«У прыярытэце — стратэгічныя праекты»: фінансістка Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая — пра ArtPower Belarus і неабходныя структуры

Главное
Фота: nadi_rashvan.

Мапы, грошы і… праграма ArtPower Belarus. Адна з самых важных ініцыятываў Беларускай Рады культуры сёлета аб’явіла вынікі чацвёртага туру конкурсу творчых праектаў і назвала даты новых дэдлайнаў для тых, хто хоча падацца на міні-гранты і гранты мабільнасці.

Пакуль яшчэ заяўнікі абмяркоўваюць вынікі чацвёртага колу і пачынаюць падавацца на новыя гранты, Reform.by вырашыў распытаць кіраўніцу фінансавага аддзелу Рэсурснага цэнтра Беларускай Рады культуры Эліну Калнібалоцкую пра тое, як сёння дзейнічае праграма і што яна выяўляе ў беларускай культуры.

Што паказаў чацвёрты тур конкурсу? Якія крытэрыі адбору творчых праектаў? Як працуе механізм адбору заявак? Якія праекты маюць больш шанцаў на падтрымку ў адборачнай камісіі? І куды рушыць беларуская культура на прыкладзе праграмы ArtPower Belarus?

На гэтыя і іншыя пытанні, якія даўно лётаюць у паветры, адказала «без прыкрас» Эліна Калнібалоцкая.

«У прыярытэце — стратэгічныя праекты»: фінансістка Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая — пра ArtPower Belarus і неабходныя структуры
Фота: Тома Роменская.

«Попыт перавышае прапанову ў 10 разоў»

Эліна, маё першае пытанне будзе датычыцца апошняга туру конкурсу, у выніку якога, нагадаю, падтрымку атрымалі 27 творчых праектаў на агульную суму каля 412 тысяч еўра. Найбольшую ўвагу і адпаведна абмеркаванне па выніках конкурсу выклікалі мідзі-гранты — нагадаю, што заяўнікі на мідзі-гранты маглі прасіць да 60 тысяч еўра. Як бы вы маглі пракаментаваць вынікі адбору? І што паказала апошняя эдыцыя, скажам так, конкурсу?

— Хачу падкрэсліць, што гэта ўсё ж такі быў другі кол для атрымання мідзі-грантаў. Заяўкі на міні-гранты прымаліся ўвесь час працы праграмы, а вось конкурс на мідзі-гранты — акурат другая эдыцыя. І тут назіралася такая тэндэнцыя ў параўнанні з першай — падаваліся больш прапрацаваныя праекты. Было бачна, што заяўнікі паставіліся да справы сур’ёзна, і на конкурсе не было выпадковых людзей, тых, хто, умоўна кажучы, ішоў міма і вырашыў «зазірнуць». То-бок, у першую чаргу, можна казаць пра падвышэнне патэнцыялу саміх заяўнікаў.

Вядома, мы думалі, што праектаў будзе менш, але іх было шмат, і адборачнай камісіі было нялёгка. Хацелася падтрымаць як мага болей, а магчымасці, на жаль, абмежаваныя.

Увогуле гэта сума, якая вылучаецца на мідзі-гранты — як яе можна ацэньваць? Яна дастатковая, на ваш погляд, улічваючы колькасць заявак?

— Гэта абсалютна няшмат. Мізер, насамрэч, бо кожны раз заяўнікі запытваюць у нас у чатыры-восем разоў болей, і мы можам падтрымаць у добрым выпадку толькі 10 адсоткаў праектаў. То-бок, попыт перавышае прапанову ў 10 разоў!

Толькі ў апошні коле мы атрымалі 120 заявак на мідзі-гранты, а фінансаванне займелі толькі 16 праектаў.  За два гады нам удалося падтрымаць 32 мідзі-праекты. Вядома, хацелася б, каб сума была большай.

«У прыярытэце — стратэгічныя праекты»: фінансістка Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая — пра ArtPower Belarus і неабходныя структуры
Інфаграфіка да апошняга колу праграмы ArtPower Belarus. Крыніца: resource.byculture.org.

«Мы ўразаем бюджэты хаця б на нейкую частку»

Не маглі б вы падрабязней распавесці, якім чынам ідзе фінансаванне па міні- і мідзі-грантах?

