«Мы не былі выдатнікамі магіі»: рэжысёрка Света Бень пра тэатральны досвед эміграцыі

Главное
Света Бень. Фота: facebook.com/SvetaBen

Сёння, 27 сакавіка, ва ўсім свеце адзначаецца Сусветны дзень тэатра — прафесійнае свята ўсіх датычных. Беларускі тэатр сёння перажывае нялёгкія часы — у краіне існуе цэнзура, якая фатальна адбіваецца на выніковым прадукце, а за мяжой тэатр выжывае ў складаных варунках фрагментарнага фінансавання. Разважаючы пра свае праекты ў эміграцыі, Света Бень – акторка і тэатральная рэжысёрка, спявачка і аўтарка песень, кажа пра вольнасць і цікаўнасць, якія ніколі яе не пакідалі.

Reform.news пагутарыў з адной з таленавітых асобаў беларускага тэатра — пра яе эмігранцкі досвед, новыя праекты, малыя бюджэты і (не)вольную прастору тэатра.

— Света, ты ўжо, здаецца, тры гады ў эміграцыі. Гэта цяжкі, але і важны досвед. Як ты асабіста ўспрымаеш гэты час? Якія праекты, формы творчасці нарадзіліся ў цябе дзякуючы эміграцыі? Ці з’явіліся б яны ў Беларусі? Як лічыш?

— Я ўвесь час згадваю эпізод з «Гары Потэра» — з фільмаў і кніжкі. Там ёсць такі тэрмін «трансгрэсія», калі чараўнікі перасоўваюцца з адной прасторы ў іншую, праходзяць праз вялікія адлегласці, хутка могуць апынуцца ў іншым месцы. Мне падаецца, што такая «трансгрэсія» адбылася ва ўсіх, хто быў вымушаны пераехаць за апошнія чатыры гады. Пры гэтай вось «трансгрэсіі», пры такім хуткім перасоўванні ў прасторы часам у герояў кніжні адбываліся нейкія траўмы. Нават маглі даляцець не цалкам. Але калі ты быў добры чараўнік і валодаў заклёнам, то ты, канешне ж, далятаў нармальна і «трансгрэсіраваў» паспяхова. Мне падаецца, што мы даляцелі ў рознай ступені сваёй цэласнасці. Хтосьці штосьці згубіў, хтосьці «расшчапіўся». Мне падаецца, што мы ўсе не былі да гэтага прыстасаваныя – мы не былі выдатнікамі магіі. І не здолелі прызямліцца тут без аніякага болю і траўм. Але гэты досвед складаны — як і «трансгрэсія».

Ведаю шмат людзей, і я ў тым ліку, хто пачаў актыўна працаваць. Таму што гэта самы натуральны для нас стан: сярод беларусаў вялікая колькасць працаголікаў. Мы не ўмеем адпачываць, мы мэтанакіравана бяжым да працы. І я пачала адразу штосьці рабіць, і гэта штосьці трымае мяне як добрае выратавальнае кола. Гэта дае розныя творчыя праекты, якія адбываюцца заўсёды, калі ты штосьці робіш. Калі ты «машаш рукамі», цябе заўважаць, і прыйдуць іншыя ідэі, праекты, людзі, якія захочуць штосьці з табой зрабіць. Я думаю, што ў маім жыцці мала што змянілася, бо ў такім рэжыме штодзённай працы я жыла заўсёды, таму і працягнула рабіць гэта і тут. І таму з’явіліся нейкія новыя формы ці праекты. Думаю, што і ў Беларусі, і за яе межамі ёсць месца для тых, хто хоча нешта рабіць, і ў яго абавязкова штосьці атрымаецца.

«Мы не былі выдатнікамі магіі»: рэжысёрка Света Бень пра тэатральны досвед эміграцыі
Спектакль «Беспрацоўнае дрэва». Фота: facebook/sveta.ben

— Музычныя праекты з Галяй Чыкіс, Сяргеем Навіцкім — WTBSK, новы альбом «Прыём», спектакль «Беспрацоўнае дрэва», зараз аднайменная кніжка, зборнік «Из ямки земляной», бясконцая колькасць канцэртаў па ўсіх краінах свету… Чалавеку збоку можа падасца, што ў тых, хто з’ехаў за мяжу, жыццё віруе — прыўкрасныя падарожжы, новыя краіны. Маўляў, вунь у Бенькі столькі ўсяго адбываецца. Але за гэтым стаіць цяжкая праца, бясконцыя пераезды, адсутнасць дома. Што цябе дапамагае даваць рады? Як ты для сябе тлумачыш гэта падарожжа, якое зацягнулася на гады?

