ЗША ўдарылі па Іране ў адказ на атаку суднаў у Армузскім праліве

Цэнтральнае камандаванне ЗША, якое адказвае за аперацыі на Блізкім Усходзе, абвясціла пра серыю ўдараў па Іране. Яны наносяцца ў адказ на атакі супраць камерцыйных суднаў, учыненыя іранскім бокам у панядзелак у Армузскім праліве. Паводле інфармацыі камандавання, былі паражаны больш за 80 цэляў на тэрыторыі Ірана.

«Амерыканскія войскі нанеслі ўдары па іранскіх сістэмах СПА, сетках кіравання і кантролю, берагавых радыёлакацыйных станцыях, супрацькарабельных ракетных комплексах і больш чым 60 малых катарах Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі ў праліве і паблізу яго, каб аслабіць здольнасць Ірана працягваць атакаваць міжнародны гандаль, які ажыццяўляецца праз міжнародны гандлёвы калідор», — гаворыцца ў паведамленні камандавання.

У ім адзначаецца, што нядаўна Іран атакаваў тры танкеры пад сцягамі Маршалавых Астравоў, Саудаўскай Аравіі і Ліберыі.

«Сілы Цэнтральнага камандавання ЗША застаюцца ў баявой гатоўнасці і гатовыя прыцягнуць Іран да адказнасці ў выпадку невыканання або парушэння пагаднення», — дадалі ў камандаванні.

Іранскі бок таксама адказаў на амерыканскія ўдары. Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі заявіў, што былі нанесены ўдары па 85 аб’ектах на амерыканскіх ваенных базах у раёне Персідскага заліва. У прыватнасці, былі атакаваны база 5-га аператыўнага флоту ВМС ЗША ў Бахрэйне і авіябаза Алі Аль-Салем у Кувейце.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!