Трамп пасля размоў з Пуціным і Зяленскім лічыць, што набліжаецца заканчэнне вайны

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля нядаўніх размоў з прэзідэнтамі Украіны і Расіі Уладзімірам Зяленскім і Уладзімірам Пуціным лічыць, што набліжаецца заканчэнне расійска-ўкраінскай вайны.

«Ён хоча пакласці гэтаму канец, і Украіна таксама хоча, мы вядзём перамовы і паглядзім, ці зможам мы гэта спыніць», — сказаў ён.

Трамп нагадаў, што ён ужо скончыў восем ці дзевяць войнаў, а ў дадзеным выпадку бакі значна бліжэй да мэты, чым здаецца.

«Але ў гэтым выпадку, я думаю, мы значна бліжэй да мэты, чым людзі думаюць. І прэзідэнт Пуцін хоча, каб гэта скончылася, я вам гэта вельмі выразна скажу. Гэта быў добры званок. І прэзідэнт Зяленскі сапраўды хоча, каб гэта скончылася.

Мы збіраемся звярнуцца ў НАТА, мы будзем гаварыць пра гэта, і я думаю, што мы гэта зробім. Я думаю, што мы пакладзём гэтаму канец», — сказаў ён.

Трэба адзначыць, што ўжо пасля размовы Трампа і Пуціна Расія нанесла масіраваны ўдар па Кіеве, у выніку якога загінулі 19 чалавек.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!