Reform.news

Максім Знак атрымаў прэмію імя Сержыу Віейры ды Мелу, прысвечаную ўзаемаразуменню

Рэдакцыя Reform.news · 22 кастрычніка 2026, 16:25

https://reform.news/be/maksim-znak-atryma-prjemiju-imja-serzhyu-viejry-dy-melu-prysvechanuju-zaemarazumennju/

Беларускі адвакат і былы палітвязень Максім Знак атрымаў у Польшчы прэмію імя Сержыу Віейры ды Мелу, якая прысуджаецца за ўклад у развіццё дыялогу, узаемаразумення і мірнага суіснавання. Цырымонія ўзнагароджання адбылася 22 кастрычніка ў Кракаве, піша Deutsche Welle.

Прымаючы ўзнагароду, Знак падкрэсліў, што прысвячае яе ўсім беларусам, якія выступалі за свае правы ў 2020 годзе і працягваюць гэта рабіць цяпер.

«Я прымаю гэтую ўзнагароду як адзін з беларусаў, якія аднолькава яе вартыя, якія адстойвалі правільную справу ў 2020 годзе і працягваюць адстойваць яе сёння. Тых, хто ў турме. Тых, хто ў выгнанні. Тых, хто дома і вымушаны маўчаць, але не здаўся і ніколі не здасца», — заявіў ён.

У сваёй прамове Знак адзначыў гатоўнасць Віейры ды Мелу да дыялогу і падкрэсліў важнасць перамоў для пошуку рашэнняў, якія дазваляюць ратаваць людзей. Ён нагадаў, што ў Беларусі каля тысячы чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі, яшчэ многія знаходзяцца пад іншымі відамі пакарання, а іншыя вымушаныя маўчаць.

Максім Знак таксама нагадаў пра свайго калегу і сябра Дзмітрыя Лаеўскага, які абараняў яго самога, Алеся Бяляцкага, Віктара Бабарыку і многіх іншых палітвязняў і якога прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі.

Прэмія імя Сержыу Віейры ды Мелу заснавана таварыствам Villa Decius у памяць пра Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, які загінуў у Іраку ў 2003 годзе. Яе ўручаюць людзям і арганізацыям, якія робяць асаблівы ўклад у развіццё дыялогу, узаемаразумення і мірнага суіснавання розных грамадстваў, рэлігій і культур.

У катэгорыі няўрадавых арганізацый прэмію атрымала аргентынская праваабарончая арганізацыя Abuelas de Plaza de Mayo («Бабулі плошчы Мая»). Лаўрэаты атрымліваюць статуэтку і грашовую прэмію.

Сярод папярэдніх уладальнікаў узнагароды беларускі палітык Аляксандр Мілінкевіч, які атрымаў яе ў 2006 годзе, праваабарончы цэнтр «Вясна» (2020) і журналіст Анджэй Пачобут (2023).

Фота: instagram.com/villadecius
Фота: instagram.com/villadecius
Рэклама

Пакінуць адказ