Урад Беларусі правядзе конкурс на стварэнне турыстычнага сімвала краіны

Прэзідыум Савета міністраў прыняў рашэнне правесці нацыянальны конкурс «Вобраз Беларусі. Позірк і адкрыццё». Ён пройдзе ў чэрвені-жніўні 2026 года.

“Конкурс накіраваны на вызначэнне найлепшага лагатыпа, слогана і канцэпцыі турыстычнага сімвала Беларусі”, — растлумачылі ва ўрадзе.

Нацыянальнаму агенцтву па турызме даручана забяспечыць правядзенне конкурсу.

“Кожны грамадзянін можа прыняць удзел у конкурсе і паспрабаваць стаць аўтарам турыстычнага сімвала Беларусі. Па выніках прадстаўленых работ будуць вызначаны пераможцы, якія атрымаюць грашовую ўзнагароду”, — дадалі ва ўрадзе.

Там таксама адзначылі, што конкурс з’яўляецца важным крокам у рэалізацыі мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы “Турызм”.

Нагадаем, у 2018 годзе ўжо праводзіўся конкурс на найлепшую канцэпцыю турыстычнага брэнда Беларусі. Паводле яго вынікаў першае месца ў народным галасаванні заняла канцэпцыя «Беларусь так проста любіць» (Belarus easy to love). На лагатыпе два буслы ўтвараюць падабенства сэрца, унутры якога знаходзіцца кветкавы арнамент у колерах дзяржаўнага сцяга. Кампазіцыя прарастае васількамі і іншымі кветкамі. Канцэпцыю прадставіла ТАА «Маклай-групп».

У 2021-2022 гадах праводзіліся работы па стварэнні нацыянальнага брэнда. Тады таксама правялі конкурс на лагатып брэнда.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!