзела відэа таго, як сірыйцы вярталіся на Радзіму пасля падзення рэжыму Асада, не магла стрымаць слёз. Уявіла, што аднойчы гэта будзем мы… І гэта важна ўяўляць, бо калі не ўяўляць будучыню — яе не будзе.
Мяне трымае на плаву штодзённая праца, дзейнасць, рух. Няспынны рост. Уключанасць у працэсы таго месца, якое стала маім часовым домам. Падтрымка людзей — тых, хто далёка, і тых, хто бліжэй. Трымаюць аднадумцы, таму я сябе імі атачаю. І карцінкі таго, як я гуляю па вуліцах Менска, дыхаю і ўсміхаюся, як я аднойчы зноў буду там.
«Я жыву ў «сваёй» Беларусі»
Дзяніс Тарасенка, музыка, актор, Варшава.
З 2020 па 2025 год Дзяніс у вымушанай эміграцыі змяніў тры краіны. Але разам са сваімі аднадумцамі — музыкантамі гурта «Разбітае сэрца пацана» — выпусціў тры альбомы: «Ашчушчэнія», «Шанс-офф», «Бо кругом свінарнік, а ты прэўкрасней ўсех»». Штогод «РСП» ладзіць па два туры, за гэты час гастролі гурта адбыліся ў ва Украіне, Польшчы, Германіі, Галандыі, Чэхіі, Літве, Кіпры, Аўстрыі.

1. Апошнія пяць гадоў для мяне — час перасоўвання з Беларусі ва Украіну, пасля пачатку вайны — у Польшчу. Кожны раз пачынаеш усё з нуля: пошукі жытла, працы, неабходнага мінімуму для жыцця. Гэта валізка, машына, грошы на дарогу і поўная невядомасць наперадзе. І хоць у Польшчы я трошкі зачапіўся, і, спадзяюся, неабходнасці зноў зрывацца і некуды з’язджаць ужо не будзе, але адчуванне таго, што я ўсё яшчэ не прыехаў — нікуды не падзелася.
2. У 2020 годзе мы зрабілі ўсё, што было ў нашых сілах. Мы вельмі стараліся. Нават больш. Я шмат чуў пра тое, што мы недаціснулі, здаліся, спужаліся і разбегліся. Дарэчы, чуў такое ў большай ступені ад украінцаў. Але з рэальных магчымасцяў у нас тады была толькі наша адзінства і салідарнасць. Іншыя сцэнары былі проста немагчымыя. Так што гэта не параза і не перамога. Гэта шлях. Мы зрабілі крок. Куды гэты крок прывядзе? Калі не спыняцца — да наступнага кроку.
3. Жывучы не ў Беларусі, мне здаецца, што беларусы зараз падзеленыя на «тых, хто там», і «не там». Гэта адчуваецца ў размовах з тымі, хто там, і ў размовах з тымі, хто не там. Беларусы ў выгнанні жывуць сваім выгнаннем, беларусы ў Беларусі жывуць у рэальнасці, якая там, ім інакш нельга. Па сутнасці, гэта два беларускія народы, і разрыў пакуль што толькі расце.

4. Беларуская культура нікуды не падзелася, на шчасце — ствараюцца новыя спектаклі, літаратура, канцэрты, фэсты, выставы. І гэта не можа не радаваць. З другога боку, у лукашэнкаўскай Беларусі адбываецца татальны заняпад усіх галін культуры і мастацтва, усё ператворана ў прапаганду рэжыму, чаго толькі вартыя расейскія акторы на сцэне Купалаўскага тэатра. На вялікі жаль, там будзе толькі горш і горш. Цяжка вылучыць штосьці адно, што паўплывала на такі стан беларускай культуры. Гэта сукупнасць і 2020-га, і пачатку вайны, масавай эміграцыі дзеячаў культуры, рэпрэсій, агульнай палітыкі знішчэння ўсяго нацыянальнага.
5. Будучыня ў Беларусі, на вялікі жаль, незайздросная. Нічога добрага адбывацца там не можа, пакуль ва ўладзе лукашэнкаўскі рэжым, а над ім Масква. Я жыву ў «сваёй» Беларусі — выхаваннем, успамінамі, адчуваннем свабоды і бяспекі ад творчасці, сваёй працай. Эмацыйны шлейф ад падзей 2020-га за гэтыя часы стаў меншы, у абставінах выжывання ў эміграцыі гэта ўжо не на першым плане. Але, канешне, каб не 2020-ты, то жыццё магло скласціся неяк інакш.
«Тая сфера, да якой я маю дачыненне, змагаецца за жыццё штодзень»
Крысціна Дробыш, акторка, арт-менеджарка. Былая артыстка незалежнай групы «Купалаўцы» (калі ўвогуле бываюць былыя купалаўцы).
У 2021 годзе Крысціна сышла з тэатральнай групы «Купалаўцы», каб заняцца сваімі праектамі. У даробку творцы за гэты час — шмат праектаў-аўдыякніг, сярод якіх: «Ад 2 да 15: мая мама ў турме» Вольгі Вялічка, «1984» Джорджа Оруэла, усе кнігі Святланы Алексіевіч, «Свінні» Аляксандра Чарнухі. Напрыкацы 2024-га Крысціна выступіла менеджаркай і аўтаркай музычнага альбома «Пазначаныя жоўтым», прысвечанага беларускім палітвязням.

