Віктар Лукашэнка таксама сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам ААЭ

Учора, 24 красавіка, старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар у рамках свайго турнэ па краінах Персідскага заліва сустрэўся не толькі з прэзідэнтам ААЭ, але і асобна пагутарыў з віцэ-прэзідэнтам шэйхам Мансурам бін Заід Аль Нахаянам. Відэа сустрэчы было апублікавана ў інстаграм-акаўнце шэйха.

“Яго Высокасць шэйх Мансур бін Заід Аль Нахаян, віцэ-прэзідэнт, намеснік прэм’ер-міністра і старшыня Прэзідэнцкага двара, сёння прыняў Віктара Лукашэнку, спецыяльнага пасланніка прэзідэнта Беларусі, у палацы Каср Аль Шаці ў Абу-Дабі”, — апісвае сустрэчу агенцтва WAM.

У паведамленні Віктар Лукашэнка зноў названы “спецыяльным пасланнікам прэзідэнта Беларусі”.

“Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі супрацоўніцтва паміж Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі і Рэспублікай Беларусь, а таксама шляхі яго развіцця і ўмацавання ў розных сферах на карысць узаемных інтарэсаў і народаў дзвюх дружалюбных краін. Таксама быў разгледжаны шэраг пытанняў, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, у рамках намаганняў па пашырэнні перспектыў двухбаковага супрацоўніцтва паміж бакамі”, — туманна апісала сутнасць перамоваў эмірацкае СМІ.

Увечары 24 красавіка бізнес-джэт (рэгістрацыйны нумар EW-301PJ) з Віктарам на борце вылецеў з Абу-Дабі ў Мінск.

Нагадаем, Віктар Лукашэнка здзейсніў турнэ па краінах Персідскага заліва. У ААЭ ён прыбыў 23 красавіка і на наступны дзень сустрэўся з прэзідэнтам ААЭ шэйхам Махамедам бін Заідам Аль Нахаянам. Ён перадаў шэйху пісьмовае пасланне ад Аляксандра Лукашэнкі.

Днём раней, 22 красавіка, у якасці спецыяльнага пасланніка Аляксандра Лукашэнкі ён таксама перадаў султану Амана пісьмовае пасланне ад свайго бацькі. Ад імя султана Хейсама бен Тарыка аль Саіда Віктара Лукашэнку прыняў сын султана, наследны прынц, намеснік прэм’ер-міністра па эканамічных пытаннях Саід Тэйязін бен Хейсам аль Саід.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!