ЗША здымуць з Сірыі статус дзяржавы — спонсара тэрарызму

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў Кангрэсу пра намер зняць з Сірыі статус дзяржавы — спонсара тэрарызму. Рашэнне ўступіць у сілу праз 45 дзён, якія адводзяцца на праверку заканадаўцамі.

«Зняцце санкцый з Сірыі адкрые доступ да міжнароднага гандлю і інвестыцый, дасць Сірыі шанец на аднаўленне і адкрые новую главу ў гісторыі сірыйскага народа. Стабільная, адзіная Сірыя, якая жыве ў міры з сабой і сваімі суседзямі, прынясе карысць не толькі рэгіёну, але і ўсяму свету», — гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамента.

У мінулым годзе ўказам Трампа былі змякчаныя санкцыі ў дачыненні да Сірыі. Рашэнне было прынята ў сувязі з «пазітыўнымі зменамі і контртэрарыстычнымі мерамі, прынятымі сірыйскім урадам пры прэзідэнце Ахмедзе аш-Шараа, а таксама афіцыйнымі запэўненнямі прэзідэнта аш-Шараа ў тым, што Сірыя не будзе падтрымліваць акты міжнароднага тэрарызму ў будучыні».

«Сённяшні дзень азначае важную вяху ў адраджэнні двухбаковых адносін паміж ЗША і Сірыяй, а таксама ў гісторыі Сірыі як дзяржавы. Мы высока ацэньваем рашэнне ўрада Сірыі аб выбары новага курсу і спадзяёмся на ўмацаванне нашага партнёрства з Сірыяй і яе народам», — дадалі ў Дзярждэпартаменце.

Сірыя заявіла, што з задавальненнем успрыняла рашэнне ЗША пачаць працэдуру выключэння краіны са спіса «дзяржаў, якія падтрымліваюць тэрарызм».

У заяве Міністэрства замежных спраў Сірыі адзначаецца, што гэты крок з’яўляецца «важнай падзеяй у развіцці адносін паміж дзвюма краінамі, заснаваных на дыялогу і ўзаемнай павазе».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!