Фото: Gutenberg Publisher
Выдавецтва Gutenberg Publisher прызнана “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Рашэнне КДБ датавана 16 лютага. Сёння звесткі пра яго дададзены ў пералік, які вядзе МУС.
У сувязі з фарміраваннем згадваюцца імёны Валянціны Андрэевай і Ільі Андрэева. У пералік унесены Facebook, TikTok, Instagram, Threads, Telegram і сайт выдавецтва.
“Еўрапейскае беларускае выдавецтва Gutenberg Publisher мае свой офіс у Кракаве. Тут працуюць беларусы, вымушаныя пакінуць радзіму. Мы падтрымліваем асабістыя кантакты з беларусамі па ўсёй краіне і прыцягваем іх да працы па матэрыяльнай падтрымцы і падтрыманні адзінай інтэлектуальнай прасторы”, — гаворыцца на сайце выдавецтва.
Нагадаем, на выходных стала вядома пра масавыя затрыманні выдаўцоў і распаўсюднікаў кніг. Таксама з’явілася інфармацыя пра тое, што выдавецтва «Тэхналогія» прыпыніла сваю працу.
Беларускія ўлады выкарыстоўваюць абвінавачанні ў экстрэмізме для барацьбы з палітычнымі апанентамі і іншадумствам у цэлым.