Прэзідэнт М’янмы прыбудзе ў Беларусь з афіцыйным візітам

Прэзідэнт М’янмы Мін Аун Хлайн прыбудзе ў Беларусь з афіцыйным візітам па запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе Міністэрства інфармацыі М’янмы.

Цяпер Мін Аун Хлайн знаходзіцца з візітам у Расіі.

«Падчас візіту прэзідэнт М’янмы сустрэнецца з прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь, старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і іншымі афіцыйнымі асобамі ўрада Беларусі. Прэзідэнт у цёплай атмасферы абмяркуе пытанні, якія датычацца далейшага ўмацавання існуючай двухбаковай дружбы і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ва ўсіх галінах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, уключаючы эканамічны, сацыяльны сектары і сферу бяспекі», — паведамляе Мінінфарм М’янмы.

Праграма візіту таксама прадугледжвае наведванне бізнес-форуму «Беларусь – М’янма» і цырымоніі адкрыцця пасольства М’янмы ў Мінску.

Мін Аун Хлайн прыйшоў да ўлады ў М’янме ў выніку ваеннага перавароту ў 2021 годзе. З таго часу ён узначальваў часовы ўрад. У 2026 годзе парламент краіны абраў яго прэзідэнтам.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!