— Сума, якая вылучаецца па праграме на міні-гранты, дзеліцца на чатыры: адпаведна ў нас было чатыры колы на гэтыя гранты.

Гранты на мабільнасць — тут у нас больш гнуткая сістэма: мы можам знаходзіць дафінансаванне, неяк пераразмяркоўваць сродкі. Адбылося пяць колаў за час працы праграмы.

На мідзі-гранты ў праграме за два гады ў нас былі выдаткаваныя каля 800 тысяч еўра. Гэтыя сродкі былі падзеленыя на два туры.

Вы адзначылі, што гэтым разам выйшла падтрымаць болей праектаў, чым гэта было запланавана. Як вам гэта ўдалося?

— Па-першае, не ўсе праекты запытвалі бюджэт у 60 тысяч еўра, што вельмі радасна. Калі ў першым коле некаторыя заяўнікі, што называецца, «нацягвалі саву на глобус», то ў другім было бачна, што людзі пісалі бюджэты адпаведна мэтам. Нехта нават запытваў трохі больш чым міні-грант — 6 тысяч еўра, 12 тысяч — невялікія сумы. Гэтаксама мы даволі рэдка падтрымліваем праекты на поўную суму — на ўсе 60 тысяч. Разам з падтрыманымі заяўнікамі мы спрабуем аптымізаваць іх бюджэты пад меншыя сумы.

Хтосьці можа вам зараз запярэчыць, што разлічваў на адну суму, а ў выніку атрымалі іншую.

— Мы лічым, што лепш падтрымаць болей праектаў, чым меней, але цалкам.

«У прыярытэце — стратэгічныя праекты»: фінансістка Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая — пра ArtPower Belarus і неабходныя структуры
Інфаграфіка да апошняга колу праграмы ArtPower Belarus. Крыніца: resource.byculture.org.

«Па выніку выбар адборачнай камісіі можна не супадаць з меркаваннямі экспертаў»

Закранем такую вельмі цікавую для ўсіх заяўнікаў тэму як крытэрыі адбору праектаў. Які этапы адбору праходзіць праект? Як увогуле гэта адбываецца?

— Адбор праходзіць у тры этапы.

Першы этап —  калі грант-менеджары праглядаюць заяўку на тэхнічную адпаведнасць формам. Калі ёсць хібы, дасылаюць на перапрацоўку, і прымаюць, калі ўсё ок.

Далей заяўкі ідуць да экспертаў. Кожную з іх ацэньвае эксперт з адпаведнай галіны, якую мы прасілі вызначаць заяўнікаў яшчэ на этапе падачы. Мы заўсёды пільна сочым за тым, каб не было канфлікту інтарэсаў. Здаралася такое, што эксперты прыходзілі да нас з просьбай перадаць праект, які да іх трапіў, камусьці іншаму. Яны ўбачылі, што заяўку напісаў іх знаёмы. У гэтым выпадку мы запрашаем іншага адмыслоўца ацаніць праект. І такім чынам пытанне вырашаецца.

І ў цэлым, падкрэслю, кожны праект ацэньвае два эксперты.

Адмыслоўцы выстаўляюць адзнакі? 

— Так, па пытаннях у адмысловай таблічцы. Скажам, у заяўцы ёсць такое пытанне: актуальнасць вашага праекта. На гэта ж пытанне ўжо ў дачыненні да праекта адказвае эксперт — ці актуальны гэты праект у дадзеным кантэксце? І гэтак далей па ўсіх пунктах. Пры гэтым эксперты не проста выстаўляюць балы, але і даюць каментары па кожнай адзнацы. Далей даецца фінальны каментар і падлічваюцца фінальныя балы.

Давайце нагадаем, хто ўваходзіць у адборачную камісію.

— Два чальцы Рады культуры і тры чальцы Дацкага інстытута культуры, а гэтаксама запрошаны эксперт — былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан. Мне часта даводзіцца чуць папрокі, што, маўляў, Рада выбрала невядомага каго — але, заўважу, што ў камісіі з Рады працуе толькі два чалавекі.

