Фото: БелТА
У Мінску адбылася цырымонія адкрыцця пасольства М’янмы ў Беларусі, піша БелТА. Яна прайшла падчас візіту ў Беларусь прэзідэнта М’янмы Мін Аун Хлайна.
У мерапрыемстве прыняў удзел міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў. Паводле яго слоў, адкрыццё дыпламатычнага прадстаўніцтва азначае пераход беларуска-м’янманскіх адносін на новы ўзровень.
“Мы сімвалічна адкрываем новую старонку ў гісторыі нашых дыпламатычных адносін. За невялікі ў гістарычным маштабе прамежак часу нашы дзяржавы дасягнулі многага”, – заявіў ён.
Паводле яго слоў, адкрыццё пасольства стала выкананнем дамоўленасцей, дасягнутых кіраўнікамі дзвюх дзяржаў, і павінна спрыяць развіццю двухбаковага супрацоўніцтва.
“Як кіраўнік Міністэрства замежных спраў запэўніваю вас у тым, што працы м’янманскай дыпмісіі ў Мінску, накіраванай на ўмацаванне сувязей з Беларуссю, будзе аказаная ўся неабходная падтрымка”, – запэўніў ён.