Збіты ў Латвіі дрон прыляцеў з Беларусі – Мінабароны

Беспілотнік, збіты ў пятніцу над тэрыторыяй Латвіі, прыляцеў з боку Беларусі. Пра гэта заявіў у інтэрв’ю Латвійскаму тэлебачанню міністр абароны Райвіс Мелніс, перадае LSM.

“Дрон заляцеў з тэрыторыі Беларусі, і было прынята рашэнне збіць яго. Як і ў выпадку з папярэднім збітым дронам, любы лятаючы беспілотнік пагражае нашаму грамадству, жыхарам і іх маёмасці.

Мы не можам быць упэўненыя, што гэтыя дроны не ўтрымліваюць боегаловак, выбухоўкі, і дрон, у прынцыпе, падчас палёту адхіляецца рознымі спосабамі электрамагнітнага ўздзеяння, застаецца некіравальным, і такі дрон, як я ўжо згадваў, можа ўяўляць небяспеку для нашых жыхароў. Ён можа ўпасці, урэзацца ў любы будынак у горадзе. Менавіта таму было прынята рашэнне збіць дрон”, – сказаў ён.

Паводле яго слоў, абломкі беспілотніка ўжо выяўленыя ў Балвскім краі. Іх вывучаюць, каб устанавіць паходжанне дрона.

Міністр таксама паабяцаў, што беспілотнікі, якія будуць залятаць на тэрыторыю Латвіі, працягнуць збіваць.

«Рызыка прылёту дронаў захоўваецца. Украіна, абараняючы сябе, працягвае наносіць удары беспілотнікамі па тэрыторыі Расіі, а Расія прымае меры ў адказ», — пракаментаваў Мелніс.

Трэба адзначыць, што на выходных камандуючы беларускіх ВПС і СПА Андрэй Лук’яновіч заявіў, што апошнім часам было адноўлена ўзаемадзеянне з Латвіяй па профільных пытаннях.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!