Магічны рэалізм віленскіх спальнікаў: чаму раман Катрыны Зіле «Любыя косці» адгукнецца беларускаму чытачу

Главное

На вокладцы гэтага рамана літары нібыта ўскараскаліся адна на адну. Ці як костачкі, нанізаныя на нітку, ціхенька шамацяць, сутыкаючыся ў паветры. А калі прыглядзецца, то на чырвоным фоне ў літарах выступае малюнак костак, ды глянцам на паверхні пераліваецца выява чэрапа. Кніга літоўскай пісьменніцы Катрыны Зіле «Любыя косці» – гэта той твор, які сапраўды вымагае нешараговага дызайну, бо ў ім магічны рэалізм, замешаны на балцкім фальклоры і гарадской міфалогіі, сустракаецца з чорным гумарам і нечаканым пісьмом. «Уууууу!», – хочацца адразу напужаць чытача, але страшныя «Любыя косці» – раман, у якім «косці» сапраўды любыя і дарагія.

Твор – адна з нядаўніх сучасных сенсацый літоўскай літаратуры – на беларускай мове выйшаў у выдавецтве «Пфляўмбаўм». Перакладчыцай выступіла Сюзанна Паўкштэла.

Магічны рэалізм віленскіх спальнікаў: чаму раман Катрыны Зіле «Любыя косці» адгукнецца беларускаму чытачу
Фота: Reform.news.

Не тыя «косці»

Адразу хачу адзначыць, што твор не варта блытаць з бестселерам амерыканскай пісьменніцы Эліс Сібалд (Alice Sebold) «Мілыя косці», паводле якога вядомы рэжысёр Пітэр Джэксан у 2009 годзе зняў аднайменную стужку. У арыгінале раман Катрыны Зіле мае назву «Mylimos kaulai» і перад намі гісторыя зусім іншага кшталту і культурнай прасторы.

Апісваючы кнігу літоўскай аўтаркі, адразу паўстаеш перад дылемай: пра што ці ўсё ж якім чынам? Ды хто? На што звяртаць увагу ў першую чаргу? Але пачнемся са стылю, што з’яўляецца тут наватарскім, мовы, у якую трэба ўвайсці, як у незнаёмы горад, і трошкі там абжыцца.

«Рэгіна хапае мяне за плечы, утаропіўшыся ў вочы, пытаецца, ці не бачыла я Лукаса, што ён сабе прыдумаў, учора вечарам не вярнуўся, рэчы зніклі, заплечнік, як вада змыла, можа, зноў дзе цягаўся, бліскае на мяне вачыма. Мяне разбірае злосць, хоць я бачу, што яна спалоханая, скідаю яе рукі. Не ведаю, кажу, нічога не ведаю, мы ўчора не бачыліся, ужо некалькі дзён не бачыла яго, затрымлівалася ў Пастушках».

Пісьменніца разгортвае перад чытачом раман як палатно; усе пераплецена, злучана – і прамая гаворка персанажаў, і эмоцыі, і дзеянні, і апісанне асяроддзя.

«У Шэшкаўскім паціпавярховіку многія гаспадары ўсё яшчэ трымаюць карову, у некалькіх кватэрах ёсць авечкі. Кожнаму пастушку дастаецца адна ці дзе жывёды. Смаркачы клічуць іх па імёнах, а ў кішэнях часта хаваюць рэшткі сняданку, які імкліва знікаюць у вільготных ратах іх сяброў.
Пакуль Старэйшы з памочнікам звоняць у кватэры і збіраюць наш статак, я з малымі чакаю ў двары. Паказваю на дом. Які нумар, пытаюся. Сто! Сто і колькі?»

Магічны рэалізм віленскіх спальнікаў: чаму раман Катрыны Зіле «Любыя косці» адгукнецца беларускаму чытачу
Кніга аформлена малюнкамі Бярнардаса Бурбы. Фота: Reform.news.

Ды што гэта за свет такі? І не горад нібыта, і не вёска?

Але вось такі сінкрэтычны: тут суседзі шматпавярховых дамоў трымаюць жывёл у кватэрах – коз, курэй і кароў; маленькія сіроты водзяць гадаванцаў пасвіцца на поле. На ўваходзе ў пад’езд стаіць печ, дзе пячэцца хлеб, а ў падвале дома ёсць лазня, дзе мыюцца (ды нараджаюцца і развітваюцца з жыццём) жыхары. У супольнасці дома, амаль абшчыны, ёсць Матухна – чыльная постаць, якая ведае ўсё пра ўсіх, дапамагае і лекуе. А таксама ў кватэры гэтых дамоў могуць завітаць духі.

У рамане пазначаецца месца – Пашылы, мікрараён у Вільні, дзе нарадзілася галоўная гераіня твора Oна, ад асобы якой і ідзе расповед. А таксама згадваюцца Шэшкі (Шэшкіне), Віршулы (Віршулішкес), Шніпішкі ды іншыя мікрараёны Вільні.

А час… З ім прыйдзецца пагадаць, бо ён у кнізе ўмоўны, але ахоплівае шэсцьдзесят гадоў жыцця Оны.

