Фото: threads.com/@andrusbezdar
Жонка сузаснавальніка Zrobim architects Андрэя Макоўскага пацвердзіла, што ён знаходзіцца ў СІЗА, апублікаваўшы фота з канвертам, на якім пазначаны адрас новага следчага ізалятара.
“Папярэдняя галінка выклікала буру абмеркаванняў, таму трэба растлумачыцца. Усім прывітанне! Я жонка Андрэя, і яго акаўнт вяду я, пакуль ён адсутнічае. У сваіх лістах ён дасылае мне паведамленні для threads, якія хоча з вамі абмеркаваць. Так што далёка не разыходзьцеся :)”, — напісала яна.
Нагадаем, учора ў акаўнце Макоўскага ў Threads з’явіўся запіс наступнага зместу: «Прывітанне з СІЗА! Плаціце падаткі цалкам, хлопцы!».
9 і 10 красавіка ў офіс ZROBIM architects прыходзілі сілавікі. Былі затрыманыя супрацоўнікі, якія знаходзіліся ў студыі. Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал звязаў затрыманні з допісам Макоўскага ў сацыяльных сетках, у якім ён расказваў пра ліст ад дзяржаўных органаў аб неабходнасці наймаць ідэолага ў штат кампаніі. Пазней паведамлялася, што прэтэнзіі сілавікоў да Zrobim architects звязаныя з ухіленнем ад выплаты падаткаў.
«Там не было цалкам канвертнага заробку. У нас была пэўная прэміяльная частка, якая выплачвалася супрацоўнікам дадаткова, і, уласна, падаткі з яе не плаціліся. У гэтым я цалкам раскайваюся і прызнаю сваю віну. Таксама частка сум па дамовах была не цалкам адлюстраваная ў дакументах, з якіх падаткі таксама не плаціліся.
Сам шчыра разумею, што ў пагоні за нейкім заробкам хочацца, напэўна, трымаць узровень даходу, павышаць узровень даходу і гэтак далей. Але ніколі не думаеш пра адваротны бок гэтага пытання. Мы адразу пайшлі на кантакт са следствам. Я прызнаўся адразу і напісаў яўку з павіннай, бо разумеў, што гэта няправільна», — казаў у сюжэце прапагандыстаў Макоўскі.
26 красавіка ў сацыяльных сетках Макоўскага з’явіўся допіс пра рэндары праекта студыі.
ZROBIM architects — беларуская архітэктурная студыя, заснаваная ў 2011 годзе Андрэем Макоўскім і Аляксеем Караблёвым. Кампанія працуе як у Беларусі, так і за мяжой, і рэгулярна атрымлівае міжнародныя ўзнагароды. У мінулым годзе праект школы ў мінскім мікрараёне Новая Баравая стаў пераможцам IIDA Global Excellence Award 2025 у катэгорыі «Адукацыя».