«У прыярытэце — стратэгічныя праекты»: фінансістка Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая — пра ArtPower Belarus і неабходныя структуры
На сайце Рэсурснага цэнтра Беларускай Рады культуры можна знайсці раздзел, прысвечаны праектам, падтрыманым у межах ArtPower Belarus (цяпер там інфармацыя пра грантаатрымальнікаў 2023 года). Скрын з сайта.

Дайшлі да адборачнай камісіі. Як тут вызначаюцца атрымальнікі грантаў? 

— Кожны з чальцоў адборачнай камісіі складае свой топ-10 ці топ-15 найлепшых праектаў. Усе агучваюць свой выбар, і далей пачынаецца абмеркаванне. Бывае так, што нейкі праект выбіраецца аднагалосна, а здараецца і такое, вядома, што галасы падзяляюцца і пачынаюцца спрэчкі.

Нарэшце, я падыходжу да фінальнага этапу. Пасля таго, як спіс адабраных праектаў больш-менш зацверджаны, даходзім да бюджэтаў. Камісія «праходзіцца» па іх і ўжо вырашае, ці падтрымлівае яна праект у поўнай памеры, ці, можа, «адрэжа» частку бюджэту і той «кавалачак» перанаправіць на іншы праект, які набраў трохі меней балаў. Паўтаруся, мы адмыслова спрабуем знайсці розныя варыянты, каб падтрымаць як мага болей заяўнікаў.

Прычым я магу зазначыць, што па выніках усёй працы па адборы меркаванне адборачнай камісіі можа не супадаць з меркаваннем экспертаў.

«Шмат людзей адыходзяць ад адзіночных праектаў»

Дзякуй за такі разгорнуты адказ, Эліна. За гэты час адбылося ўжо некалькі тураў праграмы — ці можна на прыкладзе конкурсу ArtPower Belarus казаць пра пэўную дынаміку запытаў у заяўнікаў? Якіх праектаў было найбольш, скажам, у апошнім коле?

— Тут складана казаць, таму што кожны раз кожны кол — што міні-гранты, што мідзі — гэта заўсёды розныя сферы прыярытэтаў. Але бачна па апошніх турах, што зараз шмат запытаў на якаснае незалежнае кіно. На жаль, такая праграма як ArtPower не можа падтрымаць вялікія кінапраекты, а да нас звярталіся з прапановамі фінансавання поўнаметражных фільмаў. З аднаго боку, гэта неверагодна натхняе, колькі ў нашых кінематаграфістаў цікавых ідэй, якія прыўкрасныя стужкі могуць з’явіцца, але падтрымаць цалкам падобныя праекты мы не можам.

Таксама заўсёды ёсць попыт на захаванне традыцыйнай культуры.

І апошнім часам з’явіўся попыт на стварэнне новых кам’юніці — і вось гэты момант я бы вылучыла як адметную рысу сённяшняга стану беларускай культуры. Шмат людзей адыходзяць ад адзіночных праектаў — персанальная выстава, канцэрт, тур, яшчэ нешта — і прыходзяць да стварэння супольнасці. Музычнае кам’юніці, тэатральнае, кам’юніці фатографаў, фільммейкераў…  Класна, што людзі аб’ядноўваюцца і ствараюць сваю экасістэму па-за межамі краіны, уключаючы тых людзей, якія ў Беларусі. Гэта таксама вельмі натхняльны момант для нас, і мы намагаемся падтрымаць як мага болей ініцыятываў такога кшталту.

«У прыярытэце — стратэгічныя праекты»: фінансістка Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая — пра ArtPower Belarus і неабходныя структуры
На сайце Рэсурснага цэнтра Беларускай Рады культуры можна знайсці раздзел, прысвечаны праектам, падтрыманым у межах ArtPower Belarus (цяпер там інфармацыя пра грантаатрымальнікаў 2023 года). Скрын з сайта.

Вы адзначалі ў вашай справаздачы гэтаксама, што ў пададзеных заяўках лідзіравалі не толькі праекты, звязаныя з кіно, але і з музыкай…

— Так, музыкі ў нас таксама было шмат — музычныя туры, выданне альбомаў, стварэнне кліпаў… Такіх заявак хапае, але мы спрабуем утрымаць баланс і падтрымліваць праекты, якія аб’ядноўваюць людзей і пажадана ўключаюць людзей з Беларусі.