Уваходзячы ў гэту знітаваную рэальнасць, дзе разам суіснуюць людзі, жывёлы і духі, вёска і горад, традыцыя і забабоны, толькі дзіву даешся, як там усё ўладкавана. Праз мову трапляеш у свядомасць Оны, у свядомасць гэтага месца, дзе няма аніякіх іерархій, а ўсё жыве па сваіх правілах і парадках.

Магічны рэалізм віленскіх спальнікаў: чаму раман Катрыны Зіле «Любыя косці» адгукнецца беларускаму чытачу
Кніга аформлена малюнкамі Бярнардаса Бурбы. Фота: Reform.news.

Хто ж такая Катрына Зіле?

А цяпер хто.

У сваіх сацсетках Катрына Зіле, якая таксама працуе як ілюстратарка і дызайнерка, пазначае сябе так: «прадстаўніца па сувязях з грамадскасцю розных істот». Аўтарка стала вядомая ў Літве ў першую чаргу творамі для дзяцей і падлеткаў: «Волат-малыш» (Milžinas mažylis), «Падменены» (Sukeistas), «Вялікая кніга істот» (Didžioji būtybių knyga), у якіх тыя самыя істоты балцкага фальклору жывуць у школьных калідорах і іншых звыклых месцах. «Любыя косці» – гэта першы твор аўтаркі для дарослых. Выдадзены ў 2024 годзе, ён за гэты час ужо паспеў патрапіць у топы розных літаратурных інстытуцый і медыяў, а таксама ў шортлісты еўрапейскіх літаратурных прэмій.

Дайшоўшы, нарэшце, да беларускага чытача, раман заварожвае прасторай, якая аказваецца шмат у чым нам блізкай. І па магічным мысленні, якое захавалася ў беларускіх вёсках, і па гарадскім фальклоры, які прыйшоў на месца традыцыі. Катрына апісвае паганскія звычаі і рытуалы, і яны дзіўна рэзануюць з беларускімі; яна ажыўляе іх на свой лад – менавіта ў завядзёнцы.

«Потым пачынаецца мітусня, некалькі хлопцаў дурэюць, захутаўшыся ў вывернутыя футры, іншыя, наставіўшы пальцы, як рогі, пачынаюць бадацца, скокі белай казы, скокі белай казы, мэкаюць наўмысна дрыготкімі галасамі. Скокі жанчын робяцца падобнымі на танец, ім хутка адказваюць дудкі і чортава скрыпка, козы таксама падаюць галасы, а мужчыны ўчыняюць сапраўднае спаборніцтва. Пераскокваю з нагі на нагу, некалькі дзяўчат побач штурхаюць мяне сцёгнамі і далучаюць у кола, я паслухмяна прыстаўляю рожкі», – так аўтарка апісвае літоўскае свята Дзень белай казы».

Магічны рэалізм віленскіх спальнікаў: чаму раман Катрыны Зіле «Любыя косці» адгукнецца беларускаму чытачу
Фота: Reform.news.

А таксама пісьменніца знаходзіць месца ў сваёй Вільні і людскім забабонам, якіх з галавой хапае ў беларускай сучаснасці.

«Стары падымае галаву, вочы маленькія, глыбока ў чэрапе, бібліятэкі яшчэ не хапала, смяецца ён і махае на чучалы, што выстраіліся на паліцах, наша бібліятэка тут. Што гэта за бібліятэка, хутчэй склад трупаў, думаю я, чаму дзеці могуць навучыцца ў напханых зайцоў, кажу ціха, скручваць шыі дзеля ўласнага задавальнення, як вы гэта робіце? Ён глядзіць на мяне маленькімі вочкамі, смяецца, дзеля задавальнення, паўтарае злосна, тут жа пазнаванне свету, з натуры, дадае ён, большая школа, чым усе вашыя разам узятыя».

Па-сутнасці, дзеянне кнігі магло б адбываецца ў мінскіх «спальніках», але сваёй міфічнай і мясцовай гісторыяй.

Хто такая Она?

А цяпер пра што.

Менавіта вачыма Оны, галоўнай гераіні, мы бачым гэты прыгожы сінкрэтычны свет, у якім у лазні цябе могуць напаткаць лаўмы – жанчыны-духі, а яловыя галінкі ў пад’ездзе пяціпаверховіка вядуць да кватэры з памерлым.

Она – правадніца і захавацельніца гэтага «парадку», дзе спалучаецца мінулае і сучаснасць, свет тойбачны і будзённы. Цягам рамана яна сталее і праходзіць розныя трансфармацыі: ад дзяўчынкі да мажнай жанчыны. Менавіта свае святы і рытуалы ўпарадкоўваюць яе жыццё і яе асяродку – і праз тое, як святкуюць, што гатуюць, як хаваюць і як гуляюцца вяселлі, паўстае дух (культура) народа, які, перабраўшыся ў горад, усё ж захаваў сваё аблічча.

Адметнасцю кніжкі Катрыне Зіле з’яўляецца тое, што злучаючы магічнае і матэрыяльнае, аўтарка не забываецца на цялеснае. А таму твор, які мог бы ў пэўным сэнсе сысці ў комікс, мае «кроў», «плоць» ды тыя «любыя косці».

Магічны рэалізм віленскіх спальнікаў: чаму раман Катрыны Зіле «Любыя косці» адгукнецца беларускаму чытачу
Фота: Reform.news.

Цікавая дэталь. Цела Оны ў моманты хвалявання «прарастала» зелянінай. А ў кішэнях яе каханага мужа Мікаса заўжды былі пчолы.

«Мікас прасядае на кукішкі побач з ложкам, кажу, дык сядай, ён сядае побач, на адлегласці выцягнутай рукі, гаворыць пра медавуху, бочкі, пчол, а мне павольна робіцца горача, думаю толькі пра тое, як ён блізка, нібыта я без скуры, а не без адзення, ось-ось уся прарасту, цела свярбіць, казыча не толькі за вушамі, але ў грудзях, жываце, похвіне. […] Далібог, адчуваю, як парасткі прабіваюцца ўжо не за вушамі, а ўнізе жывата, іх занадта шмат, каб адрываць, напэўна, пад коўдрай я выглядаю як вазон з рассадай на падаконні».

У кнізе даволі апісанняў страў, і гэта не выпадкова – бо яны таксама частка культуры; ды ежа ў свеце Оны патрэбна не толькі жывым, але і мёртвым.

«Раніцай іду да бацькі, прыношу пірог, мёд і піва, яшчэ толькі світае, я п’ю, засеўшы па горла ў траве, хоць і рана, палову выліваю, але палову выжлуктваю, потым застаюся пабыць яшчэ, сяджу спакойна, хоць і хочацца скруціцца ў вузел, стагнаць і енчыць, сумаваць па мёртвых, сумаваць па жывых, нездзейненых, па тых і па тых, усё адно».

Магічны рэалізм віленскіх спальнікаў: чаму раман Катрыны Зіле «Любыя косці» адгукнецца беларускаму чытачу
Кніга аформлена малюнкамі Бярнардаса Бурбы. Фота: Reform.news.

Персанажы рамана маюць адметную знешнасць, рысы, нават калі выконваюць ролю другасных, і ўрэзаюцца ў памяць як кінематаграфічныя героі.

«У стужыю ўваходзіць мужчына, на дзве галавы вышэйшы за вядоўцу, з залы чуецца некалькі гучных ахаў. Яго валасы белыя, і бровы, і вейкі, іх нават не бачна, ружаватыя вочы звузіліся, светлая скура зліваецца з белай памятай кашуляй, ён падымае руку і махае, такі дзіўны, такі спакойны чалавек, яго постаць уражвае.

Па што ідзеце, косці?

Ды і найвялікшай смеласцю Катрыны Зіле можна назваць адлюстраванне тэмы смерці. Галоўная гераіня ўрэшце рэшт вырашыцца захаваць ва ўласнай кватэры косці мужчын, якіх яна моцна кахала. Разумеючы з часам персанажаў і магію прасторы, прадчуваеш гэты крок.

У творы з’явіцца і ведзьма – страшная, як у гарадскіх міфах, якая будзе красці дзяцей і ачмураць іх чароўным частаваннем. (І ці ж гэта адначасова не адсылка да гарадскога і сусветнага фальклору?). Да таго ж там будзе і святы Лукаш, які лечыць людзей уласнай мачой і робіць з вады віно.

Хтосьці па выніку назаве раман жахлівым, але пісьменніцы нельга адмовіць у адвазе: яна кажа пра смерць з чорным гумарам, але адначасова з павагай, уплятаючы яе ў тканіну жыцця. Яна іранізуе і з элементаў хрысціянскай традыцыі, але задаецца вельмі важнымі пытаннямі: як нам перажыць смерць блізкага? І як нам увогуле пра яе гаварыць?

«Любыя косці» Катрыны Зіле ў сваёй ідэі праз жыццё невялікай супольнасці перадаць карціну асобнага свету перагукаецца з «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец і «Правек і іншыя часы» Вольгі Такарчук. Ды ўсё ж застаецца кнігай-«рэччу ў сабе», для якой важна захаваць не пэўны гістарычны час, а сыход магічнага парадку. У адрозненне ад «балотнай казкі» спадарыні Евы, перад намі ўсё ж «гарадская казка», якая ўтрымлівае коды сучаснай культуры.

Магічны рэалізм віленскіх спальнікаў: чаму раман Катрыны Зіле «Любыя косці» адгукнецца беларускаму чытачу
Фота: Reform.news.

Але стыль і выдумка Катрыны Зіле пераконваюць у тым, што магічны рэалізм можа жыць і ў нашых шыротах. І гэта выглядае надзвычай прывабна.

Магічны рэалізм віленскіх спальнікаў: чаму раман Катрыны Зіле «Любыя косці» адгукнецца беларускаму чытачу
Фота: Reform.news.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.