Гэта сучасная версія «Фаўста» Гётэ: фільм «Смеццевая галава» Юрыя Сямашкі прызнаны пераможцам беларускага конкурсу фэсту «Нефільтраванае кіно»

Культура
Кадр са "Смеццевай галавы" Юрыя Сямашкі - фільма-пераможцы беларускага конкурсу фестываля "Нефільтраванае кіно-2023".

Учора ў Вільні ў Create Cuture Space з поспехам прайшоў паказ беларускай праграмы апальнага фестывалю «Нефільтраванае кіно». Пасля сеансу публіцы былі названыя пераможцы фэсту. Так, журы кінафоруму амаль аднагалосна прызнала найлепшай стужкай беларускага конкурсу кароткаметражную працу Юрыя Сямашкі «Смеццевая галава».

Reform.by звярнуўся да кінакрытыка і чальца журы «Нефільтраванага кіно-2023» Тараса Тарналіцкага з просьбай пракаментаваць выбар прафесіяналаў у беларускай праграме.

Калі казаць сцісла, то «Смеццевая галава» – гэта змрочная кінапрытча з элементамі магічнага рэалізму пра наступствы, якія напаткаюць чалавека, падкага на спакусы, — з ходу апісаў работу беларускага аўтара кінакрытык. — То-бок, такая сучасная версія «Фаўста» Гётэ, якога аўтар, дарэчы, цытуе ў фільме.

Трэба дадаць, што ўсе работы Юрыя Сямашкі, кінематаграфіста без адукацыі, але з талентам і жаданнем здымаць, так ці інакш эксперыментальныя, і ў іх часта спалучаецца аматарская анімацыя і гульнявое кіно, — зазначыў Тарас Тарналіцкі. — Але ў «Смеццевай галаве» ранейшага аматарства амаль няма. Гэта адчувальна якасная і па змесце, і па форме карціна, якую прыемна глядзець і асэнсоўваць. Мяркую, гэта зразумеў не толькі я, але і іншыя чальцы журы, якія прагаласавалі за фільм.

Стужка «Смеццевая галава» ўжо адзначалася на іншых фестывалях: у прыватнасці, на форумах «Бульбамуві-2022», «Глядач-2022».

Таму перамога ў “Няфільтры” зусім не выпадковасць, а заканамерны працяг трыумфу аўтара, — лічыць адмыслоўца.

Нагадаем, што сёлета фестываль нефарматнага кінематографа «Нефільтраванае кіно» мусіў быў прайсці ў Мінску 24-26 сакавіка. Але ў апошні момант арганізатарам падзеі патэлефанавалі з Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і канстатавалі адмену кінафоруму. Літаральна пару дзён таму такім жа чынам быў забаронены кіналекторый, які ладзіў фестываль, — ён быў прысвечаны кітайскаму кіно.

З «Нефільтрам» цалкам дзіўная гісторыя, бо ён перажыў і пандэмійны лакдаўн, і першую хвалю рэпрэсій, і пачатак поўнамасштабнай вайны ва Украіне. І ўвесь гэты час нязменна праходзіў, нават калі іншыя фестывалі зачыняліся ці самазачыняліся, — падзяліўся сваім меркаваннем наконт раптоўнай няміласці фэсту Тарас Тарналіцкі. — Чаму фатальным стаў 2023 год? Тут няма відавочнага адказу. Праблема комплексная. Напэўна, мінкультаўская цэнзура нарэшце дабралася да форуму, расправіўшыся з іншымі праціўнікамі. А працу на карысць рэжыму трэба дэманстраваць. Вось і дэманструюць як могуць, забараняючы праводзіць непадкантрольныя цалкам фестывалі.

Плюс трэба не забывацца на страх сістэмы і жаданне ўпраўляць публічнай прасторай, — лічыць кінакрытык. — Усе падзеі, звязаныя не з Расіяй, а з «несяброўскім» замежжам, выклікаюць у чынавенства панічны страх. Нават калі гэта цалкам бяспечыныя падзеі.

На думку нашага суразмоўцы, праз закрыццё «Нефільтраванага кіно» ў краіне больш не засталося незалежных кінафестываляў, куды можна завітаць і паглядзець беларускія стужкі.

«Зараз адзінай прасторай, дзе можна паглядзець незалежнае беларускае кіно, стаў выключна інтэрнэт», — канстатуе ён.

Дарэчы, пацвярджаючы гэты пераход у віртуальную прастору, абвяшчэнне ўсіх пераможцаў IХ фестывалю «Нефільтраванае кіно» адбылося менавіта ў інтэрнэце. (Нягледзячы на адмену кінафоруму ўладамі, журы здолела паглядзець усе стужкі праграмы і вызначыць найлепшыя работы).

Так, пераможцай у секцыі ігравога кіно была прызнана эстонская карціна Лукаса Абрахао «Дзіўнае знікненне тав. Кулякова».

У дакументальная секцыі найлепшым быў названы іракскі фільм Д. К. Адэса «Багдадская графіка».

Аўстрыйская стужка «Зялёная пустыня» Караліны Шміт абрана найлепшай ў намінацыі «Відэаарт і эксперымент».

Створаны ў супрацы Нідэрландаў і Бельгіі «Камуфляж» Рэмкі Полман і Янцьен дэ Крун набраў найбольшую колькасць галасоў журы ў анімацыйнай секцыі.

А «Смеццевая галава» Юрыя Сямашкі стала трыумфатарам беларускага конкурсу.

Спадзяемся, што фестываль «Нефільтраванае кіно» зладзіць паказы фільмаў рэжысёраў-пераможцаў, калі не ў Мінску, то ў іншых гарадах замежжа.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: