«Бліскучая ода яго найвялікшаму каханню»: як прадстаўляюць карціну Марка Шагала «Над горадам» на аўкцыёне Sotheby’s

Культура

14 лістапада на аўкцыёне Sotheby’s адбудзецца продаж славутага твора Марка Шагала «Над горадам» (Au-dessus de la ville). Карціна з’яўляецца аўтарскай версіяй жывапіснай работы Шагала, створанай у 1914-1918 гадах — згаданае слыннае палатно знаходзіцца ў Траццякоўскай галерэі. На Sotheby’s жа выстаўлена версія 1924 года — твор, над якім мастак працаваў у Парыжы. Яго пачатковы кошт — 12-18 мільёнаў долараў ЗША.

У апісанні на сайце аўкцыённага дома адзначаецца, што карціна — уласнасць з выбітнай прыватнай калекцыі, Японія. Аўтэнтычнасць работы пацверджана Шагалаўскім камітэтам. Прыкметна, што прыналежнасць да якой-кольвечы краіны мастака не пазначаецца: указаныя толькі імя, прозвішча і гады жыцця аўтара.

Пры гэтым на сайце даюцца экскурс у гісторыю работы і яе мастацкае «гучанне» ў сучасным кантэксце.

Так, пачынаецца апісанне з гісторыі кахання Марка Шагала і яго жонкі Бэлы Розенфельд.

«Яе маўчанне — маё. Яе вочы, мае. Я адчуваю, што яна заўсёды ведала мяне, маё дзяцінства, маё цяперашняе жыццё, маю будучыню; нібы яна назірала за мной, прадказваючы маё самае патаемнае, хоць я бачу яе ўпершыню. Я ведаю, што гэта яна, мая жонка. Яе бледны колер, яе вочы. Якія яны вялікія, круглыя і чорныя! Гэта мае вочы, мая душа», — прыводзяцца словы мастака пасля першай сустрэчы з Бэлай.

Бэла была малодшай дачкой у багатай сям’і хасідаў. І бацькі былі супраць яе адносінаў з безграшовым вучнем Леона Бакста, адзначаецца на сайце. (Таксама дадамо ад сябе, што Марк Шагал быў і вучнем Юдаля Пэна). Але Бэла пагадзілася выйсці за мастака, і іх заручыны вытрымалі выпрабаванні часам і адлегласцю. Бэла пэўны час вывучала літаратуру ў Маскве, Шагал працягваў сваё мастацкае навучанне ў Парыжы.

Менавіта падчас яго жыцця ў парыжскім «Вуллі», працуючы побач з Мадыльяні, Лежэ, Дэланэ, Суціным, Шагал «адкрыў для сябе спектр зароджаных мастацкіх плыняў» — у прыватнасці, кубізм і арфізм.

У 1914 годзе мастак вярнуўся ў Віцебск, каб сустрэцца са сваёй нявестай і прысутнічаць на вяселлі яе сястры. Планавалася, што ён хутка вернецца, але пачалася Першая сусветная вайна, і Марк і Бэла засталіся ў Віцебску, дзе сыгралі вяселле ў 1915 годзе.

«Менавіта ў гэтыя першыя гады сямейнага шчасця матыў пары ў палёце ўмацаваўся ў творчасці Шагала, — падкрэсліваецца ў артыкуле. — Сярод самых ранніх малюнкаў закаханых, якія лунаюць у паветры, можна знайсці такія маштабныя кампазіцыі, як «Шпацыр» (La Promenade), «Дзень нараджэння» (L’Anniversaire) і «Над горадам» (Au-dessus de la ville) — версія, прыкладна створаная ў 1914-1918 гады. Цяпер палатно знаходзіцца ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве».

«Бліскучая ода яго найвялікшаму каханню»: як прадстаўляюць карціну Марка Шагала «Над горадам» на аўкцыёне Sotheby’s
Марк Шагал «Шпацыр». 1917-1918 гг.

«У цяперашняй кампазіцыі маладыя Шагал і Бэла лёгка лунаюць над сваім родным горадам Віцебскам, падбадзёраныя сваімі страсцямі і асветленыя ззяннем маладых, — звяртаюць увагу аўтары тэкста-прэзентацыі на твор, выстаўлены на аўкцыён. — Гэтая версія Au-dessus de la Ville была выканана ў Парыжы ў 1924 годзе, неўзабаве пасля таго, як Шагалы пераехалі ў Францыю, нарэшце выканаўшы план, задуманы амаль дзесяць гадоў таму».

У апісанні параўноўваюцца дзве версіі твораў.

«Адрозненні паміж карцінай, якая знаходзіцца ў Траццякоўскай галерэі, і сучаснай версіяй ілюструюць жывапіснае наватарства і мастацкі рост мастака за тое пераломнае дзесяцігоддзе, — разважаюць аўтары. —  На ранейшай карціне ўплыў кубізму ўсё яшчэ добра бачны ў геаметрызаваных формах фігур і прыглушаных каляровых вокнах у пейзажы. Пасля вяртання ў Парыж палітра Шагала стала больш яркай і радаснай, прасякнутай энтузіязмам Шагала да новага атачэння. Пры гэтым яго формы становяцца больш мяккімі; рэзкія адрозненні паміж колерамі ў яго творчасці, натхнёнай кубізмам, саступаюць месца свайго роду тонкім градацыям адценняў, якія будуць усё больш вызначаць яго творчасць па меры прасоўвання яго кар’еры».

Адсутнасць на палатне фігуры чалавека, які сядзіць у прыкметнай позе, жывёлаў, змяненне колеравай палітры горада, над якім лунаюць Марк і Бэла,  — тыя дэталі і рысы, якія прысутнічалі на палатне 1914-1918 гадоў, — іх змяненне тлумачыцца праз каментар гісторыка мастацтва Эндру Когана:

«Гэта быў перыяд [з сярэдзіны да канца 1920-х гадоў] неперасягненага шчасця і задавальнення для Шагала. Ён і Бэла змаглі адкрыць для сябе радасці падарожжа па Францыі, дзе мастак закахаўся ў разнастайныя пейзажы і характэрныя эфекты святла. Гэтыя падарожжы далі творы з новым бліскучым асвятленнем і беспрэцэдэнтнай лёгкасцю. Сярод сумежных кампазіцый «Над горадам» — адзіная карціна, выкананая ў Парыжы, з’яўляецца кульмінацыяй шматгадовых выяўленчых даследаванняў тэмы. Au-dessus de la ville 1924 года прадстаўляе беспрэцэдэнтнае багацце колераў і гармоніі, перадаючы адчуванне рашучасці і аптымізму, якія не былі відавочнымі ў ранейшых рускіх карцінах», — падкрэсліваецца ў мастацкім нарысе.

Аўтары дадаюць, што твор быў набыты Этай і Маркам Штэйнбергамі ў Каці Граноф, адной з вядучых дылерак твораў Шагала, пасля першай пасляваеннай паездкі пары ў Парыж. Гэтая праца стала першым буйным набыццём для Стэйнбергаў, якія ў наступныя гады стануць вядучымі калекцыянерамі і філантропамі ў раёне Сэнт-Луіса.

«Бліскучая ода яго найвялікшаму каханню, «Над горадам» — адна з найлепшых карцін, напісаных Шагалам у парыжскі перыяд, і адлюстроўвае ключавыя матывы летуцення, настальгіі і рамантыкі, якія будуць вызначаць творчасць мастака да яго апошніх дзён», — падсумоўваюць аўтары тэкста-прэзентацыі.

«Бліскучая ода яго найвялікшаму каханню»: як прадстаўляюць карціну Марка Шагала «Над горадам» на аўкцыёне Sotheby’s
Марк Шагал «Над горадам». 1924 год.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news (ранее REFORM.by)


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: