На гэтым тыдні ў Будве мусіць быць адбыцца паказ кінатвораў рэжысёра-дакументаліста Максіма Шведа. Але з-за перастрахоўкі кампаніі Ryanair, якая не прыняла польскі праязны дакумент беларускага кінематаграфіста, культурная падзея была адменена, а творца быў вымушаны адмовіцца да пажарожжа ў Чарнагорыю.
Гэты інцыдэнт падштурхноў Reform.news дазнацца больш пра новы праект аўтара «Чыстага мастацтва», які ствараецца прама зараз.
Максім Швед працуе сёння над дакументальнымі фільмам пра Джоні Косміка (Івана Смаляра) — беларускага фатографа, імя якога «прагрымела» на пачатку гэтага года выставай у Варшаве. Імпрэзу ў якасці падарунка да дня народзінаў творцы арганізавала беларуская культурная супольнасць. У гэтай гісторыі захоплівае ўсё: і таемны чат амаль на 200 чалавек, і 2 тысячы фатаграфій, што сябралі сябры, каб прадставіць творчасць Джоні, які ўвайшоў у фатаграфію амаль як Дон Кіхот.

Перадгісторыя
Метад Johnny Cosmic можна апісаць як паломніцтва ў фатаграфію як у прысутнасць. У Мінску гэты творца гадамі рабіў на вечарынах фотаздымкі людзей, каб потым абсалютна бясплатна раздаць іх сваім героям. Гэта практыка прадоўжылася і ў эміграцыі, у Варшаве, куды пераехаў творца. І называючы яго Дон Кіхотам, маю на ўвазе не «барацьбу з ветрянымі млынамі», а ў пэўным сэнсе ідэалізм аўтара, які ўпарта стаіць на пазіцыі фатаграфія як зносіны, а не рамяство.
«На вуліцах і вечарынках з’явіўся дзіўны хлопец, які падыходзіў з фотаздымкам, працягваў яго табе, а на ім — ты. (А ты нават не памятаеш, каб цябе здымалі), — расказваюць пра фатографа сябры. — Спачатку гэта напружвала: ён нічога за гэта не прасіў (і гэта было крыпі), не ўсе на гэтых здымках сабе падабаліся, але з часам, як мае быць беларусам, прызвычаіліся. Ваня стаў неад’емнай часткай усяго культурна-тусовачнага жыцця; яго пачалі пазнаваць, сябе на ягоных здымках — любіць».

Дзіўная, але можа быць і заканамерная ідэя прыйшла ў галаву прыяцелям Джоні менавіта тут, у эміграцыі — павіншаваць Косміка з днём народзінаў пэўным грандыёзным чынам — зладзіць ягоную выставу.
«Падумалася: а што, калі сабраць усе гэтыя здымкі, якія мы перавозілі праз мяжу, атрымлівалі ўжо на новым месцы, і зрабіць калектыўную выставу, куратарамі якой будзем мы самі? Бо Ваня ствараў архіў беларускага шчасця ўсе гэтыя гады, а нам заставалася толькі яго сабраць», — узнаўляюць момант нараджэння выставачнага праекта яго сябры.
У выніку атрымалася мегападзея. Вялізны таемны чат на дзве сотні чалавек, дзве варшаўскія лакацыі як месца святкавання, спасылкі на buymeacoffee, каб зрабіць усё на ўзроўні, зорныя госці і куратарская праца. І — выстава, якая агаломшыла не толькі галоўнага «віноўніка ўрачыстасцей», але натхніла ўсе беларускае камьюніці па абодва бакі мяжы.

Пра тое, што беларусы грамадой зладзілі імпрэзу «для аднога фатографа», якая разраслася, лічы, да маштабу невялікага фэстывалю, напісалі ўсе беларускія незалежныя медыя. Кураж і эмоцыі самога Вані, якія захаваліся на фотаздымках і відэа, аказаліся настолькі моцнымі, што далучыцца да гэтага свята захацелася ўсім — так шмат у гэтай падзеі было дабрыні і радасці, што «лупанула», як гаворыцца, не на жарт.
Што тут казаць — не выпадкова і Максім Швед «клюнуў» на гэтую гісторыю, тым больш, што рэжысёр непасрэдна спрычыніўся да арганізацыі сюрпрыза. Аўтар стужкі «Маршрут перабудаваны» зняў віншавальнае відэа ад сяброў, якое паказвалася на святочнай вечарыне.
І далей ужо не здолеў выключыцца з гэтай гісторыі.
Так а што з новым фільмам?
Аглядальніку Reform.news удалося ўбачыць чарнавую версію фільма, якая з’яўляецца асновай будучай дакументальнай карціны. Кіно Максма Шведа носіць назву «Эфест Джоні Косміска» — і кінематаграфіст засняў усе ключавыя моманты «вечарынкі шчасця» для Івана Смаляра, ды не толькі іх.

Частку праекта займаюць расповяды сяброў і прыяцеляў пра феномен Джоні. Але калі ў кадры пачынаецца сапраўднае кіно — гэта тады, калі рэжысёр пачынае фіксаваць непасрэднае дзеянне — жывую рэакцыю героя і яго атачэнння, трапляючы ў цэнтр і плынь самой падзеі.
Максім Швед называе свае кіно «фрактальнай дакументалістыкай» — то бок, яно памнажаецца на некалькі рэальнасцяў: кіно як кропка далучэння і зменаў, і сведка таго, што адбываецца. Рэжысёр здымаў падрыхтоўку да дня народзінаў, саму кульмінацыю, і тое, што будзе крочыць далей — камера тут выступае і інструментам назірання, і ўласна перфомерам.
У гэтым ключы да месца тут згадаць слынную працу Максіма Шведа «Чыстае мастацтва», у якой мастак Захар Кудзін маляваў карціны ў гарадской публічнай прасторы, правакуючы мінакоў да рэакцыі; камера Максіма Шведа ўсё гэта фіксавала. «Эфект Джоні Косміка» дае магчымасць ужо Джоні справакаваць сваю прастору культуры і сэнсаў.

Тут таксама важна звярнуць увагу на назву праекта — «Эфект Джоні Косміка». Бо фільм не ідзе традыцыйным жанравым шляхам — творчага партрэта, кіно намагаецца пазначыць ці стварыць феномен. Джоні быў і ёсць тым чалавекам, які дзесяць гадоў рабіў штосьці для іншых, і нарэшце асяродак адгукнуўся — і таксама выбухнуў ўдзячнасцю і ўвагай. Што далей? Усё схлопнецца? Распусіцца? Ці прывядзе да новай кропкі энергетычнага выбуху?
Такое назіранне. Падчас прагляду матэрыялаў ловіш сябе на пытанні «чаму ж менавіта Іван?», і «ці цікава гэта будзе камусьці акрамя беларусаў?». Але праз пэўны час разумееш, што дзівак Джоні ў канцэпцыі праекта не тыповы герой кшталту «з гісторыі папулярнага беларускага мастака»; Джоні тут — адзін з нас, часам «збітых» і «не прызнаных лётчыкаў», і кожны з нас хоча быць любімым і бачным.

«На што яшчэ здольны эфект Джоні Косміка? Як ён паўплывае на самога Ваню і на нас усіх? Гэта выключна беларуская з’ява ці ўніверсальная гісторыя? Як Ваня распарадзіцца сваім новым капіталам, які выйграў у кармічнай латарэі? Мы будзем шукаць адказы цэлы год — да наступнага дня народзінаў Вані», — расказвае пра фільм, прастора якога змяняецца проста зараз, здымачная група.
Дадзены этап будучага кіно каманда пазначае як дэвелопмент (развіццё). Група, у якую акрамя Максіма Шведа ўваходзяць і прафесійныя кінематаграфісты, рыхтуе пітч-праекты для фондаў і фестываляў, і працягвае «сачыць, здымаць і мантаваць новыя прыгоды Вані і нашыя з ім». Акурат ў Будве і мусіла была адбыцца чарговая прэзентацыя фільма, і нават тое, што яна сарвалася, усё гэта таксама становіцца часткай праекта. Як і гэты тэкст, які паўплывае ці не паўплывае на кіно і яго падтрымку.
Супольнасць у такім праекце — яшчэ адзін з герояў. І на сайце Gronka каманда фільма адкрыла адмысловы збор, скіраваны на тое, каб далучыць камьюніці да кіно. Падтрымаць карціну можна самым розным чынам: скажам, ахвяраваўшы пэўную суму, займець лампавую паштоўку ад Джоні, ці нават заказаць у яго фотасэт.

Максім Швед кажа пра архівы Івана Смаляра, якія яму удалося атрымаць у дар, і гэты матэрыял таксама можа паўплываць на сэнсавую траекторыю будучага кіно.
На пытанне, ці не страшна Джоні становіцца героем дакументальнай стужкі, Космік адказвае, што не, бо гэта яго моцна стымулюе. І ён ужо мае намер да наступнага дня народзінаў выдаць сваю фотакнігу.
Напрынкацы цікава паразважаць і над прадметам здымак фатографа: ці зменіцца яго метад як творцы? Кола натхнення? Калі з большасці гэта была супольнасць крэатыўнага беларускага класа, то хто цяпер? Прастора фатаграфіі — рэч бязмежная, і яна таксама прапануе вялікае поле магчымасцей.
Падтрымаць праект можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

