Беларуская Рада культуры паведаміла, што сярод 250 асобаў, якія мусяць быць вызваленыя, — 15 дзеячаў культуры.
Арганізацыя называе імёных тых асобаў, якія ўжо на волі, і тых, што пакуль яшчэ не вызвалены.
На дадзены момант спіс выглядае так:
- Дзмітрый Кубараў, UX/UI-дызайнер
- Іван Фалітар, арганізатар мерапрыемстваў, музыка
- Валерыя Касцюгова, заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці «Наша меркаванне» (пацверджанае вызваленне)
- Кацярына Андрэева (Бахвалава), журналістка, пісьменніца (пацверджанае вызваленне)
- Уладзімір Патапенка, заснавальнік школы электроннай музыкі
- Кім Самусенка, адмысловец у гістарычнай рэканструкцыі і грамадзянскі актывіст (пацверджанае вызваленне)
- Эдуард Пальчыс, блогер, публіцыст, арт-менеджар (пацверджанае вызваленне)
- Ілля Барыскевіч, рэдактар беларускай Вікіпедыі
- Алег Зелянко, гісторык, кіраўнік гістарычнага клуба “Міндоўг”
- Зміцер Шалак, бубнач гурта Paranoia Dolls
- Аляксандра Дуброўская, настаўніца ангельскай мовы, арт-актывістка
- Яраслава Хромчанкава, настаўніца нямецкай мовы, педагог-арганізатар
- Аляксей Кайдаш, прафесійны фатограф
- Андрэй Несцяровіч, арт-менеджар, уладальнік гродзенскай этнакрамы “Цудоўня”
- Сяргей Юнчыц, мецэнат
Нягледзячы на добрыя навіны, Беларуская Рада культуры канстатуе, што ціск на культурніцкую супольнасць не спыняецца.
На сёння як мінімум 47 дзеячаў культуры знаходзіцца ў ізалятарах, турмах і калоніях, а агулам адбывае пакаранне, у тым ліку на “хіміі”, не менш за 133 дзеячы культуры.
Сярод іншых, за кратамі працягваюць знаходзіцца музыкі Tor Band Дзмітрый Галавач, Яўген Бурло і Андрэй Яромчык. Усе трое маюць праблемы са здароўем; двое ўключаныя ў гуманітарны спіс. Яўген Бурло пасля аперацыі ходзіць з дапамогай мыліцаў і патрабуе далейшага лячэння. У лютым і сакавіку ў Мінску прайшлі масавыя затрыманні прадстанікоў выдавецкай сферы. У следчым ізалятары ўжо больш за месяц застаюцца выдаўцы і кнігараспаўсюднікі, сярод іх – Вацлаў Багдановіч і яго дачка Вікторыя Багдановіч, а таксама Зміцер Колас, Алесь Яўдаха.
У сакавіку Мінскі гарадскі суд асудзіў на 3 гады пазбаўлення волі Алега Хаменку, музыканта, даследчыка, лідара гурта «Палац». Таксама былі асуджаныя на два гады калоніі нон-фікшн аўтарка Ціна Палынская і яе дачка Маргарыта Рабіновіч, – заўважае БРК.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

