Скриншот видео
МУС раскрыла забойства расіяніна, здзейсненае ў Гомельскай вобласці ў 2009 годзе. Падазраваным аказаўся расіянін, які цяпер знаходзіцца пад вартай за забойства чатырох чалавек.
25 сакавіка 2009 года пасажыр цягніка Жлобін – Гомель убачыў пад мостам у Буда-Кашалёўскім раёне мужчыну, які ляжаў на зямлі, і патэлефанаваў у міліцыю. Высветлілася, што мужчына быў мёртвы, а на яго целе былі прыкметы гвалтоўнай смерці, паведамляе Следчы камітэт.
Устаноўлена, што загінулы — раней судзімы 42-гадовы жыхар Бранскай вобласці Расіі. Доўгі час раскрыць забойства не ўдавалася.
Падазраванага ўстанавілі толькі сёлета ў выніку супрацоўніцтва з МУС Расіі. Устаноўлена, што фігурант, грамадзянін Расіі, быў знаёмы з загінулым. Напярэдадні забойства ён дапамагаў ахвяры прадаць дом і атрымаў частку прыбытку ад здзелкі. Падазраваны паабяцаў таварышу ўладкаваць яго на працу ў Беларусі, але па дарозе паміж імі адбыўся канфлікт.
58-гадовы падазраваны быў раней судзімы за крадзяжы, разбой і незаконны абарот наркотыкаў. Цяпер ён знаходзіцца пад вартай ў Расіі па абвінавачанні ў забойстве сям’і з чатырох чалавек у 1997 годзе.