— Гэта таксама вялікая латарэя, ці зможаш ты тут рабіць болей, чым рабіла ў Беларусі, ці наадварот. Гэта такі выпадковы момант, які залежыць ад чалавека, ад яго памкненняў, скіраванасці, ад яго ўнутранага стану. Вакол мяне ў Беларусі заўсёды былі людзі лёгкія і ініцыятыўныя, якія з задавальненнем і хутка далучаліся да розных маіх бздурных праектаў. Маўляў, «А давайце!», «Хутчэй пабеглі разам». І мне падаецца, што такія ж людзі знайшліся і тут, шмат іх прыехала з Беларусі, але з розных краін свету — таксама.

Цяжкая праца, пераезды, адсутнасць дома — гэта ўсё было для мяне вельмі натуральным і ў Беларусі. І працягнулася тут. Але некаторыя формы, некаторыя досведы былі ўнікальнымі, таму што ў Беларусі я бачыла свет беларускай культуры і беларускіх людзей. Бачыла свет украінскай культуры, бо часта ездзіла ва Украіну. Расійскай культуры — у Расіі. Гэта былі тры асноўныя культуры, якія я пераасэнсоўвала, якія мяне насычалі.

Аднак калі апынулася тут, я ўбачыла вялікую колькасць іншых культур. Таксама не вельмі вядомых, не вельмі добра прадстаўленых гледачам, слухачам. Я ўбачыла культуру розных афрыканскіх краін, краін з Усходу альбо тых народаў, якія былі захоплены Расійскай імперыяй. Яны адкрываліся для мяне як скарбніцы, поўныя каштоўнасцей. Напрыклад, культура Татарстана. Мае сябры з Татарстана — вельмі цікавыя паэткі, музыканткі, рэжысёркі — адкрылі для мяне цэлы сусвет татарскай культуры, якая цікавая мне як культура, падобная да беларускай філасофскім поглядам на жыццё. І вялікім, доўгім, траўматычным досведам свайго існавання. Тое, што адбывалася ў русіфікацыі Татарстана, вельмі падобна да таго, як адбывалася русіфікацыя Беларусі. Мяркую, што гэта тычыцца ўсіх краін былога Савецкага Саюза, але толькі праз стасункі з сябрамі з Татарстана мне адкрылася, як жахліва, як аднолькава працавалі гэтыя механізмы.

Нядаўна мы зрабілі з маімі сябрамі – паэткай Дынарай Расулевай і музыкай Алай Поп — трэк, які называецца «Замова». Гэта такая гісторыя, прысвечаная нашым бабулям. Таму што і мая бабуля, і бабуля Дынары былі шаптухамі — кожная ў сваёй вёсцы, кожная — для свайго народа, яны падобныя тым, што імкнуліся вызваліць чалавека ад зла і хвароб.

Карацей, мне было вельмі цікава даследаваць іншыя культуры. І менавіта татарская культура стала для мяне правадніком у свет іншых. Мой першы сяброўскі масток, шчыры і цікавы.

Не тое, каб у Беларусі не было магчымасцей да гэтага далучыцца, але менавіта тут, калі мы адарваныя, кожны з нас ёсць квінтэсэнцыяй свайго народа, такой маленькай кропелькай, у якой можна ўбачыць — як у дыяменце — гісторыю, душу народа, яго менталітэт, яго праблемы і радасці. Мы тут як маленькія крышталікі, у якіх ёсць штосьці важнае. І зараз я сутыкаюся з гэтымі людзьмі, крышталікамі, і адкрываю цудоўны свет іншых культур. І яны дапамагаюць мне яшчэ больш любіць нашу. З адлегласці ўбачыць яе, пераасэнсаваць, зразумець яе моц, прыгажосць і драматычны шлях.

— Света, на твой погляд, як паўплывала эміграцыя на беларускі тэатр? Сёння, падаецца, адбываецца трансфармацыя многіх рэчаў. Стасункі на адлегласці, планаванне на кароткі перыяд, трывога, якая здаецца, часам адпускае, але ўвесь час прысутнічае. Для тэатра ўвогуле цяжкія ўмовы — сыграў праект, а потым не знаходзіш пляцоўкі, дзе яго паказваць. Якое тут можа быць выйсце?

