Озеро Выртсъярв выделено красным пунктиром
Сёння каля поўдня знішчальнік NATO, які патруляваў паветраную прастору краін Балтыі, збіў беспілотнік у небе Эстоніі. Пра гэта паведамляе ERR.
Інцыдэнт адбыўся над возерам Выртс’ярв. Гэта вялікае возера размешчана ў паўднёвай частцы Эстоніі.
Як расказаў міністр абароны Ханна Пеўкур, інфармацыя пра БПЛА паступіла ад латвійскіх вайскоўцаў. Радарныя сістэмы эстонскіх сіл таксама зафіксавалі рух беспілотніка ў кірунку Паўднёвай Эстоніі.
“Мы задзейнічалі неабходныя меры, і знішчальнік місіі NATO па патруляванні паветранай прасторы краін Балтыі збіў гэты беспілотнік.
Цяпер мы ўстанаўліваем усе дакладныя дэталі, але вядома, што беспілотнік быў збіты над возерам Выртс’ярв. Наколькі вядома, цяпер таксама ўстанаўліваецца месца падзення абломкаў, якое можа знаходзіцца на сушы, а не ў самім возеры”, — цытуе міністра ERR.
Інфармацыі пра якую-небудзь шкоду пакуль няма.
Эстонскія вайскоўцы сёння рассылалі апавяшчэнне пра паветраную пагрозу для Паўднёвай Эстоніі. Каля 12:45 трывога была адменена.
ERR таксама адзначае, што сёння паўночна-заходні рэгіён Расіі падвергся паўторным атакам беспілотнікаў, пра што сведчыць закрыццё аэрапортаў у Пскове і пецярбургскім Пулкаве. Губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка паведамляў пра збіццё двух беспілотнікаў.