1. Апошнія пяць год былі для мяне суцэльным выпрабаваннем і, сапраўды, асобным жыццём. Я часам думаю, дзе я была пяць гадоў таму, ці магла падумаць, што буду там, дзе цяпер. Нават уявіць не магла. Некалькі пераездаў, страта проста ўсяго, што ў мяне было, вымушаныя вандраванні з чамаданамі і дзіцём (асобны від вычварэнства, канечне, дагэтуль ненавіджу пакаваць чамадан), змена працы, віду дзейнасці, антыдэпрэсанты, неабходная псіхалагічная падтрымка. Ні разу не было лёгка, але я адчула, наколькі падарослела за гэты час.
З нядаўніх падзей — апынулася тройчы «экстрэмісткай». Літаральна за апошні год на мне «аформіліся» два «экстрэмісцкіх фарміраванні» — Купалаўцы і краўдфандынгавы праект Gronka, а таксама нядаўна была прызнана «экстрэмісцкімі матэрыяламі» мая персанальная старонка ў Інстаграме. Калі «атрымала» за «Купалаўцаў», то рагаталі з акторамі, што сапраўды былых купалаўцаў не бывае.
2. Для мяне тут няма адназначнага адказу, ці параза гэта, ці перамога. Кожны бок нешта выйграў і нешта прайграў. У той час верылася, што можна так хутка усё перакуліць, потым здавалася, што ўсё прапала, што гэта параза. Але цяпер халоднай галавой я разумею, што мы стварылі яшчэ адну прыступку для далейшага гістарычнага кола беларускай рэвалюцыі. А яно ж паўтараецца. Параза для мяне – гэта тое, што ўжо нельга змяніць. Параза з нашага боку – гэта людзі, якія ўжо не выйдуць з турмаў, якія былі забітыя і фізічна, і маральна.
3. Для мяне цяпер грамадства ў крызісе. Тая сфера, да якой я маю дачыненне, змагаецца за жыццё штодзень. У той час, як падобныя сферы ў многіх іншых краінах квітнеюць, мы бясконца жывем у пазыках, пошуках грошай, прасці госпадзі, стабільнасці. Скептыкі 2020-га, якім былі гатовыя «надаваць па шчах» за іхныя «песімістычныя» прагнозы, цяпер пачутыя. Яны мелі рацыю. Але не ўсе гатовыя гэта прыняць. Самае прыкрае для мяне – гэта бясконцыя сваркі. Гэта не дыскусіі, не спробы знайсці паразуменне і агульнае выйсце, гэта проста «накідванне на вентылятар», хто больш. Часам так агідна, што хочацца спаліць пашпарт і забыць беларускую мову. Таксама назіраю за тым, як арганізацыі выбудоўваюць структуру ўнутры. Можна заўважыць, наколькі глыбока ў нас сядзіць той спосаб існавання, калі ёсць адзін галоўны і ўсе астатнія, калі адзін галоўны нібыта ведае, што рабіць, то мы памаўчым, а той галоўны не лічыць важным трымаць калектыў у курсе падзей. Такія, здавалася б, простыя рэчы, якія прыбяруць столькі непаразуменняў, а не, не выходзіць іначай.

4. Беларуская культура за гэты час страціла Свабоду. Не тое, каб яе было шмат да 2020-га, але нешта «наклёўвалася». Такая кантраляваная, дазволеная ступень свабоды. А культура і мастацтва не могуць існаваць без свабоды. Унутры Беларусі гэта ўвогуле цяпер немагчыма, а тут, за мяжой, нас усё адно стрымліваюць пагрозы сваякам, страх за тое, што засталося, расчараванні, побытавыя складанасці, тупа адсутнасць грошай.
Думаю, стартава, канечне, на беларускую культуру паўплываў 2020-ты, але пачатак поўнамаштабнай вайны Расіі ва Украіне проста забіў вялізны цвік у «труну» — у тыя рэшткі свабоды творчасці і выказвання, якія яшчэ заставаліся.
5. Наконт будучыні Беларусі мне найбольш баліць за адукацыю, шчыра кажучы. Бо дзеці — гэта людзі, якія вырастуць, гэта інвестыцыя ў падзеі будучыні. Мы прайграем гэтую бітву. Але скажу сцісла – я веру, што будучыня ёсць, проста не ўсе мы да яе дажывём.
***
У другім блоке праекта сваімі меркаваннем дзеляцца філософка Вольга Шпарага, кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін, паэтка і пісьменніца Юля Цімафеева і ананімны мастак з Беларусі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram