Сузаснавальнік Zrobim architects з’явіўся ў сацсетках пасля затрымання

Сузаснавальнік Zrobim architects Андрэй Макоўскі з’явіўся ў сацсетках пасля затрымання, звярнула ўвагу “Наша Ніва”. 26 красавіка ён апублікаваў пост з рэндарамі праекта студыі.

“Дамы ў нашым праекце «Сэрца Волгі». Баланс традыцыйнай формы і сучаснай архітэктуры”, — напісаў ён.

Папярэдні пост быў апублікаваны 14 красавіка.

Скрыншот старонкі ў Facebook

Нагадаем, 9 і 10 красавіка ў офіс ZROBIM architects прыходзілі сілавікі. Былі затрыманы супрацоўнікі, якія знаходзіліся ў студыі. Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал звязаў затрыманні з пастом Макоўскага у сацсетках, у якім ён распавядаў пра ліст з дзяржаўных органаў аб неабходнасці наняць ідэолага ў штат кампаніі. Пазней паведамлялася, што прэтэнзіі сілавікоў да Zrobim architects звязаны з ухіленнем ад выплаты падаткаў.

«Там не было поўнасцю канвертнай зарплаты. У нас была некаторая прэміяльная частка, якая выплачвалася супрацоўнікам дадаткова, і, уласна, падаткі з яе не плаціліся. У гэтым я цалкам раскайваюся і прызнаю сваю віну. Таксама частка сум дагавораў была не поўнасцю адлюстравана ў дакументах, з якой падаткі таксама не плаціліся.

Сам шчыра разумею, што ў пагоні за нейкім заробкам хочацца, напэўна, трымаць узровень даходу, павышаць узровень даходу і гэтак далей. Але ніколі не думаеш пра адваротны бок гэтага пытання. Мы адразу пайшлі на кантакт са следствам. Я прызнаўся адразу і напісаў яўку з павіннай, бо я разумеў, што гэта няправільна», — казаў у сюжэце прапагандыстаў Макоўскі.

ZROBIM architects — беларуская архітэктурная студыя, заснаваная ў 2011 годзе Андрэем Макоўскім і Аляксеем Караблёвым. Кампанія працуе як у Беларусі, так і за мяжой, і рэгулярна атрымлівае міжнародныя ўзнагароды. У мінулым годзе праект школы ў мінскім мікрараёне Новая Баравая стаў пераможцам IIDA Global Excellence Award 2025 у катэгорыі «Адукацыя».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!