Ігар Цішын. Адкрытая сцэна. Літаграфія. 2025.
Персанальная экспазіцыя беларускага мастака Ігара Цішына пад назвай «Prints from the Last Folder» («Прынты з апошняй тэчкі») адкрылася ў Licht gallery ў Тбілісі.
Выстава не рыхтавалася адмыслова як асобны праект, яе назва выразна пазначае фармат – гэта невялікія друкаваныя графічныя аркушы, згрупаваныя ў серыі «Хімічныя браты і сёстры» і «Ваўкалакі», ці паказаныя паасобку.
Творы з апошняй тэчкі – адбіткі часу і дакладных наўпроставых мастакоўскіх рэфлексій, у якіх выяўляецца абсурдысцкая, пачуццёвая аўтарская эстэтыка. Мастакоўскія вобразы, пабудаваныя паводле сістэмы кантраляванага хаосу, уяўляюць сабой складаныя напластаванні фрагментаў асабістай і калектыўнай візуальнай памяці.
Сам мастак кажа, што выбраў для выставы гэтыя серыі таму, што яны найбольш дакладна адлюстроўваюць тое, што адбываецца ў Беларусі, а значыць і тое, што адбываецца з намі.
Імпульсам для з‘яўлення твора можа стаць што заўгодна: рэч, знайдзенная на сметніку, выпадкова ўбачаная выява, слова ці выраз. А часамі – верш.
Серыя «Ваўкалакі» натхнёная радкамі Паўлюка Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы…», дзе лірычны герой марыць ператварыцца ў ваўкалака, каб пазбегнуць жыццёвай нядолі.
Перакрэслены твар – матрыца серыі, а ў графічных дэталях разгортваецца лёс.
Літаратура і візуальнае – любімы масткоўскі сінтэз, ці дакладней – хімічны сплаў, за якім наступае рэакцыя – з’яўленне твора, які для аўтара заўсёды непрадаказальны.
Паглядзець выставу Ігара Цішына можна да 15 сакавіка ў тбіліскай Licht gallery (19 Galaktion Tabidze St.).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram