Наўседа запэўнівае, што ЗША не ціснуць на Літву ў пытанні калійных угнаенняў

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа адмаўляе, што ЗША аказваюць на Вільнюс ціск у пытанні транзіту беларускіх калійных угнаенняў.

«Ніякага ціску няма», – цытуе BNS адказ прэзідэнта на адпаведнае пытанне.

«Так, мы час ад часу абменьваемся інфармацыяй, расказваем нешта нашым амерыканскім сябрам, яны таксама выказваюць сваё меркаванне пра Беларусь. Так, перамовы вядуцца, але ёсць цалкам выразны адказ: у бліжэйшыя, ну, цяпер не 12 месяцаў, а дзевяць месяцаў, у нас фактычна будуць дзейнічаць і працягвацца еўрапейскія санкцыі.

Паколькі гэта еўрапейскія санкцыі, а не нацыянальныя, мы нічога не зможам тут змяніць, нават калі б захацелі. Ці хочам мы нешта змяніць? Што ж, я думаю, у нас дастаткова прыкмет таго, што беларускі рэжым не мяняе сваёй сутнасці, што ён працягвае актыўна дапамагаць Расіі, таму ва ўсіх дыскусіях, калі б такія пытанні ўзніклі пасля гэтых дзевяці месяцаў у Еўропе і калі б сітуацыя не змянілася, я б выступаў за працяг гэтых санкцый», — дадаў ён.

Разам з тым Наўседа лічыць, што Мінск можа прадэманстраваць жаданне нармалізацыі адносін і тое, што ён адыходзіць ад Масквы.

«Хоць такая верагоднасць вельмі малая, я б ні ў якім разе не выключаў яе, і мы заўсёды гатовыя цесна супрацоўнічаць з нашымі амерыканскімі партнёрамі ў вырашэнні гэтых пытанняў», — сказаў ён.

Раней літоўскія СМІ напісалі, што міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс на закрытай сустрэчы з дэпутатамі фракцыі сацыял-дэмакратаў у Сейме прызнаў наяўнасць такога ціску. Паводле слоў Будрыса, ціск аказваецца і на іншыя краіны рэгіёна.

Пазней міністр адмовіўся пацвердзіць словы, сказаныя на сустрэчы, але заявіў журналістам пра «дадатковую актыўнасць» па пытанні транзіту ўгнаенняў з амерыканскага боку.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!