Фото: t.me/V_Zelenskiy_official
Украіна вярнула дадому 185 вайскоўцаў і аднаго грамадзянскага з расійскага палону, паведаміў прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі.
Сярод вызваленых — вайскоўцы Узброеных сіл Украіны, Нацыянальнай гвардыі і Дзяржаўнай памежнай службы. Гэта радавыя, сяржанты і афіцэры, якія абаранялі Марыупаль і “Азоўсталь”, а таксама ваявалі на Данецкім, Луганскім, Харкаўскім, Херсонскім, Запарожскім, Сумскім, Кіеўскім і Курскім напрамках. Частка з іх знаходзілася ў палоне з 2022 года.
Зяленскі падзякаваў камандзе, якая займаецца абменамі, партнёрам Украіны, а таксама вайскоўцам.
“Праца працягваецца. Вяртанне нашых людзей — нязменны прыярытэт для Украіны. Штодня працуем над тым, каб вызваліць кожнага ўкраінца і кожную ўкраінку з палону”, — заявіў украінскі лідар.
Як паведаміў Каардынацыйны штаб Украіны па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі, 75-ты абмен палоннымі адбыўся пры садзейнічанні ЗША і ААЭ.
Узрост самага маладога вызваленага — 26 гадоў, найстарэйшаму споўнілася 62 гады. Сярод вызваленых ёсць два афіцэры.
У расійскім Мінабароны пацвердзілі абмен палоннымі па формуле “185 на 185”. Вернутыя ў выніку абмену расійскія вайскоўцы знаходзяцца ў Беларусі, з імі працуе амбудсмен Яна Лантратава.