Дзесяць гадоў без адказаў. У Кіеве ўшанавалі памяць Паўла Шарамета

Главное
Фота: Ксенія Галубовіч, для Reform.news

«Гэтая машына дагэтуль успамінаецца як страшны сон». На дзясятую гадавіну смерці Паўла Шарамета каля яго помніка ў цэнтры Кіева сабраліся сябры і калегі з «Украінскай праўды» ды іншых рэдакцый.

Кожны год у 8 раніцы 20 ліпеня людзі нясуць сюды кветкі. Прыйшлі тыя, хто добра яго ведаў, а таксама маладыя журналісты, якія шануюць яго як прафесіянала. Мы дагэтуль не атрымалі адказу на пытанне, хто падарваў машыну Паўла. Але пакуль людзі памятаюць, ёсць шанец, што забойцы не пазбегнуць пакарання. Большасць беларускіх калег не змогуць сёння прыйсці на магілу Шарамета ў Мінску на Паўночных могілках. Але мы помнім.

Дзесяць гадоў без адказаў. У Кіеве ўшанавалі памяць Паўла Шарамета
Фота: Ксенія Галубовіч, для Reform.news

Сеўгіль Мусаева (галоўная рэдактарка «Украінскай праўды»)

Я вельмі добра памятаю той дзень, калі гэта адбылося. У дробных дэталях. Калі мне патэлефанавала Алена (Прытула). Гэта было прыкладна ў 8:03. Яна сказала, што будзе вельмі цяжкі дзень. Выбухнула іх машына. Паша быў унутры, і Паша загінуў.

Потым я сабралася і паехала сюды. Памятаю, што быў вялікі корак на дарозе, і я бегла ад Оперы да гэтага скрыжавання. Алена ўжо сядзела там. Гэтая машына дагэтуль успамінаецца як страшны сон. На жаль, гэта быў не сон, а рэальнасць.

Вельмі шкада, што прайшло ўжо дзесяць гадоў, а адказу на пытанні, хто гэта зрабіў, чаму, і хто быў заказчыкам, мы так і не пачулі. Не ведаю, ці пачуем увогуле. Магчыма… У мяне няма вялікіх спадзяванняў, але часам здараецца, што калі раскрываецца адно злачынства, становіцца вядомай праўда і пра іншыя. У цэлым сітуацыя вельмі складаная. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны гэтай справе, на жаль, сталі надаваць менш увагі.

Я вельмі часта думаю пра тое, што мог бы зрабіць Павел, калі б застаўся жывы. Як бы ён асвятляў падзеі, што адбываліся ў Беларусі. Як бы расследаваў тое, што адбываецца ва Украіне. Думаю, што ён дакладна займаўся б валанцёрствам і дапамагаў бы войску. Але, на жаль, гэтага мы ўжо ніколі не даведаемся.

Я думаю, што гэта зрабілі беларускія спецслужбы. З вялікай доляй верагоднасці, за гэтым стаялі спецслужбы суседніх дзяржаў. Гэта маё меркаванне.

Дзесяць гадоў без адказаў. У Кіеве ўшанавалі памяць Паўла Шарамета
Фота: Ксенія Галубовіч, для Reform.news

Міхаіл Ткач (кіраўнік каманды расследаванняў «Украінскай праўды»)

Я працаваў у суседняй рэдакцыі «Радыё Свабода», быў знаёмы з Паўлам, удзельнічаў у яго эфірах, у радыёэфірах.

Ён быў вельмі значнай з’явай у журналістыцы — дзе б ні працаваў, у тым ліку і ва Украіне. На прэс-канферэнцыях прэзідэнтаў, калі ён задаваў пытанні, гэта заўсёды было вельмі смела і важна. Яго тэксты, інтэрв’ю, усё, што ён рабіў, было прасякнута любоўю да прафесіі.

Для «Украінскай праўды» як галоўнага медыя краіны ён быў вельмі важным чалавекам. Ён падтрымліваў кожнага супрацоўніка рэдакцыі, быў чалавекам з вельмі моцнай энергетыкай.

