Пасля сусветнай прэм’еры на прэстыжным кінафестывалі Tribeca ў Нью-Ёрку, узнагароды на Польскім фестывалі ігравога кіно ў Гдыні і ўдзелу ў шматлікіх кінафестывалях 26 сакавіка ў варшаўскім кінатэатры Atlantik адбылася пракатная прэм’ера фільма Мары Тамковіч «Пад шэрым небам».
Гэты фільм заснаваны на гісторыі сям’і беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, якая разгортваецца падчас палітычных рэпрэсій у Беларусі ў 2020 – 2022 гадах. Журналістку «Белсата» Алену (акторка Аляксандра Вайцяховіч) арыштоўваюць пасля стрыму з Плошчы Пераменаў. На свабодзе застаецца яе муж Ілля (актор Валянцін Навапольскі), які змагаецца за вызваленне жонкі і не выязджае з краіны, нягледзячы на небяспеку.
У апошні момант перад паказам залу замянілі на большую, бо жадаючых было зашмат. На частку месцаў адкрылі продаж квіткоў. Публіка ў значнай ступені складалася з польскіх гледачоў. Нагадаем, што фільм ідзе на рускай і беларускіх мовах з польскімі субцітрамі.
Вядучы імпрэзы расказаў, што фільм ён паглядзеў ужо два разы, і ён здаецца сёння яшчэ больш важным, чым год таму, бо сітуацыя ў свеце такая, што пра свабоду «трэба дбаць кожны дзень». Ён запрасіў на сцэну каманду стужкі, і некалькі дзясяткаў чалавек ледзь змясцілася на невялікай прасторы перад экранам.
Прадзюсарка стужкі Катажына Ацёшыньска згадала, што варункі працы былі няпростыя, бо фільм мікрабюджэтны. Але апавядаючы праўдзівую гісторыю, стваральнікі фільма імкнуліся зрабіць гэта як найлепей. Хоць праца выклікала шмат эмацыйных перажыванняў.
Нагадаем, што бюджэт карціны складае 1 мільён злотых (каля 238 000 еўра па актуальным курсе). Амаль усю сумму даў Польскі інстытут кінамастацтва, астатнюю частку — прадзюсар, кампанія Media Corporation.
Сцэнарыстка і рэжысёрка Мара Тамковіч нагадала, што без вялікіх высілкаў, якія ўсе датычныя ўклалі ў працу, фільм бы не з‘явіўся. Яна падзякавала Школе Вайды, якая прадзюсавала кароткаметражную стужку «У жывым эфіры», Польскаму інстытуту кінамастацтва і Media Corporation.
«Я б вельмі хацела паклікаць на гэту сцэну Кацю Андрэеву і Ігара Ільяша. Каб яны маглі гэты фільм з намі сёння паглядзець. На жаль, я не магу гэтага зрабіць, але веру ў тое, што ў пэўны дзень мы здолеем», — сказала рэжысёрка напрыканцы прамовы.
Нагадаем, што Кацярына Андрэева і яе муж Ігар Ільяш цяпер знаходзяцца ў зняволенні. Напрыканцы фільма на экране з‘яўляецца інфармацыя, што Ігар Ільяш застаецца ў Мінску і чакае жонку з турмы, аднак 22 кастрычніка 2024 года стала вядома пра яго затрыманне. У дадзены момант яго справа разглядаецца ў Мінскім гарадскім судзе. Журналістка Кацярына Андрэева ў 2022 годзе была ў чарговы раз асуджана, атрымаўшы 8 гадоў і 3 месяцы калоніі агульнага рэжыму.

Што ўразіла ў фільме найбольш? Дакументальныя кадры шматтысячных пратэстаў, убачаныя постфактум, нараджаюць пачуццё фатальнасці. Але яно знікае ў перакрыжаванні поглядаў жонкі і мужа, асуджанай і недасяжнай, і таго, хто пакуль застаецца на волі, у сіле іх маральнага выбару. І нарэшце ў песні Лявона Вольскага, якую аўтар выканаў ужывую на сцэне падчас цітраў. «Я застаюся тут», — гэта таксама пра маральны выбар герояў фільма.
Здавалася, гэты сюжэт павінен глыбока кранаць толькі беларускага гледача, які згадвае перажытае, аднак уся шматмоўная зала ўстала, каб павітаць авацыямі рэжысёрку і каманду стужкі…
У польскім пракаце фільм з‘явіцца з 28 сакавіка.
Рэцэнзію на стужку «Пад шэрым небам» можна прачытаць тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram