Яшчэ адзін расійскі рэжысёр стаў мастацкім кіраўніком беларускага тэатра

Новым мастацкім кіраўніком Новага драматычнага тэатра прызначаны Юрый Папоў з Расіі. Змены ў адміністрацыі мінскай ўстановы культуры заўважыла «Зеркало».

Юрый Папоў нарадзіўся ў Сыктыўкары, прафесійную адукацыю атрымаў у Яраслаўскім дзяржаўным тэатральным інстытуце (спецыяльнасць «Акцёр драматычнага тэатра і кіно») і Шчукінскім тэатральным інстытуце ў Маскве (рэжысёрскі факультэт).

Да свайго прызначэння ў Мінск творца працаваў выключна ў расійскім культурным полі.

Пачынаў кар’еру ў Акадэмічным тэатры драмы імя В. Савіна ў Сыктыўкары і маскоўскім цэнтры «Вишнёвый сад». З 2008 года працаваў рэжысёрам-пастаноўшчыкам у расійскіх рэгіянальных тэатрах. Супрацоўнічаў з пляцоўкамі ў Кіраве, Северску, Сергіевым Пасадзе, Савецку, Нагінску, Котласе і іншых гарадах. З 2015 па 2018 год займаў пасаду галоўнага рэжысёра таго ж Акадэмічнага тэатра драмы ў Сыктыўкары. Сярод яго пастановак — пераважна расійская савецкая і класічная драматургія (Вампілаў, Шукшын, Пушкін, Грыбаедаў, Рошчын, Абрамаў).

Як паведамляе «Зеркало», 53-гадовы Папоў адносна нядаўна разам з сям’ёй пераехаў у Беларусь. Пасля пераезду ён пачаў выкладаць у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а таксама паставіў спектакль «Кругі на вадзе» ў прыватным Камерным драматычным тэатры Наталлі Башавай (дадзеную пастаноўку ён раней ужо рэалізоўваў у расійскім горадзе Северску Томскай вобласці).

Пераход Юрыя Папова ў Новы драматычны тэатр наўпрост звязаны з кадравымі зменамі ў кіраўніцтве ўстановы. У лютым 2026 года дырэктарам гэтага тэатра стала згаданая вышэй Наталля Башава. Напрыканцы красавіка яна паставіла ў калектыве свой першы спектакль — «Молодая гвардия» паводле скандальнага савецкага ідэалагічнага твора Аляксандра Фадзеева. Менавіта Башава і запрасіла Папова да супрацы ў якасці мастацкага кіраўніка.

Першым яго спектаклем ў новым статусе на мінскай сцэне стала пастаноўка па творы рускай літаратуры — «Чудики» Васіля Шукшына.

Нагадаем, што Юрый Папоў — далёка не першы прадстаўнік Расіі, які за апошні час узначаліў знакавыя беларускія тэатральныя пляцоўкі. У 2025 годзе мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь у Мінску стаў расіянін Арцём Макараў. У 2026 годзе аналагічную пасаду мастацкага кіраўніка ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы заняў яго суайчыннік Дзмітрый Акімаў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!