Бо тут гаворка ідзе пра дальнабачнасць — ArtPower, укладваючыся ў стварэнне прафесійнай экасістэмы, дае інструмент творцам. Праз новую супольнасць людзі здолеюць знайсці фінансаванне незалежна ад нас. І ў дадзены выпадку мы маем справу не з імгненным вынікам, а са структурай, сістэмай, якая можа даць плён у будучыні.

«Ёсць адчуванне сыходу да партызанскага руху»

Вы ўзгадалі, што эксперты перасцярагаюцца за ўдзельнікаў праектаў, якія знаходзяцца ў Беларусі. Ці шмат такіх заявак? Якога гэта кшталту праекты, калі можна пра гэта гаварыць? Ці прапануе Рада ім асаблівыя ўмовы?

— Заявак з Беларуі няшмат, але і нямала. Акурат столькі, колькі дапушчальна ў дадзеных умовах. Мы не чакаем, што ўсе ініцыятывы прыйдуць да нас — таму што гэта ў першую чаргу перасцярогі бяспекі. Аднак ёсць праекты, якія рэалізоўваюцца беларусамі ўнутры Беларусі — і гэта як атрымальнікі міні-, так і мідзі-грантаў. У нас былі і падпольныя актыўнасці у малых гарадах, і выданне кніг, чаго толькі не было… І тут мы спрабуем адстойваць палёгку ў справаздачы для тых, хто знаходзіцца ў краіне. І знаходзім шляхі, каб сродкі грантаў даходзілі да выканаўцаў.

«У прыярытэце — стратэгічныя праекты»: фінансістка Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая — пра ArtPower Belarus і неабходныя структуры
На сайце Рэсурснага цэнтра Беларускай Рады культуры можна знайсці раздзел, прысвечаны праектам, падтрыманым у межах ArtPower Belarus (цяпер там інфармацыя пра грантаатрымальнікаў 2023 года). Скрын з сайта.

Таксама для нас вельмі істотна, каб усе меры бяспекі пры ажыццяўленні праекта ў Беларусі былі выкананыя. Бо некаторыя праекты, якія падаваліся, былі сапраўды, што называецца, «на мяжы». Пэўныя заяўнікі нам казалі, што, умоўна кажучы:«Я выдам кнігу з лога «АртПаўэр» і перадам у грамадскія бібліятэкі».Таму мы глядзім ўважліва ці прапрацаваны для заяўніка з Беларусі ўсе меры бяспекі. І калі з гэтым усё у парадку, у людзей ёсць досвед у выкананні такіх рэчаў, то падтрыманне такой заяўкі заўсёды будзе ў прыярытэце.

За апошні час, як вы назіраеце па праектах, змяняецца сітуацыя ў Беларусі? Ці шмат у краіне засталося дзеячаў незалежнай культуры?

— Так, ёсць адчуванне сыходу да партызанскага руху. Ніякія падзеі не публічацца.

А наконт дзеячаў… У нас ёсць сталыя заяўнікі з Беларусі, і сёння, на жаль, часта здараецца так, што людзі літаральна ў моманце падачы заяўкі вымушаны пакінуць краіну. Проста да гэтага чалавека прыйшлі. І праект апрацоўваецца ўжо па-за межамі Беларусі.

«У прыярытэце — стратэгічныя праекты»: фінансістка Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая — пра ArtPower Belarus і неабходныя структуры
На сайце Рэсурснага цэнтра Беларускай Рады культуры можна знайсці раздзел, прысвечаны праектам, падтрыманым у межах ArtPower Belarus (цяпер там інфармацыя пра грантаатрымальнікаў 2023 года). Скрын з сайта.

«Галоўныя шэдэўры сёння ствараюцца ў Беларусі»

Эліна, хацелася б пагаварыць і пра жыццё беларускіх творцаў у эміграцыі. У справаздачы Рады культуры за мінулы год было адзначана, што ў пэўных выпадках можна казаць пра развіццё беларускай культуры ў эміграцыі. Не маглі б вы пракаментаваць гэты тэзіс?