Вельмі шкада, што праз дзесяць гадоў мы ўсё яшчэ не ведаем, што адбылося, чаму гэта здарылася, і як мы страцілі такога важнага калегу ў самым цэнтры Кіева.

Расследаванне то працягваецца, то спыняецца. На якім яно цяпер этапе, я дакладна сказаць не магу. Але, як вы памятаеце, вакол гэтага расследавання было вельмі шмат скандалаў.

Многія, у тым ліку асабіста прэзідэнт Зяленскі, казалі, абяцалі і давалі слова, што справа будзе расследаваная. Але з цягам часу мы бачым, што тыя, хто гэта абяцаў, свайго слова не стрымалі. Таксама і папярэдні прэзідэнт Парашэнка называў гэтую справу справай гонару. Аднак ні гэты прэзідэнт, ні папярэдні не зрабілі таго, што маглі зрабіць.

Будзем спадзявацца, што сітуацыя ўсё ж зменіцца. Але ў любым выпадку любое маштабнае расследаванне ва Украіне залежыць ад палітычнай волі. Бо органы, якія павінны расследаваць гэтае злачынства, падсправаздачныя Офісу прэзідэнта і самому прэзідэнту. Таму сувязь тут прамая.

На жаль, адказаў на пытанні, на якія ўкраінскае грамадства павінна атрымаць адказы, на сённяшні дзень мы так і не маем.

Дзесяць гадоў без адказаў. У Кіеве ўшанавалі памяць Паўла Шарамета
Фота: Ксенія Галубовіч, для Reform.news

Журналістка (пажадала пакінуць ананімны каментар)

Я не ведала Паўла асабіста, але ягоная гібель стала для мяне сапраўднай трагедыяй. Я прыходжу сюды кожны год, сачу за тым, як ідзе судовы працэс. На жаль, цяпер ён пастаўлены на паўзу, але я не хачу гэта каментаваць. Для мяне гэта проста асабістая патрэба — прыходзіць сюды. Сёлета тут больш людзей, чым летась, бо сёння — дзясятая гадавіна. І ў папярэднія гады калегі таксама заўсёды прыходзілі: часам большай колькасцю, часам меншай…

Мае калегі кажуць, што калі гэтае злачынства не будзе расследаванае, такія выпадкі могуць паўтарацца і надалей, калі зло не будзе пакаранае. Напрыклад, Наталля Гумянюк аднойчы сказала, што праз смерць Паўла не з’явіліся пэўныя супольнасці, якія маглі б прынесці ў гэтае жыццё шмат карыснага і светлага. Вакол Паўла заўсёды гуртаваліся людзі — розных пакаленняў, у тым ліку моладзь. Гэта былі размовы, дыскусіі, якія заахвочвалі людзей думаць, разважаць… На жаль, частка такіх супольнасцяў так і не ўзнікла.

Яшчэ людзі, якія сюды прыходзяць, кажуць пра тое, што працэс павінен працягвацца, што трэба патрабаваць ад праваахоўных органаў давесці справу да канца. Мы робім гэта і дзеля сябе, дзеля нашай прафесійнай супольнасці.

Дзесяць гадоў без адказаў. У Кіеве ўшанавалі памяць Паўла Шарамета
Фота: Ксенія Галубовіч, для Reform.news

Уладзімір Фамічоў (журналіст, каля двух гадоў правёў у расійскім палоне)

Я тады працаваў у арганізацыі «Цэнтр.UA», і мы знаходзіліся на адным паверсе з «Украінскай праўдай». У 2015 годзе мы часам перасякаліся, размаўлялі пра розныя рэчы. Спадар Павел быў вельмі добрым і чулым чалавекам. Я добра гэта памятаю па нашых размовах. Ён заўсёды падтрымліваў многіх маладых супрацоўнікаў і журналістаў, якія працавалі як у Грамадскім цэнтры, так і ва «Украінскай праўдзе», імкнуўся даць добрую параду.

Потым я трапіў у палон і мала што памятаю. Гэта было вельмі даўно, каля адзінаццаці гадоў таму. Апошні раз мы бачыліся з Паўлам напрыканцы снежня 2015 года.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.