У Вярхоўнай Радзе абмеркавалі праблемы беларускіх добраахвотнікаў і іх сем’яў

У Кіеве адбылася сустрэча прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі з Камітэтам Вярхоўнай Рады Украіны па пытаннях еўрапейскай інтэграцыі і дэпутатамі міжфракцыйнага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь». Пра гэта паведаміла прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі (АПК).

У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі АПК, Офіса Святланы Ціханоўскай, а таксама дзейныя беларускія добраахвотнікі і ветэраны. Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы АПК прэзентавалі Вольга Зазулінская і яе намесніца Анастасія Махамет.

Адной з ключавых тэм абмеркавання стала становішча беларускіх добраахвотнікаў, якія ўдзельнічаюць у абароне Украіны, і членаў іх сем’яў. Добраахвотнікі і ветэраны расказалі пра праблемы, з якімі сутыкаюцца падчас службы, пасля атрымання раненняў, а таксама пры праходжанні працэдур легалізацыі і атрыманні сацыяльнай дапамогі.

Значная частка сустрэчы была прысвечана пытанням міграцыйнага заканадаўства Украіны. Удзельнікі абмеркавалі прававы статус беларускіх грамадзян, доступ да дзяржаўных сэрвісаў, банкаўскіх паслуг, сацыяльных гарантый і магчымасці доўгатэрміновага знаходжання ў краіне.

Асобная ўвага была нададзена сем’ям беларускіх добраахвотнікаў, якія знаходзяцца ў расійскім палоне або лічацца зніклымі без вестак. Удзельнікі сустрэчы адзначылі існуючыя прававыя і сацыяльныя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца сваякі такіх вайскоўцаў, і падкрэслілі неабходнасць стварэння дадатковых механізмаў падтрымкі.

У ходзе дыскусіі таксама адзначалася, што фарміраванне эфектыўнай сістэмы прававой і сацыяльнай абароны беларускіх добраахвотнікаў мае значэнне не толькі з пункту гледжання справядлівасці, але і наўпрост уплывае на магчымасці прыцягнення новых добраахвотнікаў, падтрыманне матывацыі вайскоўцаў і адпавядае інтарэсам нацыянальнай бяспекі Украіны.

Паводле слоў Вольгі Зазулінскай, праблемы беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне даўно выйшлі за межы асобных выпадкаў і патрабуюць комплекснага падыходу. Яна падкрэсліла неабходнасць вырашэння пытанняў легалізацыі, сацыяльнай абароны, доступу да дзяржаўных паслуг і падтрымкі сем’яў вайскоўцаў. На яе думку, людзі, якія прынялі рашэнне абараняць Украіну, павінны быць упэўненыя, што дзяржава здольная гарантаваць ім і іх блізкім базавую прававую і сацыяльную бяспеку.

Зазулінская таксама адзначыла, што прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі працягваюць працу з украінскімі партнёрамі над пошукам сістэмных рашэнняў, каб прававы статус і сацыяльная абарона беларускіх добраахвотнікаў адпавядалі іх укладу ў абарону Украіны.

Анастасія Махамет заявіла, што падчас сустрэчы ўдзельнікі пачулі не толькі пазіцыі экспертаў і прадстаўнікоў дзяржаўных інстытутаў, але і аповеды саміх добраахвотнікаў і ветэранаў. Паводле яе слоў, за кожнай юрыдычнай калізіяй і заканадаўчай нормай стаяць канкрэтныя людзі — вайскоўцы, якія працягваюць службу, сем’і палонных і зніклых без вестак, сваякі загінулых, а таксама ветэраны, што праходзяць рэабілітацыю пасля раненняў.

Па выніках сустрэчы бакі дамовіліся працягнуць сумесную працу над вырашэннем існуючых праблем у рамках далейшага дыялогу паміж украінскім бокам і прадстаўнікамі дэмакратычных сіл Беларусі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!