— Сапраўды, калі мы пачыналі як Беларуская Рада культуры, то для нас першачарговай задачай была экстраная дапамога. То-бок мы збіралі грошы на тое, каб людзі маглі выехаць і не памерці ў іншай краіне. Мы гэта робім і сёння, але акрамя экстранай дапамогі ўжо ў стане падтрымаць і вышэйзгаданыя кам’юніці — стварэнне прафесійных экасістэм. Ці гэта не ў пэўным сэнсе рух?

На першы кол мідзі-праектаў да нас часта прыходзіла такое пытанне: а можна проста запытаць у вас грошы, каб працягнуць сваю мастацкую дзейнасць? Каб я жыў і працягваў ствараць, умоўна кажучы. Такая магчымасць была акурат пры экстранай дапамозе, калі мы былі фондам культурнай салідарнасці. Сёння ў ArtPower перавага аддаецца праектам з канкрэтным вынікам — і гэта прапісана ў нашых гайд-лайнах.

Сярод вынікаў мінулага года ў культуры акурат і было названа з’яўленне незалежных прафесійных аб’яднанняў — Беларускай незалежнай кінаакадэміі, Беларускай незалежнай асацыяцыі фатографаў, Незалежнага інстытута тэатра, музычнай супольнасці. І гэта, сапраўды, вельмі значныя маркеры. Але хочацца спытаць: на вашу думку, ці ўбачым мы вынікі гэтага гуртавання? Наколькі працоўнай сёння з’яўляецца сувязь паміж грантамі і, у рэшце рэшт, запаветным вынікам — выбітным творам мастацтва? Як казаў некалі Максім Жбанкоў, ці ўбачым мы вартыя творы мастацтва ў «смутныя часы»?

— Мне здаецца, што гэта пытанне знаходжання сябе ў іншых краінах і абставінах. Бо калі гэтыя шэдэўры і ствараюцца, знайсці публіку, якая іх ацэніць у іншым асяроддзі, складана.

Мы размаўлялі са шматлікімі мастакамі, якім гэта ўдалося. Напрыклад, як дзялілася адна з вельмі вядомых сучасных беларускіх мастачак Цемра, яна знайшла свайго гледача ў Польшчы. У Варшаве ў яе купляюць творы, прыходзяць на перформансы, яна тут запатрабавана. Але нядаўна Даша Цемра ездзіла ў іншую краіну, і там той самай сустрэчы не здарылася. Месца не прыняла яе, не адгукнулася. Нібыта чужыя людзі — казала яна пра аўдыторыю. То-бок, мне падаецца важным, каму ты паказваеш свае шэдэўры па выніку.

«У прыярытэце — стратэгічныя праекты»: фінансістка Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая — пра ArtPower Belarus і неабходныя структуры
На сайце Рэсурснага цэнтра Беларускай Рады культуры можна знайсці раздзел, прысвечаны праектам, падтрыманым у межах ArtPower Belarus (цяпер там інфармацыя пра грантаатрымальнікаў 2023 года). Скрын з сайта.

На маю думку, шмат чаго сапраўды шэдэўральнага ствараецца сёння менавіта ў Беларусі. Бо ў такіх умовах, якія ёсць у нашай краіне, немагчыма не пісаць і не рабіць тое, у чым не будзе часткі тваёй душы, не будзе надрыву, сапраўдных эмоцый. Вядома, тут, у замежжы, мы таксама перажываем моцныя пачуцці, у нас востра стаіць пытанне адаптацыі — усё гэта я не спісваю з рахунку, але ўсё ж такі веру, што галоўныя шэдэўры ствараюцца зараз унутры нашай краіны.

А што наконт стварэння кам’юніці… Мне падаецца, што падобныя аб’яднанні дапамагаюць творцам быць не толькі творцамі, але менеджарамі ці знайсці менеджара, які дапаможа мастаку знайсці аўдыторыю, у якой ён мае патрэбу. Каб беларускае мастацтва не было зафіксавана ў эмігранцкім вакууме, а каб знаходзіла выхады на еўрапейскага гледача, інтэгравалася ў еўрапейскую прастору.

