У Калумбійскім універсітэце ў Нью-Ёрку былі названы лаўрэаты Пулітцэраўскай прэміі — адной з самых прэстыжных узнагарод у галіне журналістыкі, літаратуры і музыкі. У лік пераможцаў трапілі журналісты расследавання пра распаўсюд фентаніла ў ЗША, карыкатурыстка, якая высмейвала Трампа і яго атачэнне, а таксама аўтар кнігі пра жыцці савецкіх дысідэнтаў. Пазнаёміліся бліжэй з некаторымі лаўрэатамі.
«Расследаванне»
Абраўшы серыю артыкулаў журналістаў Reuters, якія апісалі «лёгкі шлях» распаўсюду аднога з самых смяротных наркотыкаў — фентаніла, журы так пракаментавала свой выбар у катэгорыі «Расследаванне». «За смелае выкрыццё слабога рэгулявання ў ЗША і за мяжой, якое робіць фентаніл, адзін з самых смяротных наркотыкаў у свеце, недарагім і шырока даступным для карыстальнікаў у Злучаных Штатах». Аўтары расследавання і сапраўды пастараліся: пад відам наркадылераў журналісты закупілі рэчывы для вырабу таблетак. Выявілася, што за суму, што не перавышае 4 тысячы долараў, можна купіць такую колькасць кампанентаў, якой хопіць для вырабу больш за трох мільёнаў таблетак фентаніла.
«Серыя нацыянальных рэпартажаў»
У гэтай катэгорыі быў адзначана серыя матэрыялаў у The Wall Street Journal пра Ілона Маска. Журналісты выдання прасачылі палітычныя і асабістыя трансфармацыі аднога з найбагацейшых людзей планеты — яго пераход да кансерватыўнай палітыкі, ужыванне легальных і нелегальных наркотыкаў, заляцанні да жанчын SpaceX, а таксама сакрэтныя размовы з Уладзімірам Пуціным.
«Тэрміновыя навіны. Фатаграфія»
Серыя фатографа The New York Times Дага Мілза была вылучала ў катэгорыі «Тэрміновыя навіны.Фатаграфія». Мілзу ўдалося захаваць на фота замах на Дональда Трампа, калі той быў кандыдатам у прэзідэнты ЗША. На адной з фатаграфій можна ўбачыць кулю, якая свішчыць у паветры, пакуль Трамп працягвае сваю прамову.
Даг Мілз, які раней працаваў галоўным фатографам Associated Press у Вашынгтоне, з’яўляецца двойчы лаўрэатам Пулітцэраўскай прэміі за фатаграфію. Ён быў адзначаны за каманднае асвятленне кампаніі Клінтан/Гор, а таксама за каманднае расследаванне справы Клінтан/Левінскі.

«Карыкатура»
Эн Тэлнэс з The Washington Post стала пераможцай у катэгорыі «Карыкатура». Карыкатурыстка, якая малюе творы ў самых розных тэхніках — анімацыя, скетчы, візуальныя эсэ, прапрацавала 17 гадоў у выданні, але была вымушана сысці з яго ў 2025 годзе. Эн Тэлнэс не дазволілі апублікаваць карыкатуру на тэхнамагнатаў, які намагаюцца заслужыць ухвалу Трампа. Сярод іх быў Джэф Бэзос, уладальнік The Washington Post.
Журы пракаментавала выбар кандыдатуры творцы наступным чынам: «За праніклівыя каментарыі пра ўплывовых людзей і ўстановы, якія яна давала са спрытнасцю, крэатыўнасцю і адвагай, што прывяло да яе сыходу з навінавай арганізацыі пасля 17 гадоў працы». Эн атрымоўвала Пулітцэраўскую прэмію за свае друкаваныя карыкатуры і ў 2001 годзе.

«Мастацкая літаратура»
Журы ў гэтай катэгорыі аддало свае галасы нашумелай кнізе «Джэймс» Персіваля Эверэта, адзначаную шматлікімі ўзнагародамі, у тым ліку Нацыянальнай кніжнай прэміяй. Гэта кніга — пераасэнсаванне «Прыгодаў Гекльберы Фіна» Марка Твэна, якое дало магчымасць праілюстраваць абсурднасць расавай перавагі і прапанаваць новы погляд на пошукі сям’і і свабоды.
Расповед у ёй ідзе ад збеглага раба Джыма.
«Калі Джым падслухоўвае, што яго вось-вось прададуць чалавеку ў Новым Арлеане, назаўжды разлучаць з жонкай і дачкой, ён уцякае, пакуль не прыдумае план. Тым часам Гек інсцэніраваў уласную смерць, каб уцячы ад свайго жорсткага бацькі. Як вядома ўсім чытачам амерыканскай літаратуры, так пачынаецца небяспечнае і трансцэндэнтнае падарожжа на плыце па рацэ Місісіпі да няўлоўнай і ненадзейнай перспектывы Свабодных Штатаў і за іх межамі. Напоўнены электрызуючым гумарам і пранізлівымі назіраннямі, якія зрабілі Эверэта літаратурнай іконай, гэты бліскучы і пяшчотны раман радыкальна асвятляе дзейнасць, бліскучы розум і спачуванне Джыма. Раману наканавана стаць буйной выдавецкай падзеяй і краевугольным каменем амерыканскай літаратуры XXI стагоддзя», — адзначае журы.
«Нон-фікшн»
Амерыканскі гісторык Бенджамін Натанс вывучаў гісторыі савецкіх дысідэнтаў па іх лістах, дзённіках, інтэрв’ю, мемуарах, а таксама пратаколах допытаў КДБ, каб напісаць кнігу «За поспех нашай безнадзейнай справы. Мноства жыццяў савецкага дысідэнцкага руху». Высілкі аўтара і былі адзначаны ў катэгорыі «Нон-фікшн».
Журы апісала твор Натанса так: «Глыбока даследаваная і адкрытая гісторыя савецкага дысідэнцтва, як яно неаднаразова падвяргалася прыгнечанню і зноў ажывала, населеная шырокай групай адважных людзей, адданых барацьбе за свабоды і цяжка заробленыя правы». У якасці назвы ўзяты тост папулярны сярод герояў кнігі.
Пазнаёміцца з усімі лаўрэатамі Пулітцэраўскай прэміі можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram