За год у Віцебскай вобласці ўзбудзілі амаль 400 «экстрэмісцкіх» спраў — BELPOL

У Віцебскай вобласці ў 2025 годзе было ўзбуджана і раскрыта 393 крымінальныя справы «экстрэмісцкага» характару, колькасць несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў знізілася ў параўнанні з 2024 годам. Справаздача з данымі за год трапіла ў распараджэнне ініцыятывы BELPOL.

Згодна са справаздачай, агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў сапраўды скарацілася на 10,3% — з 8168 да 7328, але пры гэтым вырасла колькасць найбольш цяжкіх і сацыяльна небяспечных злачынстваў.

Колькасць забойстваў у 2025 годзе павялічылася на 6,3% у параўнанні з 2024 годам (з 16 да 17), а колькасць фактаў наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, што пацягнулі смерць, — адразу на 37,5% (з 8 да 11). Вымагальніцтвы выраслі больш чым удвая (+133,3%; з 3 да 7), махлярствы — на 3,4% (са 118 да 122).

У бюджэтнай сферы выяўлена 32 злачынствы (17 у 2024 годзе). З іх 15 спраў аднесены да катэгорыі цяжкіх, а 18 — да карупцыйных. Колькасць фігурантаў вырасла з 12 да 32 чалавек.

Колькасць злачынстваў на горадаўтваральных і сістэмаўтваральных прадпрыемствах павялічылася з 32 да 62. Колькасць карупцыйных спраў вырасла з 14 да 26, а колькасць фігурантаў у іх — з 11 да 53.

У аграпрамысловым комплексе зафіксавана 80 злачынстваў, у той час як у 2024 годзе было толькі 29. Практычна ўсе яны звязаныя з утойваннем падзяжу буйной рагатай жывёлы.

Колькасць злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, фармальна скарацілася на 1,7% (з 358 да 352), аднак колькасць фактаў збыту, наадварот, вырасла (+2,3%; з 172 да 176).

Па лініі супрацьдзеяння гандлю людзьмі зафіксавана зніжэнне агульнай колькасці злачынстваў (-21,8%; з 275 да 215), але вырасла колькасць крымінальных спраў, звязаных з распаўсюдам дзіцячай парнаграфіі (+14,9%). Колькасць выяўленых педафілаў знізілася з 70 да 55, але ўстаноўлена больш пацярпелых дзяцей — 123 у 2025 годзе супраць 107 годам раней.

На 1,7% вырасла колькасць кіберзлачынстваў. Іх зафіксавана 2131.

За мінулы год у Віцебскай вобласці ад знешніх прычын загінула 15 падлеткаў (19 у 2024 годзе), з іх 6 здзейснілі суіцыд.

Колькасць «экстрэмісцкіх» злачынстваў склала 393. Працэнт раскрываемасці па іх — 96,2%.

Значна знізілася колькасць несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў з 204 да 58, але з 204 да 357 вырасла колькасць людзей, якія ў іх удзельнічалі. Да такіх мерапрыемстваў МУС аднесла святкаванне Новага года, які адзначалі каля 300 грамадзян Шры-Ланкі.

У 2025 годзе ў вобласці зафіксаваны рост замежнай злачыннасці на 3,3%. На 128% вырасла колькасць злачынстваў, учыненых замежнікамі, якія прыбылі на навучанне.

За год у вобласці былі затрыманыя 27 груп мігрантаў (152 чалавекі). Зафіксавана гібель 19 мігрантаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!