«У прыярытэце — стратэгічныя праекты»: фінансістка Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая — пра ArtPower Belarus і неабходныя структуры
Фота: Тома Роменская.

«Хацелі б бачыць праект ArtPower Belarus 2»

Апошняе пытанне — наконт будучыні праграмы ArtPower Belarus. Сёння можна канстатаваць, што сродкаў праграмы відавочна не так шмат, як нам хацелася б, каб падтрымаць незалежную мастацкую і культурніцкую супольнасць. З іншага боку, ва Украіне па-ранейшаму ідзе вайна, і пытанне падтрымкі беларускіх праектаў — ужо любых — і культурніцкіх, і медыйных, і палітычных — гучыць як ніколі востра. Ці назіраеце вы змены ў дачыненні незалежнай Беларусі на прыкладзе дзейнасці Беларускай Рады культуры?

— У дачыненні гэтай сітуацыі немагчыма казаць на сто адсоткаў. Калісьці Рада сама апынулся ў такіх абставінах: 2022 год, пачалася вайна, і падтрымка арганізацыі спынілася, мы апынуліся ў падвешаным стане. Але нам удалося данесці Еўрапейскай камісіі, што незалежная Беларусь і яе культура вартыя ўвагі і падтрымкі. Гэта быў доўгі працэс адвакавання, прасоўвання беларускай культуры, парадку дня, і плёнам нашай дзейнасці акурат і стаў запуск праекта ArtPower Belarus. І зараз нашы еўрапейскія партнёры маюць канкрэтныя доказы на руках, што такое беларуская культура.

Што да будучыні ArtPower Belarus…  Мы размаўлялі з нашымі партнёрамі з Еўракамісіі, і яны ў захапленні ад попыту на фінансаванне, ад якасці праектаў, дасланых на праграму. Для іх беларуская культура была хісткім месцам, было не зусім зразумела, што з ёй адбываецца, але нам удалося данесці, што і ўнутры Беларусі, і па-за яе межамі беларуская культура працягвае жыць. І сёння нашы партнёры вельмі пазітыўна ставяцца да ідэі працягу супрацоўніцтва. То-бок зараз мы хацелі б бачыць працяг праекта ArtPower Belarus і паспрабуем адвакаваць большую суму на фінансаванне беларускай культуры. Што нам адкажуць — гэта ўжо застаецца за Еўракамісіяй.

«У прыярытэце — стратэгічныя праекты»: фінансістка Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая — пра ArtPower Belarus і неабходныя структуры
Кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін і фінансістка Рэсурснага цэнтра Эліна Калнібалоцкая. Фота: Беларуская Рада культуры.

***

Даведка. Праект «ArtPower Belarus: захаванне беларускай грамадскай прасторы праз культуру і мастацтва» быў запушчаны Беларускай Радай культуры сумесна з Дацкім інстытутам культуры напрыканцы 2022 года. Ён ставіць сабе дзве галоўныя мэты: падтрыманне культурніцкіх ініцыятываў дзеля кансалідацыі беларускага грамадства, у тым ліку дыяспараў і суполак у выгнанні, а таксама стварэнне прафесійных культурніцкіх сетак і павышэнне майстэрства творцаў у гэтых сетках. Еўразвяз вылучыў на рэалізацыю праекта 2 мільёны еўра; праект разлічаны на 28 месяцаў. У межах ArtPower Belarus Рада стварыла Рэсурсны цэнтр.

На сёння былі рэалізаваныя чатыры туры конкурсу праграмы. Зараз дасяжны бюджэт на мідзі-гранты вычарпаны, але заяўкі на міні-гранты і праграму мабільнасці па-ранейшаму прымаюцца.

Гэтак, наступны дэдлайн для міні-грантаў — 17 красавіка 2024 года (старт праектаў – чэрвень 2024); для праграмы мабільнасці – 20 сакавіка 2024 (пачатак мабільнасці – травень 2024). Неўзабаве таксама Рада распачнае адбор навучэнцаў у Школу арт-менеджменту, яе праграма распрацаваная адмыслова для заглыблення беларускіх дзеячаў культуры ў прафесію і знаёмства з адметнасцямі функцыянавання сферы ў Еўропе.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: