Выстава беларускага мастака Юры Шуста «Жывіца* Сонечнае спляценне» адкрылася ў Нацыянальнай галерэі мастацтваў «Захента» ў Варшаве.
У гэтым праекце аўтар даследуе прыроду, вераванні і штучны інтэлект, а экспазіцыя складаецца з відэапраекцый, гукавых інсталяцый і аб’ектаў, вырабленых з арганічных і прамысловых матэрыялаў.

Мастака цікавяць старажытныя вераванні, звязаныя з дрэвамі і лясамі ў Беларусі, Усходняй Еўропе і Балтыйскім рэгіёне, дзе розныя традыцыі, мовы і ўяўленні пра свет суіснавалі на працягу стагоддзяў. У сваіх працах Шуст абапіраецца на этнабатанічныя і этнарэлігійныя даследаванні і вывучае сляды анімізму, якія захаваліся ў народнай культуры.

У прыватнасці — старажытныя ўяўленні пра лес як пра святое месца, пра дрэвы як пасярэднікаў паміж чалавечым і духоўным светамі. Адначасова ён паказвае, як лес становіцца месцам тэхналагічнага развіцця — ад прамысловага яго выкарыстання да тэставання сістэм маніторынгу і кантролю.

Куратарка Міхаліна Саблік, якая правяла экскурсію па выставе, распавяла, што аўтар імкнецца раскрыць, як людзі калісьці імкнуліся да духоўнай сувязі з прыродай, і як сёння тэхналогіі змяняюць гэтыя адносіны. Новыя тэхналогія дазваляюць нам усё глыбей даследаваць тое нябачнае, што знаходзіцца па-за магчымасцямі нашага непастрэднага ўспрымання. Дазваляюць нам марыць пра вечнае жыццё па-за целам.

Мастак імкнуўся стварыць такую прастору, для спасціжэння якой былі б задзейнічаліся некалькі органаў пачуццяў — зрок, слых, нюх. І спадзяецца, што наведвальнікі адчуюць, нібы яны трапілі ў паралельнае вымярэнне.

«Людзі заўсёды імкнуліся да розных формаў інтэнсіўных, экстрэмальных перажыванняў, — кажа мастак у адным з інтэрв’ю. — Я веру, што мастацтва можа ствараць такія станы і можа запрашаць нас уяўляць альтэрнатыўную будучыню».
Візуальная гісторыя на гэтай выставе вядзецца вакол дрэва. Глядач абыходзіць усю экспазіцыю па кругавой галерэі – з пакоя ў пакой — ад верхавіны елкі да яе ссечанага ствала. Галоўная інсталяцыя «Елка, пасаджаная побач з домам» уяўляе сабе сапраўдную пятнаццаціметровую елку – дрэва, якое ва ўсходнееўрапейскім ландшафце мае асаблівую сімволіку.
Елка была пасярэднікам паміж духоўным і матэрыяльным светам. Яе выкарыстоўвалі ў старажытных абрадах, саджалі на могілках. Паводле аўтара, гэта гісторыя пра пераход ад удзелу ў жывым, духоўным свеце да яго прысваення і падпарадкавання чалавечым патрэбам.
У іншых працах аўтар параўноўвае карані дрэў з нервовай сістэмай чалавека. Сонечнае спляценне, сетка нерваў у брушнай поласці, служыць сімвалам сувязі паміж чалавечым арганізмам і прыроднымі сістэмамі. Гэтым метамарфозам прысвечаныя некалькі пано ў экспазіцыі, створаных з дапамогай эпаксіднай смалы.

Аднак галоўным формастваральным матэрыялам становіцца прыродная смала — жывіца. Гэты матэрыял раней выкарыстоўваўся ў медыцыне і пахавальных рытуалах. Яго назва звязана са словам «жыццё». Жывіца, якая з часам ператвараецца ў бурштын, затрымлівае час, нібы ператвараецца ў вечную матэрыю.

Інсталяцыя, якая дала назву выставе, уяўляе сабой абрэзаныя карані, пакрытыя жывіцай. Твор парадаксальна нагадвае адначавова нейкую машынную вытворчасць і рытуал пакланення святым караням. А таксама сведчыць пра ўзаемазвязанасць: апошнія навуковыя даследаванні сведчаць пра тое, што дрэвы ўтвараюць своеасаблівую супольнасць, унутры яны могуць падтрымліваць адно аднаго.
На вернісажы беларускія мігранты ў Польшчы паказалі групавы перформанс пад назвай «Птушкі з чалавечымі галовамі», лічбавае ператворанае рэха якога і суправаджае гэтую выставу.
Выстава Юры Шуста «Жывіца* Сонечнае спляценне» будзе працаваць да 27 верасня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
