Лукашэнка разглядае вытворчасць комплексных угнаенняў у Тога

Аляксандр Лукашэнка на палях саміту ШАС сустрэўся з кіраўніком урада Тога Форам Эсазімнай Гнасінгбэ. Абмяркоўваўся ў тым ліку праект сумеснай вытворчасці мінеральных угнаенняў.

“Мы пастаўляем вам не толькі харчаванне, але і ўсё неабходнае для вытворчасці харчовых тавараў у вас на радзіме. У прыватнасці, наша сельгасабсталяванне, сельскагаспадарчая тэхніка паступае ў вашу краіну, уносячы свой уклад у вашу харчовую бяспеку. Мы і далей гатовыя ў гэтым плане дзейнічаць і гатовыя ствараць сумесныя прадпрыемствы ў вашай краіне”, – адзначыў Лукашэнка.

Нагадаем, раней сёлета была дасягнутая дамоўленасць аб пастаўцы ў Тога 4,5 тыс. адзінак беларускай сельгастэхнікі.

Ён таксама звярнуў увагу на яшчэ адзін праект, звязаны з вытворчасцю ўгнаенняў.

“Вы прапанавалі цікавы для нас праект – вытворчасць фасфарытаў і будаўніцтва завода па вытворчасці комплексных угнаенняў”, – сказаў ён.

Трэба адзначыць, што раней Аляксандр Лукашэнка ўжо прапаноўваў падобны праект “на траіх” Алжыру і Аману.

Ён прапанаваў тагалезскім партнёрам прыгледзецца не толькі да сельгастэхнікі.

“Прыгледзьцеся да нашай тэхнікі ў больш шырокім маштабе, асабліва да вялікагрузнай тэхнікі, кар’ерных самазвалаў. Наша краіна машынабудаўнічая, і свой досвед мы гатовыя перадаваць вам”, – сказаў ён.

Акрамя таго, гаворка ішла пра супрацоўніцтва ў напрамку высокіх тэхналогій, ахове здароўя, банкаўскай сферы, а таксама пра правядзенне бізнес-форуму.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!