Зяленскі: Беларусь нельга страціць, а Лукашэнку – дакладна варта

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць, што нельга страціць Беларусь для Еўропы, але Аляксандра Лукашэнку, які ставіць краіну на службу РФ, дакладна варта “страціць”. Так ён яшчэ раз у сваім вячэрнім звароце пракаментаваў рашэнне ўвесці санкцыі супраць Лукашэнкі.

“Сёння ёсць рашэнне нашай дзяржавы пра санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі. Мы адказваем гэтым рашэннем на відавочнае большае ўцягванне Беларусі ў вайну Расіі супраць Украіны”, – сказаў Зяленскі.

Паводле яго слоў, Лукашэнка прывык гандляваць суверэнітэтам Беларусі і здаў многія інтарэсы Беларусі расіянам. Ён нагадаў, што Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

“Але на працягу доўгага часу Лукашэнка ўсё ж такі ўстрымліваўся ад прамых сваіх жорсткіх дзеянняў на карысць Расіі. Але з восені мінулага года Украіна фіксуе на тэрыторыі Беларусі рэтранслятары, якія працуюць на падтрымку ўдарных дронаў. Менавіта дзякуючы гэтым рэтранслятарам Расія здзяйсняла ўдары па нашых паўночных рэгіёнах: ад Кіева і Кіеўскай вобласці да Валынскай вобласці. Гэта былі ўдары па энергетыцы, па нашай чыгунцы.

Таксама, на жаль, Лукашэнка працягвае падыгрываць Пуціну ў яго небяспечнай геапалітычнай гульні з “Арэшнікам”, гэта агульнаеўрапейская пагроза. Таксама Беларусь і далей выкарыстоўваюць як базу паставак кампанентаў, абсталявання, тэхнікі для расійскай арміі.

Па сукупнасці ўсяго гэтага мы таксама змяняем палітыку і будзем адказваць адэкватна пагрозе. У Мінску павінны гэта разумець. Ёсць гэты палітычны сігнал з санкцыямі. Я даручыў уважліва вывучыць таксама ўсе схемы Лукашэнкі і яго паплечнікаў.

Мы будзем супрацьдзейнічаць больш адчувальна. І будзем працаваць з нашымі партнёрамі ў рэгіёне і ва ўсёй Еўропе, таксама з глабальнымі партнёрамі, каб яны цалкам разумелі, з чым маюць справу, калі гаворка ідзе пра рэжым у Беларусі.

Беларусь – краіну, людзей, народ – нельга страціць для Еўропы. Але гэту асобу, якая ставіць Беларусь на службу Расіі, дакладна варта “страціць”, – заявіў прэзідэнт Украіны.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!