Юля Цімафеева. Фота: Альгерд Бахарэвіч.
Кніга «Кровазварот» беларускай паэткі Юлі Цімафеевай увайшла ў кароткі спіс адной з галоўных нямецкіх прэмій для сучаснай перакладной літаратуры — «Internationaler Literaturpreis».
Паэтычны зборнік аўтаркі ў перакладзе Ціны Вюншман стаў другой беларускай кнігай, адабранай у шорт-ліст, за гісторыю ўзнагароды.
Тры гады таму ў фіналісты трапіла балотная казка «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец (Святланы Курс) у перакладзе таксама спадарыні Ціны.
Сёлета зборнік Юлі Цімафеевай увайшоў у лік шасці шорт-лістараў з больш як сотні прэтэндэнтаў.
Журы патлумачыла свой выбар, адзначыўшы маштаб працы аўтаркі і перакладчыцы:
«Я тку сваю гісторыю з рыззя, / з абрэзкаў, з кавалкаў, з крывабокіх лапікаў памяці» — напісаны ў эміграцыі паэтычны цыкл Юлі Цімафеевай уяўляе сабой фармальна адкрыты праект памяці. Ён прасочвае гісторыю яе беларускай сям’і, якая ахоплівае цэлае стагоддзе і расцягваецца ад Беларусі да Заходняй Еўропы і Канады.
Цімафеева выкарыстоўвае розныя жанры, уключаючы лісты, фатаграфіі, анкеты і вершы ў прозе, каб асэнсаваць досвед прымусовай працы, дэпартацыі, Чарнобыльскай катастрофы, а таксама этапы ўласнага выгнання і моўнай выкараненасці. Яна сшывае прагалы ў гісторыі «іголкай верша», зноў і зноў працягваючы нітку праз траекторыі лёсаў, пераплятаючы часы і прасторы.
Якой бы «зношанымі, падранымі і пабляклымі» ні былі ўспаміны — у кнізе Blutkreislauf («Кровазварот») беларуская паэтэса падвяргае сумневу індывідуальную і калектыўную памяць ХХ стагоддзя і шматгалосна выступае супраць забыцця, што было чулліва і дакладна перакладзена Цінай Вюншман (Tina Wünschmann)».
Зборнік вершаў «Blutkreislauf» пабачыў свет у берлінскім выдавецтве Edition FotoTAPETA. Сама Юля Цімафеева на сваёй старонцы ў сацсетках пракаментавала гэты поспех:
«Я вельмі ўдзячная і Ціне, і майму выдаўцу Andreas Rostek за веру ў “Blutkreislauf”! Спадзяюся, гэтая адзнака зробіць беларускую літаратуру крыху больш бачнай у нямецкамоўнай літаратурнай прасторы».
Прэмія «Internationaler Literaturpreis» прысуджаецца штогод «Домам культуры свету» і фондам «Elementarteilchen» з 2009 года. Гэтая прэстыжная нямецкая ўзнагарода ўручаецца за выдатны твор сучаснай сусветнай літаратуры і яго першы пераклад на нямецкую мову. Менавіта гэты двайны фокус робіць прэмію унікальнай для літаратурнага ландшафту Германіі. Агульны прызавы фонд складае 35 000 еўра (20 000 для аўтара і 15 000 для перакладчыка).
Цырымонія прэзентацыі кніг-фіналістаў і ўручэння ўзнагароды адбудзецца 3 ліпеня 2026 года ў Haus der Kulturen der Welt. Уваход вольны.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram