86 выпадкаў масавай гібелі рыбы зафіксавалі за тры гады ў Беларусі

Генеральная пракуратура Беларусі заявіла пра шматлікія парушэнні ў сферы аховы водных біялагічных рэсурсаў. Праверка выявіла недахопы ў працы мясцовых органаў улады, прабелы ў заканадаўстве і недастатковы кантроль за прадухіленнем масавай гібелі рыбы.

Як паведамілі ў прэс-службе, за апошнія тры гады ў Беларусі зарэгістравалі 86 выпадкаў масавага замору рыбы, у выніку якіх загінула больш за 68 тысяч асобін. Шкода ацэнена ў 3,2 млн рублёў.

Паводле даных пракуратуры, у 41 з 45 правераных раёнаў не праводзіліся прадугледжаныя заканадаўствам прафілактычныя мерапрыемствы па прадухіленні замору рыбы. У 15 раёнах такія абавязкі ўвогуле не былі замацаваныя за адказнымі службамі.

Акрамя таго, амаль у палове выпадкаў прычыны масавай гібелі рыбы так і не былі ўстаноўлены. Пры гэтым у шэрагу вадаёмаў выявілі перавышэнне дапушчальных канцэнтрацый забруджвальных рэчываў, што, як адзначаецца, не выключае тэхнагенны характар здарэння.

Ведамства таксама адзначыла прабелы ў нарматыўным рэгуляванні. У прыватнасці, правіламі прадугледжана ўнясенне вапны ў вадаёмы пры высокіх тэмпературах, аднак само паняцце «высокая тэмпература» заканадаўча не вызначана. Таксама ў якасці абавязковай меры не прадугледжана выдаленне воднай расліннасці, якая можа спрыяць зніжэнню ўтрымання кіслароду ў вадзе.

Паводле даных праверкі, пасля масавай гібелі рыбы ў асобных вадаёмах не пераглядаліся квоты на яе здабычу, паколькі заканадаўства не абавязвае арандатараў і карыстальнікаў вадаёмаў паведамляць пра такія выпадкі ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Паводле вынікаў мерапрыемстваў Генеральная пракуратура запатрабавала ліквідаваць выяўленыя парушэнні, прыцягнуць вінаватых службовых асоб да адказнасці, разгледзець магчымасць унясення змяненняў у нарматыўныя акты і ўзмацніць кантроль за аховай водных аб’ектаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!