ЗША папрасілі Літву, Польшчу і Украіну зняць санкцыі з беларускага калію – “Свабода”

ЗША афіцыйна папрасілі Літву, Польшчу і Украіну зняць санкцыі з беларускага калію, каб забяспечыць яго транзіт. Пра гэта паведамляе “Радыё “Свабода” са спасылкай на ліст спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла.

“Цяпер, калі Злучаныя Штаты знялі амерыканскія санкцыі з “Беларуськалія”, амерыканскія кампаніі зацікаўленыя ў набыцці і транспарціроўцы беларускага калію. Для гэтага спатрэбіцца транзіт праз краіны ЕС, якія мяжуюць з Беларуссю, або Украіну, каб пазбегнуць транспарціроўкі праз Расію”, – цытуе “Свабода” ліст.

У ім таксама гаворыцца, што ЗША зацікаўленыя ў вывучэнні патэнцыйных маршрутаў транзіту калію з мэтай змякчэння глабальнага дэфіцыту і чакаюць будучага абмеркавання дадзенай тэмы з Польшчай, Літвой і Украінай.

У лісце прапануецца альбо зняць санкцыі ЕС, альбо каб краіны транзіту адмовіліся ад іх праз адпаведны прававы механізм. Коўл таксама піша, што любая закупка беларускага калію краінамі Захаду пазбаўляе Расію магчымасці прадаваць свой калій і атрымліваць выгаду ад транзітных збораў. Пры гэтым частку альбо ўсе транзітныя зборы еўрапейскія краіны могуць накіраваць у спецыяльны фонд падтрымкі Украіны.

МЗС Украіны пацвердзіла атрыманне гэтага ліста. Знешнепалітычныя ведамствы Польшчы і Украіны пакуль не адказалі на запыт “Свабоды”.

Раней кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс прызнаваў наяўнасць ціску з боку ЗША ў пытанні транзіту, аднак прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа адмаўляў такі факт. Таксама нядаўна Bloomberg пісаў, што ЗША просяць Украіну паўплываць на краіны ЕС у пытанні транзіту беларускага калію.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!