Краіны ЕС пагадзіліся падоўжыць часовую абарону для ўкраінцаў да сакавіка 2028 года

Краіны Еўрасаюза пагадзіліся падоўжыць механізм часовай абароны для грамадзян Украіны да 4 сакавіка 2028 года. Ён быў створаны ў сакавіку 2022 года пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Цяпер ён дзейнічае да сакавіка 2027 года.

Разам з тым у ЕС змяняюцца правілы прадастаўлення часовай абароны.

«Улічваючы зменлівыя абаронныя патрэбы Украіны, надалей часовая абарона будзе прадастаўляцца толькі тым, хто выконвае свае вайсковыя абавязкі перад Украінай. Гэта абмежаванне будзе прымяняцца толькі да новых заяўнікаў на часовую абарону. Яно не будзе распаўсюджвацца на тых, хто ўжо карыстаецца часовай абаронай у ЕС.

На практыцы для атрымання часовай абароны асобы, перамешчаныя з Украіны, павінны будуць даказаць выкананне сваіх вайсковых абавязкаў. Напрыклад, гэта можа быць зроблена шляхам прад’яўлення пашпарта са штампам аб выездзе, пастаўленым украінскімі ўладамі, які пацвярджае законны выезд з Украіны і, адпаведна, выкананне вайсковых абавязкаў.

Гэта таксама можа быць зроблена шляхам прад’яўлення дакумента ў папяровым або электронным фармаце, які пацвярджае вызваленне ад вайсковых абавязкаў або іх выкананне», — гаворыцца ў заяве прэс-службы Еўрасавета.

Паводле ацэнкі савета, у краінах ЕС часовай абаронай скарысталіся больш за 4 млн грамадзян Украіны. Механізм дае ім доступ да рынку працы, медыцынскай і сацыяльнай дапамогі, адукацыі для дзяцей.

У найбліжэйшыя тыдні Еўрасавет фармальна зацвердзіць рашэнне, і яно будзе апублікавана ў Афіцыйным часопісе ЕС.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!