Александр Аранович. Фото: spring96.org
На волю выйшаў 43-гадовы Аляксандр Арановіч — кіроўца аўтадома YouTube-канала «Краіна для жыцця» Сяргея Ціханоўскага, піша «Наша Ніва». Паводле інфармацыі выдання, гэта адбылося ў маі. У зняволенні ён правёў амаль 6 гадоў, поўнасцю адбыўшы прызначаны тэрмін.
Аляксандр Арановіч быў затрыманы ў Гродне 29 мая падчас перадвыбарчага пікета па зборы подпісаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай. Тады ж у выніку правакацыі быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі і яшчэ, як мінімум, 15 чалавек. Першапачаткова крымінальная справа была ўзбуджана паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Па заканчэнні дзесяці сутак ужо ў мінскім следчым ізалятары №1 сямі ўдзельнікам мерапрыемства, у тым ліку Аляксандру Арановічу, было прад’яўлена абвінавачанне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса.
У красавіку 2021 года суд Ленінскага раёна Гродна прысудзіў яго да 6 гадоў калоніі за «арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і «падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках». Адзіным «доказам» апошняга абвінавачання стала старая дымавая шашка, нібыта знойдзеная на гарышчы бацькоўскага дома ў Старых Дарогах падчас трэцяга ператрусу. На следстве і ў судзе Арановіч адмовіўся даваць паказанні і віны не прызнаў.
Падчас адбывання пакарання яму дадалі яшчэ паўгода за «непадпарадкаванне».
Ураджэнец Старых Дарог, які да 2015 года займаўся грузаперавозкамі, Арановіч далучыўся да каманды Ціханоўскага вясной 2020 года і сеў за руль аўтадома, на якім блогеры аб’язджалі рэгіёны краіны.