7—13 верасня ў Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча пройдзе IV Тыдзень беларускай культуры. Галоўнай тэмай стане спадчына, а ў цэнтры імпрэзы — новая выстава з калекцыі Попкі, частку якой удалося ўратаваць і перавезці з Нямеччыны ў Вільню.
Тэкстыль, кнігі, часопісы, паштоўкі, лісты і іншыя рэчы на адзін тыдзень зменяць музейную прастору і стануць нагодай пагутарыць не толькі пра адну калекцыю, але і пра лёс беларускай культурнай спадчыны ўвогуле.

Ці можа чалавек загадзя паклапаціцца пра тое, што застанецца пасля яго? Што адбываецца з прыватнымі зборамі, калі іх уладальнікаў больш няма? Чаму адны рэчы перажываюць дзесяцігоддзі і пераезды, а іншыя губляюцца назаўсёды? Хто і як вырашае, што варта захаваць?
Гэтыя пытанні будуць гучаць цягам усяго Тыдня — у выставе, размовах, тэатры, музыцы, майстар-класах і нават за сталом.
Праграма
- Панядзелак: адкрыццё выставы і лекцыя пра тое, як у музеях даглядаюць за экспанатамі і як паўтарыць гэта дома.
- Аўторак: гістарычна-гастранамічны вечар. Беларусь, Літва і Нямеччына сустрэнуцца за адным сталом. Пагутарым пра кулінарныя традыцыі трох краінаў, паглядзім паштоўкі з калекцыі Попкі і пашукаем там сляды паўсядзённага жыцця і ежы. Дэгустацыю таксама абяцаюць.
- Серада: дыскусія пра спадчыну «Што пасля нас (не) застанецца»: вечар для тых, хто любіць складаныя пытанні без простых адказаў.
- Чацвер: выходны.
- Пятніца: беларуская драматургія ўголас. Каманда беларускіх акцёраў і рэжысёраў TeArtas на чале з Сяргеем Здаранковым прадставіць акцёрскую чытку п’есы Францішка Аляхновіча «Пан Міністр» (дзякуючы архівам музея). Імпрэза адкрые новы праект «Рэтраспектыва беларускай драматургіі», прысвечаны вяртанню да беларускіх драматургічных тэкстаў і іх новаму гучанню сёння.
- Субота: вялікі дзень у Беларускім Доме. У праграме: куратарская экскурсія па выставе; майстар-клас па вышыўцы паводле ўзораў з калекцыі Попкі: вышываем, а пасля ператвараем свае працы ў тэрманалепкі; майстар-клас па мармураванні паперы; дзіцячая майстэрня, дзе ўдзельнікі будуць ствараць свой маленькі дом і вырошчваць у ім чароўнае дрэва;кірмаш беларускіх майстроў і невялічкі кніжны кірмашык; канцэртная частка.
У музеі будзе працаваць адмысловая імерсіўная прастора: вас вязуць з Нямеччыны ў Літву. Вас трэба давезці, не згубіць, не сапсаваць, не даць вас з’есці жукам і, у рэшце рэшт, вызначыцца: ці патрэбныя вы камусьці настолькі, каб вас захаваць?
IV Тыдзень беларускай культуры пройдзе 7–13 верасня ў Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча (Vilniaus g. 20).
