Замежніка абавязалі выплаціць больш за 162 тысячы рублёў за забітага ў Беларусі зубра

Суд Петрыкаўскага раёна задаволіў іск пракурора і пастанавіў спагнаць з замежнага грамадзяніна больш за 162 тысячы рублёў (каля 54 тысяч долараў) шкоды за незаконную здабычу зубра.

Як паведамілі ў Генпракуратуры, у снежні 2015 года мужчына ўдзельнічаў у паляўнічым туры ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі». Падчас загоннага палявання ён незаконна здабыў зубра, які не быў указаны ў паляўнічай пуцёўцы.

У дачыненні да паляўнічага распачалі крымінальную справу па артыкуле аб незаконным паляванні, якое пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры. У студзені 2016 года пракурор Петрыкаўскага раёна заявіў іск аб спагнанні на карысць нацыянальнага парку платы ў пяцікратным памеры кошту дазволу на здабычу зубра. Сума патрабаванняў складала 80 тысяч еўра па курсе Нацыянальнага банка.

У 2017 годзе крымінальную справу накіравалі ў Расію для далейшага расследавання. У 2020 годзе крымінальны пераслед спынілі ў сувязі са сканчэннем тэрміну даўнасці. Паколькі шкода кампенсавана не была, у 2021 годзе пракурор звярнуўся ў суд з грамадзянскім іскам. З улікам дэнамінацыі сума патрабаванняў склала больш за 162 тысячы рублёў.

Адказчык быў апавешчаны аб судовым пасяджэнні, аднак на яго не з’явіўся. У пісьмовай заяве ён паведаміў, што не згодны з патрабаваннямі.

Суд задаволіў іск пракурора ў поўным аб’ёме. Акрамя таго, з адказчыка спагналі больш за 8,1 тысячы рублёў дзяржаўнай пошліны ў даход дзяржавы.

Рашэнне суда пакуль не ўступіла ў законную сілу.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!