— Мне падаеццца, што беларускі тэатр у эміграцыі — гэта яшчэ адна трэніроўка, яшчэ адзін лэвэл, які праходзіць кожны тэатральны дзеяч. Таму што мы ў Беларусі прызвычаіліся да таго, што тэатр не надта патрэбны дзяржаве ці некаму яшчэ, акрамя цябе самога і тваіх гледачоў — сяброў па духу, якія прыйдуць паглядзець на твае працы, падтрымаюць. Гэта такі спартыўны занятак – тэатр, дзе ты заўсёды знаходзішся ў стане нестабільнасці.

Трывога — нармальны стан кожнага тэатрала: ты не ведаеш, колькі разоў будзе ісці твой спектакль, ці атрымаеш ты за яго грошы ці не, ці ўдасца ўвогуле зрабіць пастаноўку, ці будуць на яе нейкія рэсурсы, дзе знайсці пляцоўку, ці не папруць вас праз тры тыдні з гэтай знойдзенай прасторы, якую вы выбілі з такой цяжкасцю, арандавалі з сябрамі на апошнія грошы, а потым штосьці пайшло не так, грошы скончыліся, і вы павінны бегчы адтуль, і гэтак далей.

Канешне, вялікая частка тэатральнай суполкі Беларусі працавала ў дзяржаўных тэатрах, і гэта класная падтрымка, але яна таксама вельмі неадназначная (усміхаецца). То-бок ты стаіш у нейкай планавай вытворчасці, нібы дэталька нейкай фабрыкі, у цябе не так шмат часу на асабістыя пошукі. Калі ты рэжысёр, ты павінен ставіць спектаклі больш касавыя, і на творчасць у чыстым выглядзе ў цябе няма часу і сіл. Калі ты актор — ты цалкам залежыш ад рэжысёра і бздураў начальства і гэтак далей. Але ўсё ж гэта месца, дзе ты можаш быць упэўнены ў надыходзячым дні.

Але ўсё роўна мне падаецца, што трывога, немагчымасць планаваць надоўга — нармальны стан кожнага беларускага тэатральнага дзеяча.

Таму да ўсіх складанасцей эміграцыі мы былі ўжо псіхалагічна падрыхтаваныя. Няма матэрыялаў, няма грошай, мы ідзем за нейкай падкладачнай тканінай, бяром «гаўно і палкі» і робім штосьці. Бяром кропельку пустэчы, надзеі і адчаю і робім тое, што можа ўздзейнічаць на людзей і дазваляе нам выказацца. Гэта нармальная практыка. Таму, падаецца, мы добра трэніраваліся, бо цяпер можам выжыць дзе заўгодна.

«Мы не былі выдатнікамі магіі»: рэжысёрка Света Бень пра тэатральны досвед эміграцыі
Разварот кнігі «Беспрацоўнае дрэва» Светы Бень. Ілюстрацыі Ліны Хэсэ.

— Ці мусіць тэатр тады сёння, у актуальных варунках, вярнуцца да пачатку — да «балагану» Бахціна ці наадварот — мусіць уключаць у сябе разнастайныя медыя, каб перадаць складанасць сучаснага свету?

— Я думаю, што вяртанне тэатру да пачатку, да балагану, да вельмі простых умоўных формаў, адбылося ўжо даўно. Ва ўсім свеце тэатр накіраваны на тое, каб рабіць спектаклі як мага менш бюджэтнымі. І калі мы размаўляем пра творчасць у чыстым выглядзе, а не пра камерцыйныя праекты, то гэта вялікае ўменне дасягаць вяршыняў майстэрства і пранікнення ў самыя глыбіні псіхалагічнага падыходу да вобразу, да майстэрства, яно застаецца. А тое, што незалежныя тэатры вучацца працаваць вельмі ашчадна, са сціплымі матэрыяламі, са сціплай прасторай, з кароткачасовымі рэпетыцыямі, гэта ідзе прыстасаванне да капіталістычнай сістэмы.

А ў гэтай капіталістычнай сістэме ёсць добрая штука — грантавая падтрымка, яна вельмі важная і без яе, канешне, тэатр і мастацтва ў чыстым выглядзе ні ў якой краіне свету не можа выжываць. Яно тады ідзе ў андэрграўнд, калі мастацтвам можа займацца толькі чалавек вельмі заможны, альбо які атрымаў у спадчыну нейкую нерухомасць, дыяменты і золата, альбо людзі, які жывуць маргінальна і працуюць над сваімі праектамі ў падвалах. У іншых выпадках магчымасць займацца творчасцю зяўляецца тады, калі дзяржава падтрымлівае маленькія, незалежныя тэатральныя і іншыя творчыя праекты.

«Мы не былі выдатнікамі магіі»: рэжысёрка Света Бень пра тэатральны досвед эміграцыі
Сяргей Навіцкі і Света Бень у лютым 2024-га. Фота: Раман Якімаў.

— Раскажы, калі ласка, над чым ты зараз працуеш?

— Зараз мы працуем адначасова над вялікай колькасцю розных праектаў. Хутка будзе канцэрт нашага гурта WTBSK, які мы зрабілі разам з Сяргеем Навіцкім, нам дапамагае цудоўны музыка Міхаіл Радзівонаў. Мы будзем граць вялікі канцэрт у Берліне, выпускаем новы сінгл, працуем над альбомам, які зараз на стадыі звядзення, на фінальнай стадыі постпрадакшану.

Разам з цудоўнай радыярэжысёркай, журналісткай і акторкай Інгай Лізенгевіч мы робім спектакль па творах Зінаіды Бандарынай. Нядаўна выпусцілі аўдыяспектакль па творах Наталлі Вішнеўскай, які называецца «Нікому я гэтага не казала». Ён ініцыяваны выдавецтвам «Пфляўмбаўм», якое выдае жаночую літаратуру, і першы спектакль ужо ёсць.

Таксама ў нас у планах вельмі кранальны і важны спектакль без слоў, які зараз пачынаем рабіць з Лінай Хэсэ, берлінскай мастачкай, з якой мы нядаўна зрабілі кніжку «Беспрацоўнае дрэва» і аднайменны спектакль. У планах — праект з нямецкім тэатрам, які пакуль на стадыі зацвярджэння. Мне вельмі хацелася папрацаваць з мясцовымі тэатрамі, каб выйсці за кола нашай беларускай суполкі, якую я бясконца люблю і ў якой усе падтрымліваюць адно аднаго. Але мне падаецца, што для таго, каб ацаніць і ўбачыць прыгажосць таго, што ў цябе ёсць, трэба пэўная адлегласць. Таму часам варта паглядзець на сябе збоку, каб зноў з задавальненнем вярнуцца. Зараз мне вельмі хацелася б папрацаваць менавіта з нямецкай культурнай прасторай.

— Ці стала ты больш свабоднай за гэты час? Ці стаў больш вольным беларускі тэатр? Як думаеш?

— Гэта складанае пытанне. Я думаю, што калі мы кажам пра беларускі тэатр, мы не можам разважаць толькі пра тэатр у эміграцыі. Канешне, тэатр, які застаўся ў Беларусі, цалкам падпарадкаваны ўладам, ён знаходзіцца ў сумным стане, але я ўпэўнена, што там ёсць шмат класных актораў і рэжысёраў, якія зараз вымушаны прыстасоўвацца да жудаснай рэчаіснасці. Я ведаю, што яны робяць тое, што могуць, і робяць гэта якасна і добра. І дзякуй вялікі ўсім тэатрам на Беларусі, якія працягваюць граць беларускі спектаклі па творах беларускіх аўтараў і на беларускай мове. Самае галоўнае, што засталося рабіць тым, хто застаўся ў Беларусі, — гэта падтрымліваць і захоўваць тое, што было ўжо знойдзена, і пакрысе рухацца наперад.

Тэатр у эміграцыі — усё ж невялікі адсотак ад усяго тэатральнага працэсу. І тое, што робіцца тут, канешне, гэта крок наперад, гэта пошук, гэта вольная сцэна. Але ці сталі мы тут больш вольнымі? Гэта тонкае пытанне. Я не ведаю на яго адказу.

***

Бліжэйшы выступ Светы Бень адбудзецца ў Варшаве 29 сакавіка, у клубе Chmury. Усе квіткі па папярэднім продажы ўжо разабраныя, але арганізатары абяцаюць некалькі месцаў на ўваходзе.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости