Знішчальнікам НАТА дазволілі збіваць паветраныя цэлі над краінамі Балтыі

НАТА змяніла фармат сваёй паветранай місіі ў краінах Балтыі. Пра гэта заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. Паводле яго слоў, місія Baltic Air Policing афіцыйна трансфармавана ў фармат паветранай абароны.

«Адным з ключавых вынікаў гэтага саміту з’яўляецца перакваліфікацыя місіі НАТА па патруляванні паветранай прасторы ў місію НАТА па супрацьпаветранай абароне. Гэта значна палепшыць магчымасці супрацьпаветранай абароны Літвы», — заявіў ён.

Ён дадаў, што «больш шырокія аператыўныя алгарытмы» дазваляюць забяспечыць большую бяспеку паветранай прасторы.

У апошнія месяцы пачасціліся залёты беспілотнікаў у паветраную прастору краін Балтыі. Неаднаразова ў Літве, Латвіі і Эстоніі абвяшчалася паветраная трывога. Знішчальнікі НАТА ўжо збівалі дроны ў Эстоніі і Латвіі, але са зменай фармату місіі такія рашэнні могуць прымацца часцей.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!