У Нацыянальным Старым тэатры ў Кракаве пачаліся рэпетыцыі спектакля «E:/migranci», сцэнарыстам і рэжысёрам якога стаў Мікіта Ільінчык, — піша выданне «Teatr dla Wszystkich». Гэта своеасаблівы працяг драмы Славаміра Мрожэка, героямі якога будуць не людзі, якія пакідаюць Польшчу, а нашчадкі былых эмігрантаў, якія вяртаюцца ў краіну сваіх продкаў.
У драме Славаміра Мрожэка «Эмігранты», напісанай у пачатку 1970-х, два мужчыны жывуць у падвальным памяшканні ў нейкай краіне Захаду. Адзін з’ехаў па палітычных прычынах, другі – па эканамічных. Мікіта Ільінчык пераносіць гэтую сітуацыю ў будучыню і ставіць пытанне, што адбудзецца, калі Польшча перастане быць краінай, з якой вы зʼязджаеце, і стане месцам вяртання.
У новую Польшчу прыязджаюць унукі былых эмігрантаў: адзін з Чыкага, другі з Гродна. Абодва лічаць сябе палякамі, і абодва павінны даказаць, што яны маюць права заставацца ў краіне. Яны трапляюць у мабільную асіміляцыйную капсулу, якая адначасова выконвае функцыі мікра-жылля, мяжы, працоўнага месца, касцёла, цэнтра адаптацыі і студыі інтэрнэт-вяшчання.
Польшча, выяўленая ў драме Ільінчыка, ужо не бедная краіна Усходу, што з зайздрасцю глядзіць у бок Захаду. Яна стала цэнтрам свету і прыцягальным месцам для нашчадкаў людзей, якія калісьці зʼязджалі з яе па хлеб, беглі ад пераследаў або былі вымушаныя пакінуць свае дамы. Аднак вяртанне не азначае вяртанне страчанага месца. Героі павінны вывучыць дзеючыя правілы, адпаведную мову, спосабы працы, адпачынку і нават праяўляць пэўныя прыхільнасці. Яны праходзяць экзамен па польскай мове, які быў уключаны ў працэдуры і правілы.
Мікіта Ільінчык вядомы ў Польшчыя як аўтар правакацыйных антыўтопій, што абвяшчаюць невясёлую будучыню Еўропы. І ў спектаклі ставіць пытанне, ці можа супольнасць, пабудаваная шляхам выключэння і пастаяннага кантролю над новапрыбылымі людзьмі, заставацца месцам, якое хтосьці назаве сваім домам.
Тэкст «E:/migrantów» ужо быў прадстаўлены публіцы Нацыянальнага Старога тэатра. У кастрычніку 2025 года яго перфарматыўнае чытанне адбылося падчас агляду найноўшай драматургіі «Магчымыя светы». Цяпер Ільінчык сам пераносіць сваю драму на сцэну.
У 2023 годзе Мікіта Ільінчык сказаў у інтэрв’ю, што сярод яго п’ес, якія ён напісаў, няма ніводнай, не звязанай з Беларуссю. У новым спектаклі можна знайсці паралелі хутчэй з сённяшняй беларускай рэальнасцю, але ж тэксты Ільінчыка шматслойныя, і кожны глядач убачыць сваё. Тэатразнаўца Ірына Лапо, разбіраючы творчасць Ільінчыка, асабліва акцэнтуе ўвагу на яго інструментах крытычнага мыслення, дзе асабістае і палітычнае сустракаюцца ў агульным перфарматыўным полі.
Прэмʼера «E:/migrantów» пройдзе на 6-7 лістапада на новай сцэне Нацыянальнага Старога тэатра.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
