Рэсурсны цэнтр Беларускай Рады культуры агучыў вынікі чарговага конкурсу заявак на міні-гранты ў межах праграмы #ArtPowerBelarus.
За міні-гранты (да 5 тысяч еўра) змагалася сотня праектаў, адзначае арганізацыя.
«Агульны запыт — больш як € 455 тыс, а даступны бюджэт — € 92 тыс. Канкурэнцыя была моцная, але адборачная камісія знайшла магчымасць падтрымаць 19 заявак», — падсумоўвае Рэсурсны цэнтр Беларускай Рады культуры.
Вынікае, што падтрымку атрымалі 20% ад агульнай колькасці заявак на міні-гранты.
— Мы атрымалі безліч бліскучых прапановаў, заяўкі былі запоўненыя трапна: бачна, як выраслі нашыя апліканты і аперуюць у складаных бюракратычных рамках ArtPower Belarus. Мы са свайго боку зрабілі ўсё магчымае, каб максімальная колькасць заявак атрымала фінансаванне. Віншую пераможцаў! Ганаруся ўсімі, хто знайшоў смеласць падацца да нас і выкласці на паперу свае ідэі. Застаемся на сувязі ў спадзеве на далейшае супрацоўніцтва, — кажа грант-менеджарка Эліна Калнібалоцкая.
Сродкі, вылучаныя на падтрыманне міні-праектаў, вычарпаныя, таму тур завяршальны для гэтай часткі праграмы. Пра магчымы працяг праекта падтрымання беларускай культуры Беларуская Рада культуры абяцае паведаміць дадаткова.
Нагадаем, што праграма ArtPower Belarus Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытута культуры ладзіцца пры фінансавай падтрымцы Еўразвяза са студзеня 2023 года. Галоўная мэта праекта – падтрымаць свабоднае самавыяўленне беларускіх дзеячаў мастацтва і культуры ў рэалізацыі іхных творчых праектаў. Праграма прадугледжвала міні-гранты (1000-5000 еўра), мідзі-гранты (5000-60 000 еўра) і гранты мабільнасці (у сярэднім 2000 еўра).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: