Foto: Jakub Żerdzicki / Unsplash.com
Эканамісты MacroBy прадставілі аналіз працы эканомікі Беларусі ў другім квартале і абнавілі прагноз па ВУП на 2026-2027 гады.
У прагнозе адзначаецца, што ў другім квартале ВУП Беларусі вырас на 3% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, а па выніках паўгоддзя рост паказчыка паскорыўся да 1,5%, сямі месяцаў – на 2,1%.
“Рост ВУП паскорыўся дзякуючы ўзмацненню ўнутранага попыту і дзеянню спецыфічных фактараў, перш за ўсё перапрацоўцы давальніцкай нафты і спрыяльным цэнавым умовам гандлю. Прырост унутранага попыту апярэдзіў патэнцыял збалансаванага прыросту выпуску, што прывяло да павелічэння перагрэву эканомікі да 2–2,5% у другім квартале”, – адзначылі аўтары прагнозу.
У другім квартале таксама захаваліся высокія тэмпы росту, а інвестыцыі істотна выраслі, дзякуючы дзяржаўнаму стымуляванню.
“Павелічэнне паступленняў з расійскага бюджэту дзякуючы механізму дэмпфера будзе спрыяць збалансаванасці кансалідаванага бюджэту Беларусі ў 2026 г. У базавым сцэнары чакаецца, што дадатковыя даходы дазволяць павялічыць аб’ём дзяржвыдаткаў і ўзмацніць бюджэтны імпульс у другой палове 2026 г.
У 2027 г. аб’ём бюджэтных выдаткаў захаваецца высокім, але імпульс аслабне пры чаканым скарачэнні паступленняў трансфертаў з Расіі. Пры такім развіцці падзей дэфіцыт кансалідаванага бюджэту не перавысіць 1% ВУП у 2027 г., а дзярждоўг застанецца паблізу 25% ВУП”, – лічаць у MacroBy.
Урад будзе праводзіць стымулюючую палітыку, каб наблізіцца да мэтавага паказчыка росту ВУП сёлета ў 2,8%. Аўтары прагнозу таксама чакаюць, што да канца года Нацбанк з высокай верагоднасцю знізіць стаўку рэфінансавання на 0,25-0,5 п.п.
“Рост ВУП складзецца паблізу 2–2,5% у 2026 г., а яго доларавы аб’ём перавысіць $100 млрд. Бюджэтнае і манетарнае стымуляванне падтрымаюць унутраны попыт, які застанецца драйверам павелічэння выпуску. Прагноз росту эканомікі павышаны на 1 п.п. у параўнанні з майскай ацэнкай з-за больш мяккай унутранай эканамічнай палітыкі і нарошчвання паставак нафтапрадуктаў з давальніцкай сыравіны.
Аднак гэтыя фактары вядуць да павелічэння сукупнага попыту звыш вытворчага патэнцыялу, які лімітуецца недахопам працоўнай сілы, нявызначанасцю бізнес-асяроддзя, санкцыйным ціскам і інстытуцыянальнымі абмежаваннямі. Калі аб’ёмы перапрацоўкі давальніцкай нафты будуць скарачацца па меры аднаўлення ўнутранай вытворчасці паліва ў Расіі, а бюджэтны стымул на гэтым фоне стане слабейшым, то прырост ВУП замарудзіцца да патэнцыйнага тэмпу каля 1,5% у 2027 годзе”, – гаворыцца ў прагнозе.
Дэфіцыт знешняга гандлю сёлета і ў наступным годзе складзе каля 1% ВУП, што не будзе ствараць значнага ціску на курс рубля. Ён будзе рухацца паблізу раўнаважнай траекторыі, што прадугледжвае аслабленне нацыянальнай валюты на 1–3% за 2026 год і 2–4% за 2027 год у адносінах да кошыка валют.
Інфляцыя сёлета складзе каля 5-6%, а ў наступным паскорыцца да 6-7%.
“Рызыкі адхіленняў ад базавага прагнозу застаюцца высокімі і двухбаковымі. Нявызначанасць ацэнкі інфляцыйнага навесу і яго пераносу ў цэны пасля змякчэння кантролю з’яўляецца значнай. Нельга выключаць і большага стымулу для ўнутранага попыту з боку эканамічнай палітыкі ўладаў, што часова павысіць рост ВУП, але цаной яго большай валацільнасці ў будучыні.
Цяжкапрадказальным з’яўляецца дзеянне спецыфічных фактараў, якія абумовілі павышэнне прагнозу росту эканомікі ў 2026 г. Захаванне высокіх аб’ёмаў перапрацоўкі давальніцкай нафты ў 2027 г. прывядзе да некалькі больш высокага росту ВУП і больш моцнага рубля ў параўнанні з базавым прагнозам. Верагоднасць рэцэсіі ў Расіі ў выпадку працяглага і істотнага ўздзеяння на эканоміку дэструктыўных фактараў неэканамічнага характару выступае ключавой негатыўнай рызыкай для эканомікі Беларусі”, – рэзюмуюць аўтары прагнозу.