Михаил Драгун (@iceedvard). Скриншот видео
17-гадовага блогера з Гродна Міхаіла Драгуна, затрыманага пасля збору сродкаў на лячэнне 9-гадовага Вані Сцецэнкі, прыгаварылі да 1,5 года пазбаўлення волі. Пра судовае рашэнне, агучанае 16 ліпеня, паведаміла ў сваім Telegram-канале яго партнёрка Яўгенія Тарасенка.
Паводле яе слоў, абарона мае намер абскардзіць прысуд.
«Я не згодная з рашэннем. Артыкула „паклёп“ там няма. Міша выйдзе — калі захоча, раскажа, як было насамрэч. Самі ўсё зразумееце. Па другім артыкуле таксама хапае нюансаў», — напісала яна.
Тарасенка паведаміла, што Драгуну таксама прызначылі выплату судовых выдаткаў і пакрыццё шкоды паводле абвінавачання ў паклёпе.
«Адвакат будзе пісаць скаргу. Пакуль пішацца скарга і пакуль яе разглядаюць, тэрмін лічыцца дзень за 2. Усе дні, што ён да гэтага знаходзіўся ў СІЗА, лічацца 1 дзень за 2. Гэта значыць, максімум 2–3 месяцы — і ён будзе дома. Мяне гэта ўсё, вядома, вельмі моцна засмучае», — адзначыла яна.
Нагадаем, летам 2025 года Драгун арганізаваў у Instagram збор сродкаў. Як сцвярджалася, на рахункі, звязаныя з блогерам, паступіла больш за 2 млн рублёў, аднак сям’і дзіцяці была перададзена толькі невялікая частка сродкаў.
37-гадовую Яўгенію Тарасенку (@jennie.t) і 17-гадовага Міхаіла Драгуна (iceedvard) затрымалі 4 лістапада 2025 года. Пазней крымінальны пераслед у дачыненні да жанчыны спынілі. У МУС заяўлялі, што блогеры прысвоілі большую частку сродкаў, сабраных на лячэнне Вані Сцеценкі. Дзіця пакутуе на міядыстрафію Дзюшэна, а на набыццё прэпарата «Элевідыс» для яго лячэння збіралі 2,9 млн долараў.
Паводле версіі ведамства, з сабраных 1,5 млн рублёў каля 200 тысяч былі перададзены маці хлопчыка, 315 тысяч патрачаны на прызы для падпісчыкаў, а астатнія грошы — на арэнду жылля, забавы, адпачынак і іншыя асабістыя выдаткі. На допыце блогер прызнаў, што перадаў на лячэнне дзіцяці ў некалькі разоў менш, чым траціў на сябе і падарункі падпісчыкам.
На пачатку снежня паведамлялася, што збор сродкаў для Вані Сцецэнкі быў закрыты. Суму, якой не хапала, пералічылі з арыштаваных сродкаў Драгуна і Тарасенкі.
Падчас расследавання быў выяўлены яшчэ адзін эпізод і ўзбуджана дадатковая крымінальная справа паводле артыкула 188 КК (паклёп). Следства заяўляла, што ў сваім Instagram-акаўнце Драгун абвінаваціў 18-гадовую жыхарку Гродна ў крадзяжы 50 тысяч беларусскіх рублёў. Сам ён віны не прызнаў і заявіў следчаму, што сяброўка яго «кінула на грошы».