Зяленскі запатрабаваў ад СБУ і разведкі расследавання ўдару па Вішнёвым

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце ў панядзелак заявіў, што СБУ і разведка павінны дэталёва высветліць, што адбылося ў Вішнёвым Кіеўскай вобласці.

«Цяжкая сітуацыя ў Вішнёвым пад Кіевам з-за другаснай дэтанацыі. Сёння з ночы фактычна кожныя паўгадзіны міністр унутраных спраў Ігар Кліменка дакладвае пра выратавальную аперацыю, разбор завалаў, тушэнне пажараў. Я чакаю ад Службы бяспекі Украіны і разведкі дэталёвага высвятлення таго, што адбылося ў Вішнёвым», — сказаў ён.

Учора Расія масіравана атакавала Кіеў, ужыўшы сотні сродкаў паражэння. Ва ўкраінскай сталіцы былі пашкоджаныя і часткова разбураныя больш за дзесяць жылых дамоў. Паводле стану на раніцу аўторка вядома пра 19 загінулых.

Таксама адной з мэт атакі стаў горад Вішнёвае Кіеўскай вобласці. У выніку другаснай дэтанацыі там былі знішчаныя пяць вуліц, рэзка пагоршылася якасць паветра. Паводле інфармацыі ДСНС Украіны, у горадзе загінулі 7 чалавек, пацярпелі 26. Для ліквідацыі наступстваў удару былі прыцягнутыя 700 ратавальнікаў і 161 адзінка тэхнікі.

Усяго ў горадзе было пашкоджана больш за 200 аб’ектаў, з якіх больш за 100 — жылыя дамы, у тым ліку 80 прыватных і больш за 30 шматкватэрных. Разбурэнні таксама закранулі 20 гандлёвых, складскіх, адміністрацыйных і вытворчых будынкаў. Знішчаныя пяць вуліц. З небяспечнай зоны ў Вішнёвым эвакуявалі каля 500 жыхароў.

Расійскія крыніцы сцвярджаюць, што ў Вішнёвым быў паражаны склад боепрыпасаў. Мінабароны РФ учора заяўляла пра нанясенне ўдараў па прадпрыемствах ваеннай прамысловасці, аб’ектах паліўна-энергетычнага комплексу, а таксама інфраструктуры ваенных аэрадромаў Узброеных сіл Украіны ў Кіеве, а таксама Кіеўскай і іншых абласцях.

Фота: ДСНС Украіны
Фота: ДСНС Украіны
Фота: ДСНС Украіны
Фота: ДСНС Украіны
Фота: ДСНС Украіны
Фота: ДСНС Украіны
Фота: ДСНС Украіны
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!