Владимир Зеленский. Фото: president.gov.ua
Уладзімір Зяленскі лічыць, што Украіна павінна праводзіць больш актыўную палітыку па Беларусі. Украінскі МЗС разглядае кандыдатуры для прызначэння спецпрадстаўніком па Беларусі.
«Будуць кадравыя змены ў дыпламатычным корпусе. Таксама МЗС рыхтуе кандыдатуры для прызначэння спецпрадстаўніка па Беларусі і беларускай супольнасці ў Еўропе — неабходна больш актыўная палітыка.
Менавіта актыўнасць нашай дзяржавы, актыўнасць нашых людзей — гэта тое, што прыносіць Украіне найлепшыя вынікі. Калі Украіна не губляе ніводнага дня і ніводнай магчымасці — інтарэсы Украіны сапраўды абаронены», — заявіў Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце.
Сёння Зяленскі сустрэўся з былым міністрам замежных спраў Украіны Паўлам Клімкіным. З ім абмяркоўвалася ўзмацненне дыпламатычнай працы «ў Еўропе і не толькі».
«Украінскія інтарэсы павінны быць прадстаўлены на афіцыйным узроўні, а таксама ў зносінах з супольнасцямі з тых краін, якія цяпер яшчэ не маюць свабоды або знаходзяцца пад расійскім уплывам», — заявіў Зяленскі.
Нагадаем, Святлана Ціханоўская і Уладзімір Зяленскі сустрэліся ў Вільнюсе 25 студзеня. Бакі абмеркавалі пытанні двухбаковых адносін і міжнародны парадак дня. Было прапанавана прызначыць спецыяльнага пасланніка па Беларусі. Зяленскі таксама запрасіў Ціханоўскую наведаць Кіеў. 18 лютага Украіна ўвяла санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі.