Лукашэнка адзначыў правал у гандлі з Пакістанам

Тавараабарот Беларусі і Пакістана скараціўся. На гэта ўказаў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам у Бішкеку. Ён прапанаваў абмеркаваць праблемы ў двухбаковых адносінах.

“Дзякуй, што знайшоў час сустрэцца і абмеркаваць некаторыя праблемныя пытанні, якія ў нас узнікаюць у адносінах. Праблемы ёсць і заўсёды будуць, але няма тых праблем, якія мы не змаглі б з вамі пераадолець. Давайце ў гэтым напрамку дзейнічаць”, – прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, з палітычнымі адносінамі ў дзвюх краін усё нармальна. Лукашэнка таксама падкрэсліў добрыя асабістыя адносіны з Шарыфам. Пра эканоміку гэтага не скажаш.

“Мы трошкі з тавараабаротам праваліліся, працэнтаў на 20. Але ў жніўні гэтага года ўсё ж у даручэнскім плане зрухі ёсць. Нашы і вашы спецыялісты атрымалі пэўныя задачы. Я думаю, што будучы год у нас павінен быць больш актыўным”, – сказаў ён.

Лукашэнка таксама выказаў надзею на сустрэчу ў больш шырокім фармаце падчас узаемных візітаў.

“Я думаю, у найбліжэйшай будучыні мы знойдзем час, каб сустрэцца ў вас у Пакістане. Натуральна, калі ў яго і ў вас будзе хоць найменшая магчымасць пабываць у Беларусі – мы вас будзем чакаць”, – сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!