У нядзелю на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане сабраліся больш за 50 000 вернікаў, каб пачуць першае велікоднае благаслаўленне «Urbi et Orbi» («Гораду і свету») новага Пантыфіка. Папа Леў XIV выступіў з рэзкім і натхняльным заклікам да міру, звярнуўшыся непасрэдна да сусветных лідараў.
Як паведамляе Euronews, у сваім пасланні Пантыфік падкрэсліў, што сапраўдны мір здабываецца не сілай і не імкненнем да ўлады, а праз дыялог і жаданне сустрэць іншага чалавека.
Пра прысутнасць смерці і святло надзеі
Асаблівую ўвагу Папа Леў XIV надаў таму, як менавіта зло і смерць выяўляюцца ў сучасным свеце. Гэты фрагмент прамовы стаў самым пранізлівым момантам набажэнства:
«Смерць таксама прысутнічае ў гвалце, у ранах свету, у крыку болю, які паднімаецца адусюль праз злоўжыванні, што прыгнятаюць слабых; праз ідалапаклонства нажывы, якое раскрадае рэсурсы зямлі; праз гвалт вайны, якая забівае і руйнуе.
Але Пан жывы і застаецца з намі. Праз трэшчыны ўваскрасення, што вызваляюць месца ў цемры, Ён вяртае нашыя сэрцы да надзеі», — сказаў ён.

Заклік да ўладных
Звяртаючыся да тых, хто прымае рашэнні, Папа быў максімальна прамым:
«Той, у чыіх руках зброя — да складзе яе!».
«Той, хто мае ўладу развязваць войны — да абярэ мір!».
Пантыфік таксама перасцярог ад «глабалізацыі абыякавасці», узгадаўшы запавет свайго папярэдніка Папы Францішка. Ён заклікаў не звыкацца з гвалтам, бо «мір, які нясе Езус, — гэта не той мір, які проста заглушае зброю, а той, які змяняе сэрца кожнага з нас».
На заканчэнне сваёй прамовы Папа Леў XIV павіншаваў вернікаў на дзесяці мовах, нагадваючы, што Пасха — гэта пераход ад смерці да жыцця, які павінен адбыцца ў душы кожнага чалавека.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
